Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
Яны моўчкі вярнуліся ў лялечны домік. Ніхто з іх не сказаў больш ні слова.
Калі не лічыць выпадковых, мімаходзь кінутых позіркаў, прайшло шмат часу, пакуль ёй зноў удалося сустрэцца з Хоскінсам.
Іншы раз гэта яе засмучала, але калі Цімі бываў асабліва маркотны ці моўчкі па некалькі гадзін стаяў каля акна, за якім амаль нічога не было відаць, яна з абурэннем думала: «Які ж ён дурны, гэты чалавек!»
Цімі гаварыў з кожным днём усё больш свабодна і правільна. Праўда, ён так і не змог цалкам пазбавіцца ад уласцівай яму з самага пачатку некаторай невыразнасці ў вымаўленні, у якой яна знаходзіла нават своеасаблівую прывабнасць. У хвіліны хвалявання ён іншы раз па-ранейшаму прыцмокваў, але і гэта здаралася ўсё радзей. Мабыць, ён паступова забываўся пра тыя далёкія дні, што папярэднічалі яго з'яўленню ў нашым часе.
Па меры таго як Цімі падрастаў, цікавасць да яго фізіёлагаў ішла на спад, затое цяпер ім пачалі больш займацца псіхолагі. Міс Фэлоўз не ведала, хто з іх выклікае ў яе найбольшую непрыязнасць. Са шпрыцамі было скончана — уколы і выкачванне з арганізма вадкасці спыніліся, яго перасталі карміць паводле спецыяльнай дыеты. Але затое цяпер Цімі, каб атрымаць ежу і ваду, даводзілася пераадольваць перашкоды. Ён павінен быў падымаць масніцы, адсоўваць знарок пастаўленыя рашоткі, торгаць за шнуры. Удары слабага электрычнага току даводзілі яго да істэрыкі, і гэта прыводзіла яе ў адчай.
Яна не хацела больш звяртацца да Хоскінса — кожны раз, калі яна думала пра яго, перад ёй усплываў яго твар, які ён быў у тую раніцу на снеданні. Вочы ў яе заплывалі слязьмі, і яна зноў не магла ўтрымацца, каб не падумаць: «Дурны, дурны чалавек!»
І вось аднойчы каля лялечнага доміка зусім нечакана пачуўся яго голас — ён клікаў яе.
Папраўляючы на хаду халат, яна няспешна выйшла з дома і, раптам збянтэжыўшыся, спынілася, убачыўшы перад сабой зграбную жанчыну сярэдняга ўзросту. З-за светлых валасоў і бледнага твару незнаёмая выглядала вельмі кволаю. За яе спіною, моцна ўчапіўшыся за спадніцу, стаяў круглатвары, з вялікімі вачыма хлапчук гадоў чатырох.
— Дарагая, гэта міс Фэлоўз, сястра, якая даглядае хлопчыка. Міс Фэлоўз, пазнаёмцеся з маёй жонкаю.
Няўжо гэта яго жонка? Міс Фэлоўз уяўляла яе зусім іншай. Хаця чаму б і не? Такі чалавек, як Хоскінс, дзеля кантрасту мог выбраць сабе ў жонкі кволую істоту. Мажліва, гэта было якраз тое, што яму было трэба…
Яна прымусіла сябе прыязна ўсміхнуцца.
— Добры дзень, місіс Хоскінс. Гэта ваш… ваш малыш? (Гэта было ўжо поўнай нечаканасцю. Яна магла ўявіць сабе Хоскінса ў ролі мужа, але не бацькі, за выключэннем, вядома, таго… Яна раптам адчула на сабе змрочны позірк Хоскінса і пачырванела.)
— Так, гэта мой сын Джэры, — сказаў Хоскінс. — Джэры, павітайся з міс Фэлоўз.
(Ці не падкрэсліў ён слова «гэта»? Ці не хацеў ён даць зразумець, што гэта яго сын, а не…)
Джэры крыху падаўся наперад, не выпускаючы, аднак, матчынай спадніцы, і прамармытаў прывітанне. Місіс Хоскінс відочна спрабавала зазірнуць цераз плячо міс Фэлоўз у пакой, як бы чакаючы знайсці там нешта надзвычай цікавае.
— Ну, што ж, зойдзем у Стасіс, — сказаў Хоскінс. — Уваходзь, дарагая. На парозе цябе чакае крыху непрыемнае адчуванне, але гэта хутка пройдзе.
— Вы хочаце, каб Джэры таксама ўвайшоў туды? — спытала міс Фэлоўз.
— Вядома. Ён будзе гуляць з Цімі. Вы ж гаварылі, што Цімі патрэбны таварыш у гульнях. Можа, вы ўжо забыліся пра гэта?
— Але… — у яе позірку адбілася найвялікшае здзіўленне. — Ваш хлопчык?
— А чый жа яшчэ? — са злосцю сказаў Хоскінс. — Хіба не гэтага вы дабіваліся? Хадзем, дарагая. Уваходзь жа.
З відавочным намаганнем падняўшы Джэры на рукі, місіс Хоскінс пераступіла парог. Джэры захныкаў — відаць, яму не спадабалася тое, што ён адчуў пры ўваходзе ў Стасіс.
— Дзе ж тая істота? — тонкім галаском спыталася місіс Хоскінс. — Я не бачу яе.
— Хадзі сюды, Цімі! — паклікала міс Фэлоўз.
Цімі выглянуў з-за дзвярэй, утаропіўшыся на нечаканых гасцей. Мускулы на руках у місіс Хоскінс прыкметна напружыліся.
Павярнуўшыся да мужа, яна спыталася:
— Ты ўпэўнены, Джэральд, што ён не небяспечны?
— Калі вы маеце на ўвазе Цімі, дык ніякай небяспекі, — тут жа ўмяшалася міс Фэлоўз. — Ён спакойны і паслухмяны хлопчык.
— Але ж ён дзі… дзікун.
(Вось яно што! Гэта вынік усіх газетных гісторый пра хлопчыка-малпу.)
— Зусім ён не дзікун, — з націскам вымавіла міс Фэлоўз. — Ён спакойны і разважлівы ў той ступені, у якой гэтага можна чакаць ад пяцігадовага дзіцяці. Вельмі велікадушна з вашага боку, місіс Хоскінс, дазволіць вашаму хлопчыку гуляць з Цімі, і я з усёй адказнасцю прашу вас не трывожыцца.