За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Ен аддаў ёй усё, што было ў яго. Карміліся на яго грошы. Рынак быў далека адсюль, у кішлаку на другі бок даліны.
Адтуль прыносілі бараніну, арэхі, міндаль. I Віспра вечарамі прыходзіла да яго ў новай сукенцы — ізары. Ізары ў яе былі крывавага, рубінавага колеру, i ён, варта было яму ўбачыць яе тонкую постаць, адчуваў нястрымную прагу ўдыхаць яе пах, лашчыць жанчыну, падатлівую i нязменна цвёрдую, як дрэва, з якога робяць чарнаскурыя зінджы свае статуэткі.
...У шалёным забыцці праляцела некалькі тыдняў, i ў доме скончыліся грошы.
У той дзень, калі Віспра сказала яму аб гэтым холадна i ўладна, а ён няўцямна глядзеу на не i балючы сорам ахопліваў яго ўсё мацней, у дзверы пастукаліся. Стары, згорблены мусульманін у паласатай цюбецейцы, з пачарнелымі каранькамі зубоў, з рукамі, што калаціліся нястрымна, як быццам трасучка не давала яму ні хвіліны роздыху, схапіў Алексу за рукаў i прыпаў да яго рукі, цалуючы яе:
— Уратуй майго сына, хабіб! Чорны дух усяліўся ў яго, i кажуць, што ты ўмееш спраўляцца з ім. Хто ні лячыў, не памагае!
— Але я даўно не лячу. Даўно! — разгубіўся Алекса. Сапраўды, за ўсе гэтыя тыдні ён зачыніў свае дзверы ад усіх. Быў толькі з Віспраю, a ўсё, што тварылася навокал, не цікавіла i не хвалявала.
— Ну а зараз можна пачынаць,— уладна сказала жанчына.— У доме няма нават дырхема! — Яна пагардліва тузанула плячом i пайшла ў суседні пакой, звонячы бранзалетамі, а пурпуровы яе ізары пераліваўся, як змяіная скура, i такімі ж чорнымі, жорсткімі (звярынымі — падумаў Алекса) былі яе валасы.
— Адзіны сын! — стары кусаў вусны, глйдзеў з мальбою.
I Алекса паехаў на кані, якога прывёў з сабою чалавек, у няблізкі шлях, у асенні, прапахлы вільготнаю глінаю i прэлым лісцем вечар. Азірнуўся з адчаем на дом — там, у адным з вокнаў, утульна гарэла свяцільня, здавалася, адтуль патыхала мускусам i ружовым маслам, якое шчодра расходавала гаспадыня.
У доме не знайшлося нават ляпёшкі, i ў дарозе стары карміў Алексу прыпасамі, узятымі ў дарогу — каўбасою з конскага мяса, сушанымі дынямі, паіў чаем.
Якімі цяжкімі здаваліся Алексу фарсангі, што аддалялі яго ад Віспры! Уначы, калі засыналі коні і, захутаўшыся ў аўчыну, спаў стары Юсуф, Алекса доўга варочаўся на жорсткай кашме, i яму здаваўся агідным пах мокрай поўсці, які ішоў ад кашмы, а напружаны слых, здаецца, адчуваў i шархаценне змяі над кустом, i доўгае воўчае выццё недзе далека за пясчанымі ўзгоркамі, i рыканне тыграў у прыбярэжным трыснягу... Жанчына стаяла перад ягонымі вачыма, ён прымерваў на яе шыі нітку празрыстых караляў з чорнымі i залацістымі іголкамі ўнутры — такія нітачкі называюць валаскамі з барады Прарока, i кажуць, што камяні тыя прыносяць шчасце. Толькі адзін такі каменьчык быў у Віспры — некалі пры пахаванні зняла бабка яе той камень з памёршай жонкі бая. Часта даставала Віспра каменьчык, i любавалася ім, i прасіла, каб купіў ёй некалі такія ж каралі, бо насіць яго баялася: адбяруць родзічы бая. А можа, лепей падышлі б жанчыне камяні альмазінадж — яны бываюць i агніста-чырвонымі, i ружовымі, i зялёнымі, як аліўкі, i ад ix святла чорныя, бяздонныя вочы яе заззялі б новым святлом, які зачароўвае яго, Алексу. Але i так цягнецца да яе, як цягнецца жалеза да таямнічага каменя, якім валодаюць старадаўнія халдзеі...
Праз тры дні яны былі ў маленькім кішлаку, што як прыляпіўся да вялікай пустыні. Там, пад Бухарой, ужо ішлі дажджы i апошнія пасмы белага лёну выцягвалі з калючых каробачак жанчыны, а тут яшчэ цёпла i прыветна гайдаліся сярод зеляніны цяжкія плады граната, тандыры пасярод двароў курыліся салодкім i духмяным пахам хлеба, а на патрэсканых дувалах ляжалі i млява даспявалі вінаградныя гронкі.
Сонца амаль схавалася, апошнія промні яго блішчалі на купале мячэці. Дом, у які накіраваліся Алекса i ягоны гаспадар, сустрэў ix плачам i крыкамі.
— Памёр! Памёр Абу-ль-Хасан! — ірвучы на сабе валасы, галасіла схуднелая, выпетраная на трэску, сівая кабета, i з-пад чорнага покрыва на яе твары былі відаць чырвоныя палосы ад кіпцюроў.
«Галоўная плакальшчыца!» — здагадаўся Алекса. Кашчавы чалавек з тонкімі вуснамі i поглядам спадылба варожа адсунуў Алексу, паклаў руку на плячо Юсуфу.
— Алах забраў твайго сына да сябе. Радуйся!
Юсуф пабялеў, рукі яго бяссільна апусціліся, i сляза пакацілася па шчацэ.
— Спазніліся...— прашаптаў ён.— Але што ж... Будзеш, лекар, усё роўна маім госцем...