Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
— Каму цяпер служыць? — пыталіся яны адзін у аднаго і перадавалі аддрукаваныя на шапірографе лістоўкі тым, хто іх яшчэ не паспеў прачытаць.
Камендант аж лопаўся ад злосці.
— Хлусня, бальшавіцкая правакацыя! Зараз жа сабраць і здаць мне паганую брахню! Хто занёс сюды гэтую заразу? Абшукаць вёску і даставіць мне бунтаўшчыкоў.
Салдаты не варушыліся. Адны змрочна маўчалі, другія не хавалі сваёй радасці.
Афіцэры бегалі па дзядзінцы і збіралі пакамечаныя сінія лісткі, выварочвалі салдацкія кішэні, але там ужо нічога не было. Кожны адказваў:
— Падняў на зямлі, прачытаў і кінуў.— І тут жа наіўна пытаўся: — Хто ж цяпер будзе правіць Германіяй?
— Кайзер Вільгельм другі,— агрызаліся афіцэры.
Камендант адчуваў, што трапіў у пастку, што наўкола дзейнічаюць нябачаныя бальшавіцкія сілы, але дзе, хто яны? Няўжо тыя няўлоўныя бандыты, што перапыняюць абозы і раззбройваюць салдат? Мала ім гэтага, дык яшчэ тлумяць галовы салдатам арміі «яго імператарскай вялікасці». Пакуль што ніякіх новых указанняў ад вышэйшага камандавання няма. Значыць, трэба дзейнічаць, як было загадана. Але з вёсак нічога нельга вывезці, значыць, трэба пагрузіць тое, што ёсць у маёнтку. І салдаты пацягнулі з панскіх свірнаў на параконныя фуры і на паходныя двухколкі мяхі жыта і грэчкі, кубельцы з салам, пакацілі з бровара бочкі «шнапсу», з пакояў выцягвалі персідскія дываны і пуховыя падушкі. Рабілі яны гэта весела і спорна.
А Урангелеў упраўляючы, разгублены і перапалоханы Мікалай Мікалаевіч, бегаў па двары ад воза да воза і толькі крычаў: «Was machen Sie?»[12]. Камендант з ім гаварыць не захацеў. Ён загадаў усё гэтае дабро пад самым узмоцненым канвоем раніцою адправіць на станцыю, пагрузіць у вагон і пад аховаю даставіць у Германію. На ноч вакол маёнтка выстаўлялася самая вялікая варта.
А ў гэты час у хаце Архіпа Ляўкова сабраўся ўвесь Рудабельскі рэўком.
— Хопіць агітаваць, таварышы, пара дзейнічаць.— І Салавей расказаў пра ўсё, аб чым даведаўся ў Бабруйску.— Захапіць воласць, не даць немцам вывезці нарабаванае дабро і патрабаваць, каб зараз жа вывелі войска з Рудабельшчыны — такая задача на гэтую ноч і раніцу. Я прапаную такі план: атрад Максіма Ляўкова раззбройвае варту ў валасной управе і займае Карнілаўну, у гэты час атрад Нічыпара Званковіча ідзе на Новую Дуброву, Максім Ус са сваімі хлопцамі зоймуць Лескі. А мы з Анупрэем захопім маёнтак. Паспрабуем дагаварыцца з камендантам. І папярэдзьце хлопцаў, каб абышлося без крыві. У Германіі рэвалюцыя, многія салдаты — левыя сацыял-дэмакраты і камуністы. За што ж іх забіваць? Ды і самім гінуць няма сэнсу. А там, дзе страляюць, куля не пытаецца, хто ты і колькі ў цябе дзяцей.
— Сярод немчыкаў е такія хлопцы, што хоць ты іх у зводныя бяры,— азваўся Максім Ус.— Самі гэтага рудога каменданціка на растанцовым крыжы разапнуць.
— Атрады збіраюцца на Заечым хутары. Узбройваюцца, хто чым можа. Каб відно было, што і мы не з голымі рукамі,— загадаў Пракоп Малаковіч.— А цяпер кожны сваёю сцежкаю — на хутар!
...На той самай паляне сабраліся сотні чатыры мужчын з карабінамі, дубальтоўкамі, драбавікамі, у каго тырчаў наган за папругаю. А дзед Цярэшка пачапіў цераз плячо доўгую стражніцкую шаблю з раменным кутасікам. Каб не цягалася па зямлі і не біла па пятах, прытрымліваў яе рукою. Шапка ў яго з'ехала на адно вуха, рэдзенькая бародка задралася ўгору. Глядзяць на яго маладзейшыя і ўхмыляюцца, а ён пахаджвае ад аднаго да другога, часам высмыкне шаблю і выхваляецца:
— Калі хочаш, пабрыю; на, памацай, як агонь. На трох брусках даводзіў. Запусціў Мінін. Няйначай стражнічыха кормнікам зелле секла.
— Ты цяпер, дзед, як генерал Скобелеў. Глянуць немцы і — куды каторы,— пажартаваў Ус.
— Няма чаго выскаляцца, Максімка. Тут стараешся, каб як лепей, а яму ўсё смешкі з дзеда Цярэшкі. Гэта Ж Н6 абы-якая сашка, гэта, калі хочаш, баявая трахвея. Не ўцэліў тады ў гэтага злыдня сякераю, і ты паленаваўся прабегчыся, каб пераняць рудога сабаку, дык от ускочыў з гарачкі ў яго фацеру і забраў етую мешалку. Трахвей, браце. Бач, і з кутасікам.
Мужчыны дабрадушна смяяліся з гаваркога і заўсёды пацешнага Цярэшкі.
На паляну выйшаў Аляксандр Салавей. На ім быў вайсковы фрэнч, падпяразаны шырокаю папругай, зялёная, яшчэ з мікалаеўскага войска шапка, а на раменьчыку чырвоная стужка, няйначай, Марыльчын каснік.
Гамана адразу сціхла. Усе бліжэй падыходзілі да Салаўя. Абапіраючыся на стрэльбы, курылі і слухалі, што скажа старшыня рэўкома.
— Таварышы партызаны і рэвалюцыйнае сялянства! Нямецкай акупацыі прыйшоў канец. Па дагавору з савецкім урадам немцы павінны ўжо ачысціць тэрыторыю Беларусі. Але камандаванне адцягвае вывад войск. Відаць, мала яшчэ набраліся ў нашых сёлах. Яны цяпер выграбаюць усё ў панскім маёнтку, забіраюць кароў і коней, каб везці ў Германію. Хіба ж гэта панскае дабро?
12
Што вы робіце? (ням.)