Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Снежныя зімы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Снежныя зімы

Электронная книга - «Снежныя зімы». Краткое содержание книги:

Галоўныя падзеі рамана адбываюцца ў наш час. Адказнага работніка, старога камуніста Івана Антанюка, адправілі на пенсію за яго нязгоду з некаторымі «наватарствамі» ў навуцы і валюнтарызмам, які меў месца да кастрычніцкага пленума 1964 года. Але ў аснове галоўнай сюжэтнай лініі не гэты вытворчы канфлікт, а хутчэй за ўсё сямейна-бытавы. У мінулым Антанюк — камандзір партызанскай брыгады, і з тых нялёгкіх ваенных часоў бяруць пачатак яго ўзаемаадносіны з рознымі людзьмі. Няпростыя адносіны ў яго ўласнай сям’і, з роднымі дзяцьмі, яшчэ больш складаныя адносіны з жанчынай, якую палюбіў у час вайны. Але ва ўсіх жыццёвых сітуацыях Іван Антанюк застаецца прынцыповым камуністам, верным таварышам і добрым чалавекам.
1 ... 92 93 94 95 96 97 98 99 100 ... 155
Перейти на страницу:

— А ты бядуеш? — ужо з абурэннем спытала цешча.

— Удваіх робім, а паліто зімовае хацеў пашыць, дык і не выйшла. Мая пашыла, тэлевізар купілі…

— А ты хацеў усё адразу? Нецікава будзе жыць далей. Гора вы не бачылі. Задужа многа атрымалі гатовага.

— Вы пасля вайны па ліцерах палучалі. А я ў калгасе бульбіне радаваўся.

— Ты запомніў ліцеры, а як я з трыма дзецьмі жыла ў эвакуацыі — пра гэта ты ведаеш? — у Вольгі Усцінаўны задрыжалі вусны.

Іван Васільевіч разгладжваў газету і разадраў папалам.

«Калі яшчэ што-небудзь скажа пра тысячы і ліцеры — паганю прэч».

Не, схамянуўся, здаецца, дайшло.

— Я ж не кажу, што вы гора не ведалі. Усім хапіла.

— Даволі дыскусіраваць пра гора. Я паўтараю сваю просьбу, Генадзь. Паўтараю вельмі сур’ёзна. Не спяшайся з адказам. Падумай.

— А што мне думаць! Вы можаце дружыць, можаце сварыцца. Вам што? Адзін персанальную мае. Другі хутка будзе акадэмікам і лаўрэатам. А мне трэба жыць. З-за вашых капрызаў я павінен адмаўляцца ад выгаднага месца! Будыка не баіцца, што пра яго скажуць. Я так бачу: напляваць яму на вашу камісію. А вы спалохаліся, каб не падумалі, што вы мяне ўладзілі. Чаго вам баяцца? Пенсіі не здымуць.

— Значыцца, цвёрда вырашыў?

— Цвёрда.

— Ну, што ж, будзь здароў. Дзякую, што прыехаў.

Іван Васільевіч засунуў рукі ў кішэні піжамнай курткі, схіліўся над газетай.

Генадзь падняўся, разгублена, азірнуўся, не ведаючы, як развітацца. Часта выручала добрая цешча. Утаропіўся на яе. Але яна разглядала свае ногці з рэшткамі манікюру, які зрабіла некалі на курорце. Не глянула нават. Гэта ўстрывожыла: цёшчына незадаволенасць можа адбіцца на іх дабрабыце больш прыкметна, чым: тыя трыццаць рублёў, якія атрымае, перайшоўшы ў інстытут. Але чаму ім так не хочацца, каб ён пераходзіў? З-за гонару? Дык і ў яго ёсць гонар! Няхай не думаюць!

— Добрай ночы!

Іван Васільевіч зразумеў зяцевы ваганні і, каб заспакоіць яго, адказаў амаль весела:

— Добрай ночы. Сына не забудзь пацалаваць.

Калі ляпнулі надворныя дзверы, Антанюк цяжка ўздыхнуў. Жонка паспрабавала супакоіць:

— Я пагавару з Маяй.

— Не! — рашуча запярэчыў ён. — Не трэба! Навошта? Гэта паражэнне. Маё. І я павінен перажыць яго адзін раз. Не хачу перажываць з-за аднаго двойчы ці тройчы! Не! Чуеш?

Усё, што рабіла Вольга ў доме, здавалася настолькі натуральным, што работы яе і душэўнай цеплыні, бадай, не прыкмячалі ні сам Іван Васільевіч, ні дзеці,— інакшай жонкі і маці проста не ўяўлялі. Але адну яе рысу Іван Васільевіч заўважаў кожны раз і кожны раз адчуваў удзячнасць — за тое, з якой шчырасцю і народнай прастатой яна прымала гасцей.

Заязджалі былыя партызаны, сакратары райкомаў, старшыні калгасаў, калгаснікі, заглядвалі акадэмікі і міністры; здаралася, што вельмі розныя людзі сыходзіліся разам. Неразумная гаспадыня пачала б дзяліць іх па рангах, аддаваць больш увагі вышэйшаму, радавалася б, што даярка, даведаўшыся, што прыйшоў вядомы пісьменнік, ад збянтэжанасці стараецца хутчэй знікнуць. Вольга ж вельмі хораша ўмела аб’яднаць за сталом розных людзей — не вясёлай дасціпнасцю, не вострымі слоўцамі, а ціхай сардэчнай гасціннасцю і аднолькавай уважлівасцю да кожнага.

Пасля таго як Антанюка папрасілі пайсці на пенсію, гасцей, натуральна, стала менш. Вольга Усцінаўна балюча перажывала гэта. І яшчэ больш радавалася таму, хто не мінаў дома, заязджаў, заходзіў па-ранейшаму. Даражыла дружбай з такімі людзьмі. Таму і баялася, што праз свой упарты характар ён, Іван, можа пасварыцца з Будыкам — з тым сябрам, які, здавалася ёй, заўсёды заставаўся верным, у шчасці і ў няшчасці.

Іван Васільевіч вярнуўся з-за горада — яго запрасілі ў групу, якая тэрмінова, па сігналах рабочых, правярала птушкафабрыку, — стомлены, акалелы, расстроены злоўжываннямі, якія выкрылі. Адчыніў дзверы сваім ключом, убачыў у калідоры на вешалцы кажух, хустку, на падлозе сялянскі кошык і ўзрадаваўся: госці. Госці з сяла!

Не распрануўшыся — адразу ў пакой: хто прыехаў? За сталом п’юць чай расчырванелыя Вольга і старая сялянка, бабуля ў паркалёвай хусцінцы, завязанай «хаткай». Не адразу пазнаў Марыну Казюру. А пазнаў — расцалаваўся і… праслязіўся. Вельмі гэта занепакоіла жонку. Скупы Іван на слёзы, ой скупы. А тут не вытрымаў. Відаць, не толькі ад таго, што Марына — маці сыноў-партызан, якія загінулі. Вольга ведала пра іх трагічную смерць — чула і ад мужа, і ад самой Марыны, яна прыязджала ў хуткім часе пасля вайны — пакрыўдзілі яе ў раёне, лесу на хату не хацелі даваць. Пасля таго яе прыезду Вольга сама напамінала Івану, каб заехаў да Марыны: можа памагчы трэба ў чым-небудзь. Заязджаў, не часта, праўда. Ніякай дапамогі ёй больш не трэба было. І вось ужо колькі год не бачыліся! Можа таму і ўзрушыў так яе прыезд. Вольга таксама не ўтрымалася — тайком выцерла вочы. А Марына — нічога, пэўна, даўно выплакала ўсе слёзы. Паківала засмучана галавой.

1 ... 92 93 94 95 96 97 98 99 100 ... 155
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)