За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
«Але навошта, навошта мне гэтыя людзі? — крычала ў ім нешта.— Яны няўдзячныя i глухія да неба над іхнімі галовамі, але затое, нібы свінні, думаюць пра карыта, якое ix накорміць i напоіць. A калі ён не ажыве?!»
Нешта зашапацела ў куце, цёмны цень пасунуўся па пакоі. Алекса адступіў на крок.
— Гэта я, сынок,— зашаптаў Юсуф.— Не спіцца мне. Адзіны сын, апошняе семя, апошняя надзея! Але мула... Яго пракляцце — i нам тут не жыць... Што ж мне рабіць, сынок, што?!
— Жывы сабака лепей за мёртвага льва[4],— успомніў Алекса ўсходнюю прымаўку.— Ці не так? Хочаце, каб сын ажыў?
— А ты... ты i праўда мусульманін? Мула казаў, што ты парс?
— Ужо баішся... Ну i што з таго, хто я? Ты ж хочаш, каб сын быў жывы?
Юсуф агледзеўся. Месячнае святло падала на яго серабрыстую бараду, на вочы, у якіх чыталася цяжкая мука... Але вось ён рашуча сказаў:
— Паспрабуй, сынок, у імя Алаха! Я заўсёды быў прававерным мусульманінам, я i зараз буду стаяць каля цябе з сурай, якую напісаў Алах! Калі ты — з магаў або джынаў, ты пачарнееш i рассыплется перад імем Алаха, ці не так?
— Так,— весела згадзіўся Алекса, i, калi гаспадар пайшоў з пакоя, відаць, рыхтуючыся прынесці свяшчэнную суру, ён шэптам запытаўся:
— A бізун ёсць у цябе?
— Што? Бізун? Навошта? — здзівіўся Юсуф.
— Прынясіце. Калі ён не ажыве, гэты бізун заходзіць па маіх плячах,— прашаптаў яму Алекса.
Калі ж цяжкі, вялікі бізун быў прынесены i Юсуф, працягнуўшы суру над галавою сына, стаў над ім, Алекса скамандаваў:
— А цяпер... цяпер дапамажыце зняць яго са стала, i што б вы зараз ні ўбачылі, маўчыце. Зразумела?
Твар Юсуфа стаў змрочным:
— Дык, можа, ты i сапраўды ашукваеш мяне?
— Паслухайце, бацька! Не перашкаджайце. Суру, калі хочаце, пакладзіце сыну ў халат. Няхай сапраўды асцеражэ яго, а мяне ператворыць у попел. Але... зачыніце дзверы — i маўчыце. Маўчыце, бо пагубіце сына!
...У кнізе пра лекараў-бедуінаў было сказана, што пульс пачне прамацвацца пасля дзесяці ўдараў. Але цела не варушылася, i біцця крыві не было чутно. Тады Алекса, сцяўшы зубы i сабраўшы ўсе сілы, яшчэ дзесяць разоў моцна перацяў нерухомае цела бізуном. Пасля — яшчэ[5].
Стары Юсуф сядзеў як каменны. Толькі калі пад дзвярыма заварушыліся i жаночы голас запытаўся, што тут адбываецца, ён адгукнуўся:
— Маўчы, старая!
I — зноў дзесяць удараў выцертым, але моцным скураным бізуном па голым целе.
I — як цуда: нябожчык застагнаў, паварушыўся. Юсуф кінуўся да яго, затармасіў:
— Сын мой! Ачніся, вярніся да нас! Агню! — закрычаў ён яшчэ мацней.
Але людзі, што сабраліся ля дзвярэй, стаялі моўчкі, моўчкі глядзелі на Юсуфа i яго сына, які, хістаючыся, сеў, пасля жалобна заплакаў, як дзіця абмацваючы сябе:
— Я жывы! Жывы, а вы мяне пахавалі!
Алекса пайшоў, знайшоў ля ачага смаляк, запаліў свяцільнік. Людзі расступаліся перад ім, страх панаваў вакол, ахутваў яго i як быццам раздзяляў з тутэйшымі.
— Наш мула — сваяк галоўнага лекара,— ціха сказаў Юсуф, які пасля радаснага ўзбуджэння зноў сеў, павесіўшы галаву.— I ён не даруе табе, сынок, што ты пасарамаціў ягонага сваяка. Таму — збірайся, я дам табе каня i тое, што змагу сабраць з грошай. Сам бачыш — я небагаты. Але сын... Сын адробіць усё, што я патрачу на яго. Ён малады i дужы...
Алекса выехаў з кішлака перад світаннем. Але, відаць, мула даведаўся аб усім, што адбылося, адразу ж. Не ад'ехаў Алекса i трох фарсангаў, як у першай жа прыдарожнай чайхане яго схапілі стражнікі.
А вечарам, ашаломлены, ён ужо сядзеў у зіндане — глыбокай чорнай яме, адкуль ледзьве бачна было сіняе неба. Ныла цела — пасля таго як кадзі прачытаў прыгавор — «за здзекі з нябожчыка i ўмяшальніцтва ў справы алаха», лекара добра-такі ссеклі бізунамі. Алекса ведаў — каб галоўны лекар, якога прывёў мула, падняў нябожчыка, гэта было б аб яўлена цудам. А так — бядняк, не вядомы нікому! З такім можна рабіць усё, што хочаш — выкінуць на дарогу, збіць бізунамі, зняславіць! I нікому, нікому ён тут не патрэбны! Навошта згадзіўся ехаць, нашто пакінуў Віспру! Але душа яго маўчала, пакуль уяўленне малявала яе — зноў i зноў... Балела цела, знямога ўсё мацней апаноўвала яго, млявасць засцілала вочы. Побач стагналі, варушыліся, скрыгаталі i спявалі нешта дзікімі галасамі яго таварышы па зняволенні — відаць, некага з ix пакінуў розум... I гэта страшнае месіва з чалавечых целаў, пах нямытых анучаў, гнойных ран i яшчэ асобна — пах чалавечага няшчасця i бяды — паступова стаў даходзіць да ягонай свядомасці. Ён напружыў зрок, прыгледзеўся — у змроку праступілі людзі. Побач з ім сядзеў, скурчыўшыся, немалады дэхканін з адрачоным, абыякавым да ўсяго тварам. Голыя яго плечы тырчалі з лахманоў, дзівячы нават звыклае вока страшнай худзізнай.
4
Вытрымка з Карана.
5
Пра гэты спосаб ажыўлення пішуць многія ўсходнія аўтары.