Снежныя зімы
- Автор: Шамякин Иван Петрович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Снежныя зімы». Краткое содержание книги:
— Папрасіце яго зайсці праз гадзіну. І тады ўжо — з ходу да мяне. Хто б тут ні быў. А цяпер — няхай прабачае. Іван Васільевіч — рэдкі госць. Хоць па ўсіх лініях яму належыць наведвацца часцей. Як сябру…
Галіна Арцёмаўна, прывабная жанчына з тых, чый узрост даволі цяжка вызначыць, па-змоўніцку ўсміхнулася: маўляў, усё ведаю, тлумачыць не трэба.
Нядобра неяк кальнула яе ўсмешка Івана Васільевіча. Зразумеў: супраць камісіі настройваецца апарат інстытута, ад самога Будыкі, яго намеснікаў да сакратарак і машыністак. Прыйшоў сюды з жаданнем пагутарыць з Валянцінам сардэчна, шчыра, па-сяброўску. Нават калі той закіпіць — скарыць, утаймаваць яго сваім спакоем. А тут раптам уласнае мора гайданулася, ударыла першай хваляй, і праз хвіліну ад душэўнага штылю нічога не засталося. Ну і нервы! На д’ябла яму трэба такія хваляванні? І праз што?
— Сядзем туды, зручней будзе.
З адмысловай тумбачкі, што стаяла каля круглага століка, Будыка дастаў пачатую пляшку каньяку, чаркі.
Антанюк паспрабаваў «разрадзіць» сябе жартам:
— Ого! З шыкам жывеш! Можна пазайздросціць.
— Шмат каго так і есць, як іржа, гэты перажытак. Ну, будзьма!
— Кажуць, скардзішся?
— На каго? — Будыка адхапіў, як апёкшыся, паднесеную да рота чарку, паставіў назад на стол. — Скарджуся? Не. Проста ветліва хачу паказаць тваім пенсіянерам дзверы.
— Ды што ты! Такі вучоны, такі дзеяч — і спалохаўся народнага кантролю? Штосьці ў цябе няладна, Валянцін. Не ад упэўненасці такая нервознасць…
— Усё ў мяне ладна. Не бойся. Упэўненасці ў рабоце, у сваіх людзях пазычаць не стану. Але не дазволю, каб нехта матляўся пад нагамі, пачынаў мышыную валтузню… абывацельскае збіранне плётак. Вы месяц праз лупу разглядаеце дысертацыю майго сына.
— Дысертацыя твайго сына — адна з лепшых.
Будыка ўсхапіўся з месца, узрадаваны і абураны.
— Ага! Што! Не выйшла? Асечка? Правяральшчыкі! — і тут жа пайшоў на мір: — Сам чытаў?
— Чытаў. Не ўсё, праўда, зразумеў — складаныя разлікі. Але спецыялісты далі высокую ацэнку.
О, вялікая сіла — бацькаў гонар! Заззяў чалавек, але працягваў абурацца:
— А ты думаў — Будыка цягне ў навуку сына па блату? Цягне бяздарнасць?
— Я так не думаў.
— Ты не думаў, другія падумалі. А ты паверыў. Камісію ўзначаліў. Ніхто цябе не прымушаў. Навошта гэта табе, скажы мне? Пенсію табе павысяць, ці што?
Цяжка, з гулам ударыла хваля крыўды і абразы. Зноў пенсія! Ударыла ў сэрца, пагнала кроў у скроні. Але зноў выстаяла дамба спакою, не абвалілася, не прарвалася.
— Хацеў памагчы табе.
— Памагчы мне? — ашаломлена перапытаў Будыка і спыніўся побач, разглядаючы сябра, як дзіва заморскае. Антанюк каўтнуў каньяку, запіў кавай. Гэта, пэўна, яшчэ больш ашаламіла гаспадара. І абурыла. Спытаў прыдушаным шэптам: — Такім чынам? — І тут жа бухнуў рогатам: — Дзякуй табе! Ты выратаваў мяне. Ад чаго толькі?
— Хачу выратаваць. Ад цябе самога.
Валянцін Адамавіч з такой жа раптоўнасцю і нечаканасцю перайшоў да паважнай сур’ёзнасці.
— Прабач, я забыўся. Цяпер у цябе адзіны занятак — памагаць сябрам… Найвышэйшая місія!
Гэта была таксама абраза, танчэйшая, а таму больш злосная. Але — дзіўна — яна амаль не кранула; хваля адхлынула, пакаціўшы з шоргатам гальку старой абразы. Цяпер можна наступаць, не баючыся сарвацца.
— Ты ўзрадаваўся за сына. Я таксама радуюся за Фелікса. Ён ідзе ў навуку. А побач паўзуць смаўжамі, лезуць у кожную шчыліну розныя жукі і… кляпні. І ты патураеш ім. Кляпнёў — будучы кандыдат! Смеху варта!
Будыка сеў. Выплеснуў у шырока разяўлены рот каньяк, выцер хусцінкай рукі — відаць, яны спацелі. Сказаў спакойна, па-свойску:
— Нічога ў вас не выйдзе і тут, Іван. Кожны мае права здаць мінімум і пісаць на любую тэму. У Кляпнёва няпланавая тэма. Зарплату ён атрымоўвае не за напісанне дысертацыі. Абараняцца будзе не ў нас, калі ты ведаеш палажэнне. Я — не навуковы кіраўнік яго. За аднаго з жукоў я нясу пэўную маральную адказнасць. Але ў жукоў ёсць Жук, — Будыка засмяяўся. — Я не без грахоў, Іван. Але ратаваць мяне няма ад чаго. І ад каго. Няма. Дарэмна траціш час, камандзір. Ні. Кава стыне.
— За тваю ўпэўненасць. Але я хачу зразумець. Навошта вучонаму Кляпнёў?
Будыка скрывіўся як ад зубного болю.
— А-а, чорт! Даўся табе гэты Кляпнёў. Ды зразумей, нарэшце. Ён патрэбны не вучонаму, ён патрэбны дырэктару, які адказвае за ўсё. Але я не магу дзень і ноч аддавацца адміністрацыйнай рабоце, я — вучоны, канструктар. Для цябе Кляпнёў — прайдзісвет, для мяне — дзялок, выбівала, даставала, як хочаш называй. І мне патрэбны такі чалавек. Ён працуе за пяцярых. Ён вызваляе мяне ад дробных клопатаў. Ён адзін можа раздабыць і гатунковую сталь, і гэты вось каньяк, які таксама часам патрэбны. Я не крахабор і не ханжа. Мне трэба жыць з людзьмі і працаваць… Ты пачынаеш здзіўляць мяне, Іван. Раней ты ніколі не быў бясплодным маралістам. Ты — чалавек канкрэтнай справы. І грахоў у цябе не менш, чым у мяне. Не рабі цяпер з сябе святога. Ведаем…