Снежныя зімы
- Автор: Шамякин Иван Петрович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Снежныя зімы». Краткое содержание книги:
«Не раю. Маем кляп», — адгукнуўся Краўчанка.
«А пагоняцца — у нас не будзе другога выйсця…» — Шугановіч дастаў з кішэні кажуха пісталет.
«…як, забіць старую акушэрку? Бандыты!»
«Асцярожна, дамачка!» — папярэдзіў Краўчанка.
Змоўкла. Толькі ў кар’ерах, калі коні мясілі сумёты, зноў азвалася:
«Папярэджваю. Я ўмею патрашыць толькі баб. Адразаць ногі ці рукі вашым раненым я не ўмею. І не буду! Так што вы дарэмна везяце мяне».
«Вы зоймецеся сваёй справай».
«Рабіць аборты вашым шлюхам?»
Краўчанка не стрываў:
«Ты ў мяне дакаркаешся, старая варона! Каб ты не была так патрэбна, я з табой іначай гаварыў бы!»
Прыйшлося Шугановічу асекчы будзёнаўца. І прабачэння прасіць у доктаркі.
Яна змоўкла — што вады ў рот набрала. Толькі калі прапанавалі перад Пераростам вочы завязаць, моцна абурылася і пакрыўдзілася. Па-мужчынску лаялася.
Доўга, гадзіны дзве, займалася Бумель нашай хворай. Ды і дзіцяткам таксама, як пасля Люба расказвала: агледзела, перавязала па-свойму пупок, вучыла штучна карміць — у якіх прапорцыях змешваць малако і ваду.
Мы ёй у камандзірскай зямлянцы сняданак падрыхтавалі. Царскі — па нашых умовах. Выставілі ўсё лепшае, што мелі. Выйшла яна з зямлянкі — я сустрэў яе. Хмурая, але на твары ранейшай злосці няма.
«А цяпер што будзеце рабіць са мной?»
Я руку да шапкі.
«Камандаванне атрада просіць вас паснедаць з намі».
Здзівілася. Дала згоду, як міласціну:
«Што ж — паснедаем».
У зямлянцы ўбачыла Васю Шугановіча, яго вінаватую ўсмешку — зноў натапырылася бабуля. Адразу папярэдзіла:
«За вашы штучкі — двайны ганарар. Курачак забыўся захапіць, калі коней перапрагаў? Кансервамі аддасі. Дваццаць банак. Жывяце, бачу, не бедна», — кіўнула на стол.
«За ганарар не турбуйцеся», — заспакоіў Вася.
«Я не турбуюся. Ты турбуйся».
«Рукі памыеце?»
Інстынктыўна зірнула на свае кастлявыя кісці, потым — на наш ручнічок, што вісеў на цвічку каля ўмывальніка. Бруднаваты ручнічок, партызанскі. Грэбліва зморшчылася.
«Ох, бандыты! Заразілі бабу, а потым Бумель хапаюць пасярод ночы. Вам здаецца, Бумель — бог святы. А яна такая ж баба, толькі старая. Чыя жонка?»
«Мая», — адказаў я.
«Не хлусі, Антанюк. Твая выехала. Хіба другую завёў?»
Як апякло варам мяне. Няўжо, думаю, Люба ці Рубін па прастаце сваёй выбалбаталі прозвішча маё і ўсё іншае? Шкуру спушчу, калі так. Хоць мяне яна магла ведаць з даваеннага часу. Невысокая пасада — загадчык райза, з гарадскімі медыкамі амаль не сустракаўся, але калі гэтая бабуля спецыяльна цікавілася партактывам… Усё-такі — немка. Пытаюся з іроніяй:
«Немцам і такія дэталі маёй біяграфіі вядомы?»
Зразумела.
«Не ведаю, што вядома немцам. А я ведаю. Пра цябе ў горадзе нямала гавораць. Цэлыя легенды ходзяць. Нямецкае камандаванне ўзнагароду абвясціла за тваю галаву».
«Вялікую?»
«Не помню сумы. Але помню, калі прачытала, то падумала: тыповая нямецкая скупасць. За такую галаву не шкада ў пяць разоў больш. Дарагая галава».
Вася Шугановіч засмяяўся. А Будыка, які праз усю размову пунсавеў, асабліва калі яна зноў нас бандытамі назвала, нешта сярдзіта сказаў па-нямецку. Анна Отаўна пераклала:
«Афіцэр кажа, што за такія жарты ў ваенны час расстрэльваюць. Мне гэта пагражае?»
«Вам пакуль што пагражае вось гэтая чарка спірту, — я наліў ёй паўшклянкі, а нагой пад сталом штурхануў начштаба: будзь чалавекам, а не ваенным бюракратам! — П’яце так ці разводзіце?»
«Разводжу».
Развяла вадой і, не чокнуўшыся, кульнула шклянку да дна.
«А я вып’ю…» — пачаў Вася.
«Толькі не за здароўе парадзіхі!» — перапыніла Бумель.
«Чаму?»
«Ніколі не піце за чалавека, які на мяжы жыцця і смерці! Я забабонная».
Я асцярожна спытаў:
«Ёсць надзея, Анна Отаўна?»
«Спадзявацца можна толькі на бога. Ды на яе самую. Такія ў нас у бальніцы паміралі. У мірны час».
«І нічога нельга зрабіць?»
«Што магла — я зрабіла, — кладучы на талерку скрылі смажанага духмянага сала, задумалася, уздыхнула. — Паспрабую яшчэ што зрабіць. Не для вас, галаварэзы, — але не бандыты ўжо. — Для яе. Няшчасны род! Чаго толькі не выпадае на долю нашай сястры! Я перадам лякарства. У нас такога не было. (Усе трое пасля яе ад’езду ўспомнілі гэтае „ў нас“: значыцца, яна прылічае сябе да нас, да савецкіх людзей, а не да фашыстаў). — Антыбіётык. А немцы маюць. Ваш жыдок умее хоць уколы рабіць?»
«Ён жа ў райбальніцы працаваў».
«Помню. Але было там няўмекаў колькі хочаш. Хіба так трэба вучыць медыкаў, як мы вучылі?»
«Раскусіць» яе было немагчыма. Яшчэ разы са два яна выказвалася супраць нашых даваенных парадкаў: і гэта дрэнна і тое не так.