БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ
- Автор: Найдзюк Язэп, Касяк Іван
- Год: 1993
- Язык: белорусский
- Год: Навука і тэхніка
- ISBN: 5343014585
- Жанр: История
Электронная книга - «БЕЛАРУСЬ УЧОРА І СЯНЬНЯ». Краткое содержание книги:
Афіцыяльныя польскія перапісы жыхарства, праводжаныя з рознымі фокусамі, усякімі спосабамі стараліся зьменшыць" лік беларусаў, аднак беларускі народ далей трымаўся свайго, не паддаваўся палёнізацыі і супроць варожае польскае палітыкі, супроць свае нацыянальнай сьмерці змагаўся як мог ды шукаў сабе саюзьнікаў і дапамогі ў гэным змаганьні.
Саюзьнікаў гэтых беларусы мелі насамперш сярод тых народаў Польскае дзяржавы, якія былі залічаныя ў «нацыянальныя мяншыні» і мусілі перажываць падобны перасьлед з польскага боку. Такім парадкам саюзьнікамі беларусаў-нацыяналістых былі немцы, украінцы і летувісы. Саюзьнікамі левых беларусаў зьяўляліся бальшавікі. Патрыётаў Польскае дзяржавы польская палітыка з беларусаў не зрабіла. Наадварот, яна рабіла ўсё, каб адстрашыць беларусаў ад палякоў: таму беларусы чакалі на зьмену. Калі-ж у 1939 годзе выбухнула вайна між Польшчай і Нямеччынай, беларускае грамадзянства ўпоўні спачувала Нямеччыне. Беларускія нацыяналістыя верылі, не зважаючы нават на тое, што Заходняя Беларусь адыйшла ў 1939 годзе пад савецкую ўладу, што ваенныя падзеі прынясуць радыкальную зьмену ў Эўропе і што Беларусь пасьля іх пачне новы шчасьлівейшы пэрыяд у сваёй гісторыі.
XXVIII
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.— Праўнае палажэньне.— Нацыянальны беларускі рух, культурная беларуская праца і дачыненьне да яе бальшавікоў.— Ліквідацыя бальшавікамі беларускага нацыянальнага руху і беларускіх дзеячоў.— Калгасы і змаганьне з імі беларускага сялянства.— Русыфікацыйная палітыка.— Далучэньне Заходняе Беларусі да БССР.— Упадак БССР.
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, як пісалася ўжо ў XXVI разьдзеле, была абвешчаная 1 студзеня 1919 году і мела абыймаць мала ня ўсе беларускія землі. Прэзыдыум Усерасейскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту дакумэнтам, падпісаным Сьвярдловым і Енукідзе, зараз-жа прывітаў Савецкую Беларускую Рэспубліку, прызнаў яе, а таксама дакляраваў дапамогу працоўным масам Беларусі дзеля абароны іхнае свабоды і незалежнасьці на выпадак якое-небудзь спробы заваяваньня яе. Пасьля, аднак, межы Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі колькі разоў зьмяняліся, а беларускую тэрыторыю бальшавіцкая Масква рэзала і дароўвала так, як хацела і каму хацела. У 1919 годзе, калі бальшавікі думалі пасоўвацца на захад, яны прызналі, відаць, за нявыгоднае мець такі вялікі, але няпэўны, хоць і савецкі, беларускі твор, і сваю ранейшую пастанову скасавалі, а 27 лютага 1919 году стварылі новую мяшаную Беларуска -Летувіскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку ў меншых межах: Менскае, Гарадзенскае, Віленскае і Ковенскай губэрніяў. Кіраўніцтва гэтае рэспублікі даручанае было ўраду, які стварыў летувіскі камуністы Міцкевіч-Капсукас. У часе бальшавіцка -польскае вайны, у 1920 годзе, калі бальшавікі прагналі з Беларусі і Менску палякоў і ішлі на захад — на Вільню і Варшаву, ды спаткалі супраціў з боку летувісаў, дык 20 ліпеня 1920 году падпісалі з імі ўмову, на аснове якое вялікую частку беларускіх земляў (Ашмяншчына, частка Наваградчыны, Лідчыны, Маладэчаншчыны) і горад Вільню прызналі Летуве. Першага жніўня 1920 году бальшавікі зноў абвесьцілі, што твораць Беларускую Сацыялістычную Савецкую Рэспубліку, але ў межах толькі 6-цёх паветаў Менскае губэрні з 1 200 000 жыхароў. Годзячыся з палякамі ў 1921 годзе, бальшавікі не дапусьцілі на мірную канфэрэнцыю ў Рыгу прадстаўнікоў Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі і бяз згоды беларусаў падзялілі Беларусь. З гэтага відаць, як бальшавікі не даражылі беларускімі землямі і як ня лічыліся з беларускім голасам.
Для схаваньня калёніяльнага характару новай Савецкай дзяржавы, Расейскай Савецкай Фэдэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі, Ленін распачаў замену яе праз Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублікаў. У кастрычніку 1922 году Пленум Цэнтральнага Камітэту Расейскай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў) прыняў пастанову аб стварэньні СССР. Згодна гэтаму, 23 сьнежня 1922 году распачаўся Дзесяты зьезд Саветаў Расейскай СФСР з прысутнымі прадстаўнікамі існуючых у гэтым часе Украінскай ССР, Беларускай ССР і Закаўкаскай СФСР. Гэты зьезд таксама прыняў пастанову аб стварэньні СССР. Заканчэньне сфармаваньня СССР было выкананае на Першым зьезьдзе Саветаў усіх існуючых рэспублік: РСФСР, УССР, БССР і ТСФСР у Маскве, які 30 сьнежня 1922 году прыняў адпаведную дэклярацыю і дамоўленасьць. Першая канстытуцыя СССР была прынятая на Другім зьезьдзе Саветаў СССР 31 студзеня 1924 году.