Снежныя зімы
- Автор: Шамякин Иван Петрович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Снежныя зімы». Краткое содержание книги:
За два гады ён вывучыў гэтыя вуліцы лепш, чым за дваццаць папярэдніх. Кожную латку на асфальце, трэшчыну на сцяне, кожную вітрыну (іх нямнога тут), кожную ліпу і каштан. І — дзіўна! — нічога не абрыдла. Ён любіў гэты куток. Любіў гуляць тут, павольна, па-пенсіянерску, бо няма куды спяшацца.
Вольгу Усцінаўну проста палохала такая павольнасць чалавека, за якім некалі даводзілася імчаць подбегам, калі выходзілі на прагулку, ішлі ў госці ці ў тэатр. Інакш ён хадзіць не ўмеў.
Жанчына, напэўна, узрадавалася б ці можа яшчэ больш спалохалася б, каб пабачыла, як Іван Васільевіч выйшаў з гаркома, як па скверы ішоў да праспекта, да тралейбуснага супынку.
У гаркомаўскім калідоры, ідучы па мяккай дывановай дарожцы, падумаў:
«Будыка скардзіцца на такую маленькую камісію? Дрэнь твае справы, Валька! Дрэнь. Трэба табе памагчы. Вясёленькая ў нас будзе размова. Але я не адступлю — ты ведаеш мяне».
Не было і кроплі іроніі ці здзеку ў такой думцы, у нечаканым жаданні хутчэй сустрэцца са старым сябрам, пагутарыць з ім. Быў шчыры парыў душы. Ён не стаў нават званіць па тэлефоне, каб даведацца, ці ў інстытуце Валянцін Адамавіч. Не хацеў размагнічвацца, разбураць свой душэўны парыў. Узлаваўся на студэнтаў, якія бесцырымонна адціснулі яго ад увахода ў тралейбус. Прыйшлося адну машыну прапусціць.
Сцягнулася дарога ў тры кіламетры — такім гарэў нецярпеннем, хоць усведамляў, што там, у размове, можа з’явіцца і сарказм і нават здзек і што яны могуць сапсаваць адзін аднаму настрой, як гэта ўжо здаралася не аднойчы.
— Ёсць шэф?
Сакратарка заўсёды сустракала прыветліва, любіла перакінуцца словам, пажартаваць. А тут як бы спалохалася.
— У Валянціна Адамавіча людзі. Але — калі ласка, калі ласка, — і сама адчыніла прыгожа адпаліраваныя дубовыя дзверы, абвясціла, як на дыпламатычным прыёме:
— Іван Васільевіч Антанюк!
— Заходзь. Што ты там зачапіўся за Галіну? — прагудзеў з глыбіні вялізнага кабінета Будыкаў голас.
Валянцін Адамавіч не ўзняўся з-за свайго авальнага «мадэрнага» стала з адмысловымі палічкамі па баках, не ўстаў насустрач госцю. Ён нават не перапыніў працы — чытання папер. Не з-за непавагі. Наадварот, гэтым падкрэсліваў, што зайшоў вельмі блізкі, свой чалавек. З аднаго боку ляжаў грудзьмі на стале, стоячы каленямі ў крэсле, Кляпнёў, выставіўшы на дзверы свой шырачэзны бабскі азадак, зашмальцаваныя штаны на якім напяліся так, што, здавалася, вось-вось лопнуць. Ён таксама не павярнуўся. Такая яго пастава абурыла Івана Васільевіча.
«Во тоўстая свіння».
З другога боку стала сціпла сядзеў галоўбух, высокі, інтэлігентна апрануты, прыгожы сівы стары.
Бывае ж прыгожая старасць! За спіной у Будыкі стаяў яго намеснік па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні, тыркаючы пальцам у паперы.
— Ды разбяруся без цябе. Гудзеш, як чмель, над вухам. Здароў, Іван, — Валянцін Адамавіч каротка зірнуў, працягнуў руку. — Пасядзі, пакуль я распраўлюся з гэтымі кукурузнікамі… зладзеямі… мучыцелямі маімі, — словы гэтыя ён вымаўляў паэтычна і смачна, з жартаўлівай добразычлівасцю.
Бухгалтар і забеспячэнец задаволена ўхмыляліся: вось, маўляў, які ў нас дырэктар, душа-чалавек. Кляпнёў рагатнуў так, што, здалося, забулькала недзе ў яго бяздонных вантробах. Ён нарэшце споўз са стала, жэстам хлопца-смаркача падцягнуў штаны і тады ўжо энергічна кінуў руку да Антанюка.
— Здаравенькі буў, пэрсіянальны.
Будыка нядобра бліснуў вачамі на свайго вернага служку. Не адрываючыся ад папер, спытаў у госця:
— Куды ты ўцёк так нечакана? — І прадэкламаваў: — Иван бежал быстрее лани.
— Быстрей, чем заяц от орла, — працягнуў Кляпнёў, зноў узвальваючыся на стол і сунучы нос у дырэктарскія паперы.
— Дарагі Эдуард Язэпавіч, дырэкцыя і партком былі б вам глыбока ўдзячны, калі б вы папрысутнічалі на лабараторным выпрабаванні БВ-65.
Хоць сказаў гэта Валянцін Адамавіч усё тым жа гарэзліва-жартаўлівым тонам, але Кляпнёў зразумеў, што яго далікатна просяць вымесціся з кабінета, толькі не адразу дапяў — завошта? Чаму так раптоўна змяніўся дырэктар? Кляпнёў не споўз, як раней, а саскочыў са стала, падцягнуў штонікі, якія ніяк не хацелі трымацца на яго слізкім жываце, пачырванеў.
— Цяпер ехаць?
— Ласкач званіў паўгадзіны назад. Я абяцаў сам прыехаць, але бачыш: справы, людзі. Скачы туды на адной назе. Скажы — няхай пачынаюць. Перадай Ласкачу, каб пасля паказаў мне рэжымны графік.