Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Замежная фантастыка
Замежная фантастыка - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Замежная фантастыка

Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:

У зборніку публікуюцца творы сучасных пісьменнікаў-фантастаў розных краін у жанры мастацкага апавядання і раман П'ера Буля «Планета малпаў».
1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 150
Перейти на страницу:

— Я не ўпэўненая, што згаджуся на гэта, — з раздражненнем сказала місіс Хоскінс.

— Мы ж ужо абмеркавалі гэтае пытанне, дарагая, — сказаў Хоскінс, — і я думаю, нам няварта ўзнаўляць нашу спрэчку. Спусці Джэры на падлогу.

Місіс Хоскінс паслухалася. Хлопчык прытуліўся да яе спінаю і ўтаропіўся на Цімі, які ў сваю чаргу не спускаў з яго вачэй.

— Цімі, хадзем сюды, — паклікала міс Фэлоўз, — ідзі, не бойся.

Цімі паволі ўвайшоў у пакой. Хоскінс нахіліўся, каб адчапіць пальцы Джэры ад матчынай спадніцы.

— Адыдзі крыху назад, дарагая, дай дзецям пазнаёміцца.

Хлопчыкі апынуліся тварам у твар. Нягледзячы на тое, што Джэры быў маладзейшы, ён быў вышэйшы за Цімі на цэлы дзюйм, і на фоне яго зграбнай фігуркі і прыгожа пасаджанай прапарцыянальнай галавы гратэскнасць аблічча Цімі раптам кінулася ў вочы, амаль як і ў першыя дні. У міс Фэлоўз задрыжалі вусны. Першы загаварыў маленькі неандэрталец.

— Як цябе завуць? — дыскантам працягнуў ён, хутка наблізіўшы да Джэры свой твар, як бы хочучы лепш разгледзець яго.

Сцепануўшыся ад нечаканасці, Джэры замест адказу даў Цімі моцнага кухталя. Цімі адляцеў назад і, не ўтрымаўшыся на нагах, упаў на падлогу. Абодва голасна зараўлі. Місіс Хоскінс схапіла Джэры на рукі, а міс Фэлоўз, пачырванеўшы ад унутранага гневу, падняла Цімі, стараючыся яго супакоіць.

— Яны інстынктыўна неўзлюбілі адзін аднаго, — заявіла місіс Хоскінс.

— Яны інстынктыўна ставяцца адзін да аднаго так, як любыя іншыя дзеці, будзь яны на іх месцы, — стомлена сказаў Хоскінс. — А цяпер апусці Джэры з рук і дай яму прывыкнуць да абставін. Па праўдзе кажучы, нам лепш цяпер выйсці. Міс Фэлоўз можа праз нейкі час прывесці Джэры да мяне ў кабінет, і я паклапачуся, каб яго завезлі дахаты.

Доўгі час дзеці ні на хвіліну не выпускалі адзін аднаго з вачэй. Джэры плакаў і клікаў маці, баючыся адысціся ад міс Фэлоўз, і толькі праз нейкі час дазволіў, нарэшце, суцешыць сябе ледзянцом. Цімі таксама атрымаў ледзянец, і праз гадзіну міс Фэлоўз удалося дабіцца таго, што абодва яны селі гуляць у кубікі, праўда, у розных кутках.

Калі яна павяла ў той дзень Джэры да бацькі, дык да такой ступені была перапоўнена ўдзячнасцю Хоскінсу, што ледзь стрымлівала слёзы.

Міс Фэлоўз шукала слоў, каб выказаць свае пачуцці, але падкрэсленая стрыманасць Хоскінса перашкодзіла ёй гэта зрабіць. Можа, ён і да гэтага часу не дараваў ёй таго, што яна прымусіла адчуць жорсткасць ягоных адносін да Цімі. А можа, ён урэшце прывёў свайго сына, каб даказаць ёй, як добра ён ставіцца да Цімі, і адначасна даць зразумець, што ён зусім не яго бацька. Так. Менавіта гэта ён і меў на ўвазе!

Таму яна абмежавалася некалькімі словамі.

— Дзякуй, вялікае дзякуй, доктар Хоскінс.

Яму нічога не заставалася, як адказаць:

— Няма за што, міс Фэлоўз. Усё ідзе як трэба.

Паступова гэта ўвайшло ў звычай. Два разы на тыдзень Джэры прыводзілі на гадзіну пагуляць з Цімі, потым гэты тэрмін быў расцягнуты да дзвюх гадзін. Дзеці пазнаёміліся, паступова вывучылі прывычкі адзін аднаго і пачалі гуляць разам.

І цяпер, калі першая хваля ўдзячнасці схлынула, міс Фэлоўз заўважыла, што Джэры ёй зусім не падабаецца. Фізічна ён быў намнога мацнейшы за Цімі ды і ўвогуле ва ўсім пераўзыходзіў яго: ён уладарыў над Цімі, адводзячы яму ва ўсім другарадную ролю. З такім становішчам яе мірыла неяк толькі тое, што, нягледзячы ні на што, Цімі ўсё больш нецярпліва чакаў чарговага прыходу свайго таварыша па гульнях.

— Гэта ўсё, што ў яго ёсць у жыцці, — з тугою гаварыла яна сабе.

І аднойчы, назіраючы за імі, яна раптам падумала: «Гэтыя два хлопчыкі — абодва дзеці Хоскінса, адзін ад жонкі, другі — ад Стасіса. У той час як яна сама…»

— О Божа, — сціснуўшы кулакамі скроні, з сорамам падумала яна, — гэта ж я раўную!

* * *

— Міс Фэлоўз, — спытаўся аднойчы Цімі (яна ніколі не дазваляла яму называць яе інакш), — калі я пайду ў школу?

Яна зірнула ў яго карыя вочы, якія молячы глядзелі на яе, чакаючы адказу, і пяшчотна правяла рукою па яго густых валасах. Гэта была сама неахайная частка яго галавы: яна стрыгла яго сама, а хлопчык заўсёды круціўся пад нажніцамі і перашкаджаў ёй. Яна ніколі не прасіла прыслаць парыкмахера, бо гэтая няўмелая яе стрыжка памагала ўдала маскіраваць нізкі пакаты лоб у дзіцяці і яго празмерна выпуклую патыліцу.

1 ... 79 80 81 82 83 84 85 86 87 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)