Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Карціна за карцінай праходзіць перад чытачом вясковае жыццё вясны сорак шостага года. Прама скажам: нялёгкае гэта жыццё, аднак мы разумеем, чаму I. Шамякін не мог яго абысці ў сваёй творчасці. Пісьменніцкае і грамадзянскае сумленне аўтара не дало яму магчымасці змоўчаць аб тым, што было неверагодна цяжкім у жыцці народа. Густ мастака, яго грамадзянская пазіцыя даюць магчымасць зразумець і прыняць самую нялёгкую праўду. Некаторыя сцэны аповесці захапляюць глыбінёй пранікнення ў сутнасць з’яў, другія не пакідаюць чытача абыякавым сваёй вернасцю праўдзе, якая ўжо стала гісторыяй. Немагчыма забыць эпізод на ворыве, калі жанчынам дапамагаюць цягаць плуг Шапятовіч і Грамыка («Ну, мужчынкі, хопіць, — сказала яна (Ліза)… Рукі нам адсохнуць, калі мы на вас… араць будзем»); або падпіскі на заём, калі Марына Старосціна весела згаджаецца падпісацца на «колькі хочаце» — усё роўна ў яе плаціць няма чым. Мы разумеем роспачны гнеў інваліда Рыгора Прышчэпы, нястрыманасць якога так дорага яму абышлася. Дзе-нідзе, праўда, аўтару здраджвае адчуванне меры, ды, пэўна, і адчуванне псіхалогіі, і тады з’яўляюцца надакучлівыя паўторы, пераціскі (як у інтымных сцэнах Пятра і Сашы, развагах Шапятовіча наконт сваёй ролі сакратара). Не здаецца мне натуральным увогуле важны для аповесці «прыгожы сімвал» моста. I асабліва засмучае сцэна вызвалення Шапятовіча, надзіва неверагодная ў гэтым праўдзівым творы. Але, да гонару I. Шамякіна, гэта, бадай, адзіны няўдалы эпізод у аповесці, якая даволі пераканаўча сцвярджае тую відавочную ісціну, што ўлада праўды над талентам сапраўднага мастака непахісная.
Недахопы аповесці — прыватныя, і аб іх, можа, і не варта гаварыць, калі мець на ўвазе галоўнае, у чым безумоўная ўдача твора, багатага на думкі, канфлікты, грунтоўныя вобразы — адным словам, крута замешанага і ёмістага. Прыгадваючы тут нядаўняе меркаванне крытыка Б. Бур’яна, выказанае ім у «ЛіМе», і не ставячы, аднак, пад сумненне жанравую прыналежнасць «Сэрца на далоні», хочацца тым не менш адзначыць, што «Мост» заключае ў сабе ўсе патэнцыі, неабходныя для паўнакроўнага і востраканфліктнага рамана.
Прачытаўшы гэтую аповесць, разумееш, як далёка адышліся мы ад тых нялёгкіх часоў, на якія прыйшлася маладосць, дзяцінства ці сталасць нашых сучаснікаў. Так, нялёгкія былі часы. Шмат чым з перажытага ў іх можна ганарыцца, але ёсць і такое, чаго трэба саромецца. Аднак, як кажуць, ад перажытага нікуды не дзенешся, яно — частка нашага лёсу, хацелі б мы таго або не. А літаратура ў аднолькавай меры не мае права забывацца як на добрае, так і на дрэннае ў жыцці. I ў святле гэтага меркавання робіцца зразумелы аўтарскі выбар. Безумоўна, выбар гэты варты яго літаратурнага ўвасаблення. Іван Шамякін напісаў высокамастацкі праўдзівы твор, значэнне якога для нашай літаратуры відавочнае — як у адносінах да мінулага, так і да будучага, бо гэта твор, апрача многага іншага, яшчэ і ў імя таго, каб:
— ніколі не чулі дзеці, як іхніх сумленных бацькоў называюць «ворагамі народа»;
— навек пазбыліся людзі голаду і нястач, якія прыніжаюць і калечаць іх чалавечую сутнасць;
— навек асудзілі яны і ўзненавідзелі хціўцаў і віноўнікаў людскіх слёз — Капылоў;
— назаўжды вывеліся пачвары былога — Булатавы;
— нікому не давялося перажыць тое, што выпала на долю вясковай дзяўчыны Вольгі.
Здаецца, што адны толькі гэтыя мэты здольны надаць гонар кожнаму добраму твору, і ўжо ва ўсякім разе іх дастаткова, каб зрабіць выдатнай невялічкую аповесць.
[1965]
У пошуках ісціны
Вечны горад сустракаў дэлегатаў чарговага кангрэсу Еўрапейcкага таварыства пісьменнікаў (КОМЕС) летняй цеплынёй і сонцам. Над столікамі вулічных кафэ і тратарый, ствараючы прыемную прахалоду, віселі стракатыя тэнты, пешаходы на гарадскіх вуліцах аддавалі перавагу зацененаму боку, а ў зялёным убранстве рымскіх бульвараў не ўгадвалася яшчэ і аддаленых прыкмет восені. I тым не менш паўднёвае сонца ўжо страціла свой летні імпэт. Сярод старажытных камяніц горада не дужа даймала спёка, а што датычыць залы для пасяджэнняў на via Nazionale, дык тут дзякуючы навейшым дасягненням тэхнікі круглыя суткі падтрымлівалася аднолькавая тэмпература і патрэбная свежасць паветра. Шэсць дзён у гэтым памяшканні на розных еўрапейскіх мовах гучалі немяркоўныя і гарачыя, доўгія і кароткія, напісаныя загадзя і скатаныя экспромтам прамовы ў абарону і супраць літаратурнага авангарда ўчора і сёння.