Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
— Вы хочаце сказаць, што цяпер вы можаце перанесці ў наш час чалавека, які жыў ужо ў гістарычную эпоху? — спыталася міс Фэлоўз.
— Вы абсалютна правільна мяне зразумелі. Толькі што мы зафіксавалі аднаго індывідуума, які жыў у чатырнаццатым веку. Вы толькі ўявіце сабе ўсю важнасць гэтае падзеі! Каб вы толькі ведалі, як я буду рады пазбавіцца, нарэшце, ад гэтай канцэнтрацыі ўсіх сіл на мезазойскай эры, якой, здавалася ўжо мне, не будзе канца, якое задавальненне атрымаю я ад замены палеантолагаў гісторыкамі… Вы, здаецца, штосьці хацелі паведаміць мне? Ну, давайце выкладвайце, што ў вас там? Кажыце ж. Вы засталі мяне ў добрым настроі і можаце атрымаць усё, што пажадаеце.
— Я вельмі рада, — міс Фэлоўз усміхнулася. — Мяне якраз цікавіць адно пытанне: ці не маглі б вы распрацаваць сістэму адукацыі Цімі?
— Адукацыі? Якой яшчэ адукацыі?
— Ну, агульнай адукацыі. Я маю на ўвазе школу. Трэба даць яму мажлівасць вучыцца.
— Але ці можа ён вучыцца?
— Безумоўна, ён ужо вучыцца.
Ёй падалося, што настрой у Хоскінса раптам рэзка пагоршаў.
— Я нават не ведаю, што вам на гэта і адказаць, міс Фэлоўз.
— Але ж вы толькі што паабяцалі, што выканаеце любую маю просьбу…
— Я гэта помню. На жаль, у дадзеным выпадку я зрабіў гэта неабдумана. Я думаю, што вы добра разумееце, міс Фэлоўз, што мы не можам працягваць эксперымент з Цімі да бясконцасці.
Ахопленая раптоўным жахам, яна глянула яму ў вочы, яшчэ не ўсвядоміўшы да канца сэнсу сказаных толькі што слоў. Што ён меў на ўвазе пад гэтым «не можам працягваць»? Яе раптам нібы азарыла — яна ўспомніла прафесара Адэмеўскага і мінерал, адасланы назад пасля двух тыдняў яго знаходжання ў Стасісе…
— Але цяпер гаворка ідзе пра хлопчыка, а не пра абломак каменя…
Хоскінсу відавочна было не па сабе.
— У выпадках, падобных на гэты, нават дзіцяці не трэба надаваць занадта вялікай увагі. Цяпер, калі мы спадзяёмся раздабыць людзей, што жылі ў гістарычную эпоху, нам спатрэбяцца ўсе памяшканні Стасіса.
Яна ўсё яшчэ нічога не разумела.
— Але вы не зробіце гэтага. Цімі… Цімі…
— Ну, ну. Не прымайце ўсё так блізка да сэрца, міс Фэлоўз. Магчыма, Цімі прабудзе тут яшчэ некалькі месяцаў, і за гэты час мы пастараемся зрабіць яму ўсё, што ў нашых магчымасцях.
Яна ўсё так жа моўчкі глядзела на яго.
— Ці хочаце вы чаго-небудзь выпіць, міс Фэлоўз?
— Не, — прашаптала яна. — Мне нічога не трэба.
Ледзь усведамляючы, што робіць, яна з цяжкасцю паднялася на ногі і нібы ў кашмары выйшла з пакоя.
«Ты не памрэш, Цімі, — думала яна. — Ты не памрэш».
З таго часу яе неадступна мучыла думка пра неабходнасць неяк ухіліць Цімі ад гібелі. Але думаць гэта адно, і зусім другое — ажыццявіць задуманае. Спачатку міс Фэлоўз упарта трымалася за надзею, што спроба перанесці каго-небудзь з XIV стагоддзя ў наш час закончыцца поўнай няўдачай. Хоскінс мог дапусціць памылку, з пункту гледжання тэорыі эксперыменту, маглі таксама выявіць пралікі ў метадзе яго ажыццяўлення. І тады ўсё засталося б па-старому.
Астатняя частка чалавецтва спадзявалася, вядома, на супрацьлеглы зыход, і міс Фэлоўз насуперак розуму ўзненавідзела за гэта ўвесь свет. Ажыятаж, які ўзняўся вакол «Праекта Сярэднявечча», дасягнуў найвялікшага напалу. Друк і грамадскасць згаладаліся па чым-небудзь надзвычайным. Акцыянерная кампанія «Стасіс Інкарпарэйтэд» даўно ўжо не давала такой сенсацыі. Нейкі там новы камень альбо выкапнёвая рыба ўжо нікога не хвалявалі. А гэта было якраз тое, што трэба.
Чалавек, які жыў ужо ў гістарычную эпоху, дарослы індывід, які гаворыць і на цяпер зразумелай мове, той, хто дапаможа вучоным узнавіць невядомую дасюль старонку гісторыі.
Той вырашальны час набліжаўся, і на гэты раз ужо не толькі трое на балконе павінны стаць сведкамі такое важнае падзеі. Цяпер увесь свет ператвараўся ў велізарную аўдыторыю, а тэхнічнаму персаналу Стасіса наканавана сыграць сваю ролю на вачах усяго чалавецтва.
Сярод пачуццяў, што бушавалі ў душы ў міс Фэлоўз, не было толькі аднаго — яна не паддалася ўсеагульнаму псіхозу радаснага чакання.
Калі Джэры прыйшоў, як звычайна, гуляць з Цімі, яна ледзь пазнала яго. Сакратарка, якая прывяла яго, кіўнула ёй дзеля прыліку галавой і пабегла. Яна спяшалася заняць добрае месца, адкуль ёй удасца сачыць за ўвасабленнем у жыццё «Праекта Сярэднявечча». Міс Фэлоўз з горыччу падумала: калі б дурненькае дзяўчо прыйшло ў пару, яна таксама ўжо была б там, прытым у яе была больш важкая, чым простая цікаўнасць, прычына прысутнічаць пры доследзе.