Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
— Скажыце, а… ці не ўплывае на ход гісторыі такое перамяшчэнне аб'ектаў з мінулага ў сёння і наадварот? — спыталася міс Фэлоўз.
Хоскінс паціснуў плячыма.
— Калі падыходзіць да гэтага з тэорыі, то на ваша пытанне можна адказаць станоўча, але ў сапраўднасці, калі выключыць надзвычайныя выпадкі, гэта не мае для развіцця гісторыі ніякага значэння. Мы ўвесь час нешта выводзім са Стасіса — малекулы паветра, бактэрыі, пыл. Каля дзесяці адсоткаў энергіі траціцца на кампенсацыю звязанай з гэтым уцечкі. Але нават перамяшчэнне ў часе адносна вялікіх прадметаў выклікае змены, якія сыходзяць на нішто. Вазьміце хоць бы гэты халкапірыт з пліяцэна. За яго двухтыднёвую адсутнасць якое-небудзь насякомае магло застацца без прытулку і загінуць, што, у сваю чаргу, магло пацягкуць за сабой цэлую серыю перамен. Нашы матэматычныя разлікі паказваюць на тое, што гэта самазатухальныя змены, якія з часам робяцца ўсё менш значнымі, і паступова ўсё зноў прыходзіць да нормы.
— Вы хочаце сказаць, што прырода сама запаўняе страты?
— Да пэўнай ступені. Калі вы перанесяце чалавека з другой эпохі ў наш час ці, наадварот, адправіце яго назад у мінулае, то ў апошнім выпадку шкода будзе больш істотная. Калі вы зробіце гэта са звычайным, простым чалавекам, дык рана ўсё-такі можа загаіцца сама. Мы штодзень атрымліваем мноства лістоў з просьбаю перанесці ў наш час Аўраама Лінкальна, ці Магамета, ці Леніна. Гэта, вядома, здзейсніць немажліва. Нават калі б нам удалося іх выявіць, то ў гэтым выпадку перамяшчэнне ў часе аднаго з тварцоў гісторыі чалавецтва нанесла б такую каласальную шкоду рэчаіснасці, якую немагчыма было б нічым кампенсаваць. Існуюць метады, якія дапамагаюць нам рабіць адпаведныя разлікі, якія, у сваю чаргу, вызначаюць, ці не занадта вялікія будуць змены ў развіцці пры перамяшчэнні таго ці іншага аб'екта ў часе, і мы робім усё, каб нават не наблізіцца да гэтае мяжы.
— Значыць, Цімі… — пачала была міс Фэлоўз.
— Не, у гэтых адносінах з ім усё добра. Наша рэчаіснасць у поўнай бяспецы. Але… — ён кінуў пранізлівы позірк на яе. — Не, нічога. Учора вы сказалі мне, што яму трэба мець зносіны з дзецьмі.
— Так, — міс Фэлоўз радасна ўсміхнулася. — Я не думала, што вы звярнулі ўвагу на маю просьбу.
— Ну чаму ж? У мяне да дзіцяці сама цёплыя пачуцці, і я цаню вашы да яго адносіны. Усё гэта мяне цікавіць, і я зусім не збіраўся замоўчыць гэтае пытанне, не растлумачыўшы вам, як ідуць справы. Цяпер я выканаў гэтую задачу, вы бачылі, чым мы займаемся, вам вядомыя цяпер да пэўнай ступені тыя цяжкасці, якія нам даводзіцца пераадольваць, і вы павінны зразумець, чаму пры ўсім жаданні мы не можам забяспечыць Цімі кампаніяй яго равеснікаў.
— Не можаце? — разгубіўшыся, усклікнула міс Фэлоўз.
— Дык я ж толькі што вам усё растлумачыў. У нас не было ніякай надзеі знайсці другога неандэртальца яго ўзросту, на такую неверагодную ўдачу нават разлічваць няма чаго. А калі б нам і пашанцавала, дык зусім неразумна было б памнажаць рызыку, трымаючы ў Стасісе яшчэ адну чалавечую істоту.
— Але ж вы мяне не так зразумелі, доктар Хоскінс, — адклаўшы ўбок лыжку, рашуча сказала міс Фэлоўз. — Я зусім не хачу, каб вы перанеслі ў наш час яшчэ аднаго неандэртальца. Я ведаю, што гэта немагчыма. Але ж можна прывесці ў Стасіс другое дзіця, каб яно гуляла з Цімі.
— Дзіця чалавека? — Хоскінс быў агаломшаны.
— Другое дзіця, — адрэзала міс Фэлоўз, адчуваючы, як імгненна ўся яе прыхільнасць да доктара Хоскінса змянілася варожасцю. — Цімі — чалавек!
— Мне гэта нават у галаву не прыходзіла.
— Чаму? Чаму вы не падумалі менавіта пра гэта? Што ў гэтым кепскага? Вы вырвалі дзіця з яго эпохі, асудзілі яго на вечнае зняволенне, дык няўжо вы не адчуваеце сябе ў даўгу перад ім? Доктар Хоскінс, калі ёсць у гэтым свеце чалавек, які па ўсіх паказчыках, акрамя біялагічнага, можа лічыцца бацькам гэтаму дзіцяці, дык гэта вы. Чаму ж вы не хочаце зрабіць яму такую драбніцу?
— Я — яго бацька? — спытаўся Хоскінс, неяк няўклюдна падымаючыся з-за стала. — Калі вы не пярэчыце, міс Фэлоўз, я правяду вас назад у Стасіс.