Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Усю вайну і яшчэ дзесяць год пасля яе быў далёка ад Беларусі, але светлы вобраз роднага краю мацярынскай пяшчотай жыў у маім сэрцы. Радзіма клікала ў снах, трывожыла ў марах, напамінала аб сабе паўзабытай матчынай мовай. Першыя апавяданні напісаў у 1951 годзе, знаходзячыся на афіцэрскай службе ў радах Савецкай Арміі. Здарылася тое, мусіць, з прычыны незадаволенасці шмат якімі з кніг аб вайне, пабудаванымі па шырока распаўсюджаных у той час літаратурных схемах. Але тая першая спроба пяра не хутка ўбачыла свет, і не толькі таму, што час быў мала для яе прыдатны, але і па прычыне вечнае неадпаведнасці «должного и сущего», калі ісціна знаходзілася ў занадта высокім бастыёне, каб з першага наскоку ўдалося яе дасягнуць. Пасля напісаў болей, узяўся за аповесці. Некалькі рэчаў лічу няўдалымі, у іншых, здавалася, быў блізка да мэты, на якую нацэліўся. Але цяпер бачу, што ўсё той жа бастыён вялікае праўды аб вайне паранейшаму сурова высіцца ў аблоках мінулага, і каб дабрацца да яго вяршыні, пэўна, мала аднае настойлівасці. I ўсё ж якой бы ні была яна непрыступнай, тая вяршыня, трэба караскацца на яе, бо, як пісаў Генрых Бёль, чалавек перастае быць мастаком не тады, калі стварае слабы твор, а ў той момант, калі пачынае баяцца ўсялякай рызыкі.
[1965]
Улада праўды
Іван Шамякін даўно і грунтоўна праявіў сваю пісьменніцкую схільнасць да самых надзённых тэм сучаснасці. Шэраг апавяданняў і ўсе ягоныя раманы прысвечаны таму, чым жыў наш народ на пэўных этапах пасляваеннага развіцця, што яго непакоіла, клапаціла, што з’яўлялася неадкладнай праблемай часу. Сюды адносіцца нават і «Глыбокая плынь», твор увогуле аб мінулай вайне, але які пісаўся ў той час, калі вайна яшчэ не стала мінуўшчынай, калі яна даволі рэчаісна прысутнічала ва ўсім — ва ўкладзе, побыце, а галоўнае — у душах і розуме людзей.
I тым не менш ёсць у Івана Шамякіна кніга, якая здаўна служыць аўтару як бы сувязной з нядаўнім мінулым, са сваёй маладосцю і з’яўляецца своеасаблівай пісьменніцкай данінай памяці аб найбольшых выпрабаваннях, што выпалі на долю нашага народа. Кніга гэта — «Трывожнае шчасце», цыкл невялікіх аповесцей, які час ад часу папаўняецца. Апошнім, пятым па ліку, творам стала аповесць «Мост», надрукаваная ў «Полымі» (шосты і сёмы нумары за гэты год).
Што ж гэта за аповесць, на які час народнага жыцця прыпадае яе выяўленчая ўвага, наколькі ўзнятае пісьменнікам блізка да галоўнага і вялікага з людскіх імкненняў і выпрабаванняў?
Адразу, амаль з першых радкоў, разумееш, што год, выбраны пісьменнікам для мастацкага даследавання, бадай ці не самы цяжкі і складаны з усяго, што давялося перажыць народу ў той час.
Праўда, вясна сорак шостага года яшчэ поўнілася настроем пераможнага фіналу найвялікшай у свеце вайны. Людзі патроху аплаквалі яе ахвяры. Вярталіся з франтоў салдаты. У большасці на грудзях ззялі баявыя ўзнагароды, за плячыма была здабытая ў цяжкіх выпрабаваннях людская годнасць, сцверджаная ў баях справядлівасць і ўсведамленне запрацаванага спакою і адпачынку. Але аказалася, што для адпачынку няма падстаў. Мір і стваральная праца прынеслі свае, не менш складаныя, чым у вайну, праблемы — разбураныя вёскі, неўладкаванае жыццё, голад, недахоп самага элементарнага, а яшчэ — тыя нялюдскія з’явы, якія цяпер прынята вызначаць як культаўскія. Так, гэта быў час, калі нармальныя чалавечыя ўзаемаадносіны часам парушаліся, калі насаджаўся недавер. Што і казаць — цяжкі быў час. Ад людзей патрабавалася бадай не менш мужнасці і не меншай стойкасці іх веры ў лепшае, чым у гады вайны. Для прадузятага крытыка гэтага, мабыць, будзе дастаткова, каб усумніцца ў такім болей чым рызыкоўным аўтарскім выбары. Але, мне здаецца, не трэба спяшацца з вывадамі, лепш прасачыць, як і з якіх пазіцый аўтар узяўся за гэты складаны жыццёвы пласт.
Чым далей чытаеш аповесць, чым глыбей пранікаеш у вобразную сістэму і разумееш усю прычыннасць і вынікі падзей, тым усё болей пераконваешся ў безумоўнай грунтоўнасці аўтарскай пазіцыі, якую ў даным выпадку з найбольшай трапнасцю можна вызначыць як вернасць жыццёвай праўдзе. У гэтым галоўная і вырашальная вартасць твора. Праўда жыцця вымагала ад аўтара пэўнай рызыкі і пэўнай мужнасці, яна ж патрабавала немалое «аддачы» аўтарскага таленту, яна ўрэшце з’явілася тым пробным каменем, на якім Івану Шамякіну яшчэ раз давялося прадэманстраваць свае мастацкія здольнасці. I зрабіў ён гэта з поспехам.