Снежныя зімы
- Автор: Шамякин Иван Петрович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Снежныя зімы». Краткое содержание книги:
Эдзік, па-блазнюцку адсалютаваўшы ўсім адразу, пакаціўся да дзвярэй.
— У цябе надоўга, дзед? — спытаў Будыка ў бухгалтара, падпісваючы паперы забеспячэнцу.
— На пяць мінут.
— Ведаю я твае пяць мінут! Вунь якую папку напакаваў! Да цябе партдзяржкантроль дабраўся ўжо? Не? Дзіўна, што яны не пачалі з пошукаў нашых з табой фінансавых махінацый. Ты ж, дзед, вядомы растратчык. А я — аферыст-рэцыдывіст. Белянкоў вось — наш агент. Пажондная кампанія!
Бухгалтар дакорліва паківаў галавой, з мяккай усмешкай на прыгожым твары, звяртаючыся пры гэтым да Антанюка: маўляў, палюбуйцеся, які жартаўнік наш дырэктар, часам перасольвае, але чаго не даруеш дасціпнаму чалавеку!
— Зайсці пазней, Валянцін Адамавіч?
— Зайдзі пазней, дзед.
Калі Будыка, нарэшце, усіх выставіў з кабінета і яны засталіся ўдвух, Іван Васільевіч перасеў у мяккае крэсла, на месца бухгалтара. Вельмі зручнае крэсла. Увогуле яму падабаўся гэты прасторны, з густам — нічога лішняга! — абстаўлены кабінет. Ён нават зайздросціў трошкі Будыку — тады, калі яшчэ меў свой кабінет, цеснаваты, са старой мэбляй. У такім кабінеце, як Будыкаў, з’яўляюцца маштабныя, аб’ёмныя думкі. І ў той жа час неяк лягчэй адключаешся ад спраў, ад сур’ёзнага роздуму, каб хвілін колькі адпачыць вось у такім мяккім крэсле. Выкурыць добрую цыгарэту, выпіць кубачак кавы. Мілс іншым, Будыка і гэта ўмеў арганізаваць: кабінет яго — бадай, адзінае месца ва ўсім горадзе, дзе госцю хутка і прыгожа могуць падаць сапраўдную каву.
Іван Васільевіч пашкадаваў, што даўно кінуў курыць, — раптам чамусьці захацелася закурыць. І кавы захацелася. Валянцін быццам прачытаў яго думкі. У дзвярах ужо стаяла сакратарка.
— Галіна Арцёмаўна, нам кавы. Па апошнім рэцэпце.
— З каньяком?
— Ах, Галіна Арцёмаўна! Выдаеце вы мяне з галавой. І каму? Партдзяржкантролю!
— Не крыўляйся, Валька, — проста сказаў Іван Васільевіч, калі сакратарка зачыніла за сабой дзверы. — Не такі ўжо ў цябе талент гумарыста!
— А можа ён толькі раскрываецца? Адкуль ты ведаеш?
— Позна.
Будыка выйшаў з-за стала, сеў у крэсла насупраць, тварам у твар, спытаў сур’ёзна, з шчырасцю і заклапочанасцю блізкага чалавека:
— Як там Вася?
Івана Васільевіча кранула яго шчырасць. Вольга праўду казала: што ні здаралася, як там ні было, Валянцін заўсёды заставаўся самым блізкім, самым верным сябрам сям’і, ніколі не адварочваўся.
— Нічога. Нясе службу, як кажуць ваенныя.
— Нешта ж вельмі нечакана ты сарваўся. Вольга назаўтра Мілі пазваніла з трывогай. Не паверыла табе, што нічога не здарылася. Я таксама занепакоіўся. Папрасіў генерала Воднева па іх лініі звязацца з Крымам, з часцю. Пад вечар ён мне пазваніў, што ўсё ў парадку, Васіль Іванавіч Антанюк жывы, здаровы, на ранейшым месцы, нясе службу спраўна і гэтак далей.
— Дарэмна ты турбаваў людзей.
— Я ж ведаю цябе не горш, чым Вольга. Не ў тваім характары такія паездкі.
— Да сына?
— Многа разоў ты раней ездзіў?
— Не папракай. Відаць, старэю. Больш пачаў думаць пра дзяцей. Часам адчуваю, што не ўсё зрабіў, што мог бы зрабіць. Дзеля дзяцей.
— А чаго недарабіў? Хіба толькі з Васілём паспяшаўся…
У парыве сяброўскай шчырасці захацелася расказаць пра наведванне да Надзі, пра Віталію, пра сваё нечаканае прызнанне ёй. Параіцца, як паводзіць сябе далей, напрыклад, на той выпадак, калі Віта прыедзе, а яна напэўна прыедзе… Што сказаць Вользе, Ладзе? З кім яшчэ можна параіцца пра гэта? Галоўнае — тлумачыць нічога не трэба, Валянцін усё ведае да драбніц… І ўсё зразумее…
«А ці зразумее?» — спыніла сумненне, якое ўзнікае не ўпершыню. Здаралася, што і тады, у партызанскай зямлянцы, Будыка не ўсё разумеў. А цяпер, калі апынуўся на вышыні славы, стаў гаспадаром гэтага адменнага кабінета, даўно ўжо слухае і чуе ў першую чаргу самога сябе. А можа гэта ён, Антанюк, апошні час замыкаўся, рабіўся падазроны і недаверлівы? Калі чалавека лічыш сябрам, трэба ісці да яго, як кажуць, з сэрцам на далоні. А ён прыходзіў да Валянціна гэтак?
— …Сын сказаў штось непрыемнае, што ты нахмурыўся?
— Я? Не. Мы хораша пагутарылі. Вася не крыўдуе. І я пераканаўся, што служба яму на карысць. Мора яго зачаравала. Адзінае, што мяне трохі засмуціла: застанецца хлопец на моры.
Будыка засмяяўся.
— Цяпер бачу, што старэеш. Хочацца табе сабраць дзяцей пад сваё крыло? Не выйдзе, Ваня! Не той час! Няхай ляцяць! У мора. У космас. Куды каго цягне.
Сакратарка прынесла каву. Паставіла паднос з кубкамі на круглы столік. Сказала прозвішча чалавека, які чакае ў прыёмнай.