Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Снежныя зімы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Снежныя зімы

Электронная книга - «Снежныя зімы». Краткое содержание книги:

Галоўныя падзеі рамана адбываюцца ў наш час. Адказнага работніка, старога камуніста Івана Антанюка, адправілі на пенсію за яго нязгоду з некаторымі «наватарствамі» ў навуцы і валюнтарызмам, які меў месца да кастрычніцкага пленума 1964 года. Але ў аснове галоўнай сюжэтнай лініі не гэты вытворчы канфлікт, а хутчэй за ўсё сямейна-бытавы. У мінулым Антанюк — камандзір партызанскай брыгады, і з тых нялёгкіх ваенных часоў бяруць пачатак яго ўзаемаадносіны з рознымі людзьмі. Няпростыя адносіны ў яго ўласнай сям’і, з роднымі дзяцьмі, яшчэ больш складаныя адносіны з жанчынай, якую палюбіў у час вайны. Але ва ўсіх жыццёвых сітуацыях Іван Антанюк застаецца прынцыповым камуністам, верным таварышам і добрым чалавекам.
1 ... 89 90 91 92 93 94 95 96 97 ... 155
Перейти на страницу:

Але Вольга ні разу не папракнула канкрэтна, як кажуць — з указаннем адрасу, ні разу па-бабску не абразіла саперніцу. Відаць, ведаючы яе драму, па-жаночы спачувала, і можа нават жыла ў яе ўдзячнасць Надзі за яе высакародства, за тое, што ніякіх напамінкаў, ніякіх дамаганняў, усё — у мінулым.

І вось трэба сказаць, што не ўсё ў мінулым. Што ён, па сутнасці, удачарыў дачку той жанчыны. Хіба лёгка сказаць такое? Калі б ведаць, як Вольга паставіцца. Нават душа блізкага чалавека — таямніца.

Антанюк сядзеў у крэсле перад тэлевізарам, але глядзеў не на экран — у акно. Там, за шыбамі, у вячэрнім паўзмроку, ішоў снег. Мяло. Над снежнымі казыркамі, што звісалі з крышы дома насупраць, віхурыліся сінія смерчы, узнімаліся белымі пасмамі. Снежная зіма. Яна хвалюе, як, здаецца, ніводная з ранейшых. Абуджае ўспаміны. Кліча ў лес. Да сардэчнага болю хочацца ў лес. Але ж не кінешся туды, на ноч гледзячы. А сціхне заўтра, праясніцца — і знікне гэтае жаданне. Зноў будзе сядзець, прыкуты да тэлевізара. Добрая забаўка для дзяцей і пенсіянераў!

Думаць перашкаджае ўнук. Малы бясконца лапоча над вухам — просіць тлумачыць, што там адбываецца, на экране. А як ты вытлумачыш трохгадоваму дзіцяці сумны тэлевізійны спектакль? Ды і цяжка адарвацца ад думак і… ад снегу. Хутка сцямнее, уключаць святло, і знікне гэтая дзівосная казка на даху суседскага дома.

«Хлопчык мой, каб я ўмеў, то выдумаў бы казку пра снег і пра лес. Але я не ўмею выдумляць для такіх, як ты. Гэта вельмі нялёгка. Я маю казку пра лес, ды табе не зразумець яшчэ яе. Маю казку не кожны дарослы зразумее».

Як звычайна, увайшла ў пакой Лада, пастаяла хвіліну каля дзвярэй, адразу вызначыла каштоўнасць перадачы; што цікавае затрымлівае яе надаўжэй, а часам зусім адрывае ад формул.

— Дарагія мае мужчыны, навука і чалавецтва былі б глыбока ўдзячныя, каб вы хоць трохі прыглушылі гэтую шарманку.

— З найвялікшым задавальненнем я выключыў бы зусім, але ж тады шуму стане яшчэ больш.

— Не хацу выключаць! — заверашчаў малы.

— Вось бачыш…

— Кара боская на маю галаву — такі пляменнічак. Ён у вас дагледзіцца да псіхічнага расстройства. Ужо не спіць па начах. Калі людзям наканавана ад нечага загінуць, то гэта — ад тэлевізара.

Па яго прыездзе жонка выказала трывогу, што Лада стала дрэнна спаць, блукае начамі па кватэры, зрабілася нязвыкла маўклівая, засмучаная. Вольга Усцінаўна прасіла пагутарыць: «Табе яна больш давярае».

Не адрываючыся ад акна, Іван Васільевіч спыніў дачку:

— Лада!

— Я, тата.

— У цябе непрыемнасць?

— Не.

— Ты нездарова?

— Маміны выдумкі.

— Ты робішся не такой, да якой мы прывыклі.

— Усё цячэ, усё мяняецца, кажуць філосафы.

— Але нічога не адбываецца без прычыны.

— Калі скажу, што я закахалася, гэта вас супакоіць?

— Ад кахання весялеюць.

— Як хто. І гледзячы ад якога. І гледзячы на якім этапе.

— Цікавая тэорыя. У цябе які этап?

— Апошні.

— Што значыць — апошні?

— Не ведаю, што значыць, але ведаю, што апошні.

— Васіль расказаў мне пра тое, што ты таіла. Пра Сашу.

Вельмі хацелася павярнуцца, каб убачыць яе твар, вочы ў гэты момант. Але ў пакоі ўжо прыцемкі, і наўрад ці можна разгледзець, што адбілася на твары, што свеціцца ў вачах — радасць ці смутак. Ён не паварушыўся.

Лада адказала не адразу:

— Я рада, што ў вас наладзіўся такі кантакт… што вы пагаварылі нават пра маё каханне. Але я не даручала брату.

— Васіль не сказаў, што даручала. Прагаварыўся ў гутарцы. Але скажу шчыра: мяне трохі пакрыўдзіла, што ты гэтак таілася.

— Хіба каханне — для выстаўкі?

— Не. Але навошта цямніць неграм, Феліксам?

Лада засмяялася.

— Ахоўная маскіроўка.

— Што і ад чаго трэба ахоўваць? Чаму ўсё-такі апошні этап?

— Не турбуйся. Магу зрабіць яго першым.

— Ты загадваеш загадкі. Адгадваць іх — работа не для маёй старой галавы.

— Гэта не загадка — задача, якую трэба мне рашыць самой. Калі рашу — адразу скажу табе пра вынік. А цяпер у мяне на стале задача на вымярэнне крытычнай энергіі каскадных ліўняў, таму я прыглушаю вашу шумілку.

Лада крутнула рэгулятар гучнасці і пайшла рашаць свае задачы, касмічную і душэўную.

Іван Васільевіч застаўся з унукам, які не адрываўся ад тэлевізара. Сініх смерчаў над карнізам даху ўжо не відно, толькі танец сняжынак на фоне асветленых у суседнім доме вокнаў. Усё складана ў свеце. І ў кожнага свае праблемы. Нават у гэтага малога. Але самыя складаныя з іх тыя, што вынікаюць з адносін паміж людзьмі.

1 ... 89 90 91 92 93 94 95 96 97 ... 155
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)