Снежныя зімы
- Автор: Шамякин Иван Петрович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Снежныя зімы». Краткое содержание книги:
Гэта была амаль пагроза. Але — дзіўна — і яна мала кранула Антанюка. Ён толькі падумаў, што правільна зрабіў, не расказаўшы пра Надзю і Віту.
— Калі я раблю з сябе святога, на мяне ўсё роўна ніхто не моліцца. А ты хочаш, каб на цябе маліліся. Ёсць розніца.
Зноў гаспадар павесялеў, і гэты раз, здаецца, шчыра, без ігры: круціў лыжачку, па-блазнюцку ўсміхаўся.
— Ты цяпер толькі адкрыў, што на мяне моляцца? Моляцца даўно. Але хто? І завошта? Хто разумее маю працу, мае станкі… Мае заслугі перад прамысловасцю. Ні палітыка, ні навука не могуць быць без аўтарытэтаў. А ты ўзяў за мэту скінуць з п’едэсталаў усіх святых. Спрабавалі нядаўна. Але тут жа ставілі новых, супраць якіх ты сам выступіў. Прырода не любіць пустаты. Галоўнае — высветліць, за што моляцца і як… па добрай волі ці… па загаду… У навуцы не загадаеш… У нас ісціны канкрэтныя.
Іван Васільевіч глядзеў на сябра і… любаваўся, без іроніі, шчыра, яго самаўпэўненасцю, пераможным наступам: на пазіцыі праціўніка. Яго прагным жаданнем і ў гэтай застольнай спрэчцы апынуцца на белым кані. Але Антанюк, як добры тактык, бачыў усе яго абмашкі і выбіраў момант, каб нанесці рашучы ўдар. Па-партызанску. Больш, бадай, не трэба, зацягваць праціўніка ў балота разважанняў, у якіх ён можа патануць сам. Вялікая спакуса — даць бой у чыстым полі. Каб удар быў элементарна просты.
— Ты вырашыў узвесці сабе «помнік нерукатворны» за аўтаматы, скапіраваныя з чужых… І, між іншым, не самых лепшых, ужо ўстарэлых… За кнігу, дзе формулы тэарэтычных разлікаў спісаны з чужой кнігі…
Будыка ўміг пасінеў. Антанюк не часта бачыў яго такім. Падумаў, што так можна давесці немаладога чалавека да гіпертанічнага ўдару. Але не адступіў. Не мог. Палез у кішэню па запісную кніжку.
— Магу дакладна назваць прозвішча аўтара… назвы тых аўтаматаў і — для прыкладу — некалькі формул з той кнігі і з тваёй… Жадаеш паслухаць?
Не, не жадаў Валянцін Будыка слухаць пра гэта. Цяжка падняўся, як буйвал. Зачапіў столік. Каб Іван Васільевіч не падтрымаў, перакуліў бы. Груба вылаяўся.
— Злавілі блыху! Ні храна вы не разумееце, а лезеце! Законы Ньютана, Ома, Эйнштэйна выкарыстоўваюць усе! Хто калі лічыў гэта плагіятам? І матэматычныя формулы! Што я — украў патэнт? Я ўзяў ідэю. І сэканоміў дзяржаве мільёны рублёў. Мільёны! Хто з вас, правяральшчыкаў, даў іх народу? Вы можаце толькі ўзяць!
— Але не выдавай гэта за вынаходства, вартае вышэйшай узнагароды.
— Ах, вось яно што! Ворагам маім папярок горла стала вылучэнне работы на прэмію. Гэта я ведаў. Але ніколі не думаў, што сярод іх ты. — І раптам голас стаў зусім іншы, са шкадаваннем. — Іван! Хто цябе падкупіў? Куды ты лезеш? Кніжачку завёў, формулы выпісваеш… Рахунак вядзеш. Даўно?
— Што даўно?
— Даўно табе захацелася паставіць крыж на нашай дружбе?
— Мне шкада цябе, Валянцін. Ты ап’янеў ад славы.
— Пашкадуй сябе. Сябе пашкадуй, Іван! У каго ты ператвараешся. У старога зайздросніка і ненавісніка. Ты помсціш блізкім за свае няўдачы. Быў чалавекам, а робішся… — кінуў брыдкае слова.
Антанюк пачуў, як зноў ударыла моцная і гарачая хваля. Узнімалася бура. Ён баяўся такой буры. Не да месца. І не ў час. А таму павольна падняўся і… пайшоў да дзвярэй, не развітаўшыся.
Х
Пра яго партызанскае каханне Вольга, безумоўна, ведала. Тады, адразу пасля вайны, часам без прычыны плакала па начах. А часам уедліва кпіла. Калі аднойчы ў кампаніі пачалася размова на гэтую тэму, яна сказала мужчынам — былым партызанам: «Сто разоў кляніцеся — нікому не паверу, што ён бязгрэшны».
Будыка выскачыў тады:
«Мне, Вольга, можаш верыць. Камандзір пацвердзіць».
Але, можна пацвердзіць. Здаралася, што, выпіўшы, ён цалаваў жанчынам рукі, але нават жанчыны з атрада ні разу не пусцілі плёткі, што начальнік штаба прытуліў хоць адну партызанку. Будыка, пэўна, чакаў такога запэўнення пры сваёй жонцы. Ён, Антанюк, адказаў жартам:
«Валя! Не высоўвайся і не займай пярэдніх месц, яны — для інвалідаў і дзяцей».
За сталом зарагаталі. Валянцін Адамавіч пачырванеў. У Міланы ў вачах бліснула маланка.
Іван Васільевіч здагадваўся, што Вольга ведае больш: імя Надзі і ўсё пра яе. Ад Міланы. Будыка не мог не расказаць жонцы, не мог не пахваліцца, які чысцюлька быў ён сам і як паводзіў сябе камандзір.