Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
— Міс Фэлоўз, — збянтэжана сказаў Джэры, няўпэўнена, бачком набліжаючыся да яе і дастаючы з кішэні нейкі абрывак газеты.
— Што там у цябе, Джэры?
— Гэта фотаздымак Цімі.
Міс Фэлоўз уважліва паглядзела на Джэры, а потым хуценька вырвала з яго рук шматок газеты. Усеагульнае ўзрушэнне, выкліканае «Праектам Сярэднявечча», абудзіла ў друку пэўную цікавасць і да Цімі.
Джэры ўважліва сачыў за яе тварам.
— Тут сказана, што Цімі — хлопчык-малпа. Што гэта значыць, міс Фэлоўз?
Яна схапіла яго за руку, з цяжкасцю стрымаўшы жаданне добра страсянуць яго.
— Ніколі не гавары так, Джэры. Ніколі. Ты разумееш гэта? Гэта брыдкае слова, і ты не павінен ужываць яго.
Перапалоханы Джэры адчайна вырываўся з яе рук.
Міс Фэлоўз раз'юшана рвала газету.
— А цяпер ідзі і гуляй з Цімі.
Нарэшце прыйшла дзяўчына. Міс Фэлоўз ніколі не бачыла яе. Ніхто з пастаянных служачых Стасіса, што зрэдку падмянялі яе цяпер, у сувязі з набліжэннем ажыццяўлення праекта, памагчы ёй не мог. Аднак сакратарка Хоскінса абяцала ёй памагчы знайсці якую-небудзь дзяўчынку.
— Вы і ёсць тая дзяўчынка, якую прымацавалі да Першай Секцыі Стасіса? — стараючыся стрымаць дрыжанне ў голасе, спыталася міс Фэлоўз.
— Так, гэта я. Завуць мяне Мэндзі Тэрыс. А вы міс Фэлоўз?
— Правільна.
— Даруйце, што я крыху спазнілася. Усюды такая сумятня.
— Я ведаю. Я хачу, каб вы…
— Вы ж будзеце глядзець, праўда? — перабіла яе Мэндзі. На яе прыгожанькім, тонкім, але нейкім пустым твары адбілася пякучая зайздрасць.
— Гэта не мае значэння. Я хачу, каб вы пазнаёміліся з Цімі і Джэры. Яны будуць гуляць гадзіны са дзве і не наробяць вам ніякага клопату. Ім пакінута малако, у іх многа цацак. Будзе нават лепш, калі вы не будзеце ім перашкаджаць. А цяпер я пакажу вам, дзе што знаходзіцца і…
— Гэты Цімі — хлопчык-мал…?
— Цімі — дзіця, якое жыве ў Стасісе, — рэзка перапыніла яе міс Фэлоўз.
— Я хацела сказаць, што Цімі — гэта той, каму нельга выходзіць з дому. Ці ж не так?
— Так. А цяпер заходзьце, у нас мала часу.
І калі ёй, нарэшце, удалося пайсці, услед ёй пачуўся пранізлівы голас Мэндзі Тэрыс:
— Спадзяюся, вам дастанецца добрае месцейка. Далібог, мне так хочацца, каб дослед удаўся.
Не ўпэўненая ў тым, што, адказваючы Мэндзі, ёй удасца захаваць стрыманасць, міс Фэлоўз, нават не азірнуўшыся, яшчэ больш заспяшалася.
Але з-за таго, што яна затрымалася, ёй не ўдалося заняць добрае месца. Яна з цяжкасцю прабілася толькі да экрана ў Зале сходаў. Калі б ёй пашанцавала апынуцца паблізу ад месца, дзе праводзіцца эксперымент, калі б толькі яна магла падысці да якога-небудзь чуйнага прыбора, калі б яна як-небудзь умудрылася сарваць эксперымент…
Яна знайшла ў сабе сілы авалодаць сабою. Простае ж псаванне прыбора ні да чаго не прывядзе. Яны ўсё роўна наладзяць яго і паставяць эксперымент нанава… А ёй ніколі не дазволяць вярнуцца да Цімі.
Нішто не магло ёй дапамагчы. Нішто, апрача натуральнага і прытым непапраўнага правалу эксперыменту.
І ў тыя імгненні, калі адлічваліся апошнія секунды, ёй заставалася толькі чакаць, напружана сачыць за кожным рухам на вялізным экране, уважліва ўзірацца ў твары занятых у доследзе супрацоўнікаў, калі то адзін, то другі з іх трапляў у поле зроку; яна спадзявалася ўбачыць у іх позірках выраз неспакою і няўпэўненасці, як доказу ўзнікнення нечаканых цяжкасцей у ажыццяўленні эксперыменту, яна ні на секунду не адводзіла вачэй ад экрана…
Але яе надзеі не спраўдзіліся. Была адлічана апошняя секунда, і вельмі спакойна, без лішняга шуму дослед паспяхова быў завершаны!
У нядаўна пабудаваным новым памяшканні Стасіса стаяў барадаты сутулы селянін няпэўнага ўзросту, у падраным, брудным адзенні і драўляных сандалях; ён з тупым жахам азіраўся па баках, свядомасць яго не магла ўспрыняць такой раптоўнай, такой неверагоднай перамены.
І ў той момант, калі ледзь не ўвесь свет звар'яцеў ад захаплення, міс Фэлоўз, скамянеўшы ад гора, стаяла адна нерухома сярод гэтае мітусні. Яе штурхалі, шпурлялі, ледзь не тапталі нагамі, а яна стаяла сярод натоўпу, які віраваў, трыумфаваў, і ўсё больш сціскалася пад цяжарам страчаных надзей.
І калі скрыпучы голас у дынаміку назваў яе імя, гэта дайшло да яе свядомасці толькі пасля трохразовага паўтору.
— Міс Фэлоўз, міс Фэлоўз, вас выклікаюць у Першую Секцыю Стасіса. Міс Фэлоўз, міс Фэлоўз…
— Прапусціце мяне! — задыхаючыся, крыкнула яна, а дынамік, ні на секунду не спыняючыся, усё паўтараў і паўтараў адну і тую ж фразу.