Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 9789857089598
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 10. Кніга 1». Краткое содержание книги:
Дзясяты том склалі аўтабіяграфічныя дыялогі з А. Адамовічам «Маладыя гады» (1985, 2001), а таксама выбраная публіцыстыка 1957–1980 гг.: артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв’ю, гутаркі, аўтабіяграфіі, выступленні.
Сустрэтае з вялікай увагай выступленне Ж. П. Сартра разам з працяглымі апладысментамі ў многіх удзельнікаў кангрэсу выклікала і жаданне спрачацца. Пісьменнікі-рэалісты, пагаджаючыся з сацыяльнай накіраванасцю прамовы славутага філосафа, не маглі падзяліць яго фармалісцкіх густаў і схільнасцей.
Справа не ў словах і вызначэнні тэрмінаў, сказаў у адказ некаторым апалагетам авангардызму А. Твардоўскі. Галоўная труднасць нашага дыялога ў тым, што авангард не прадставіў прадмета (твораў) для абмеркавання. Для мяне галоўнае і рашаючае ў мастацкім творы, кажа Твардоўскі, гэта неабходнасць яго паяўлення ў літаратуры. Ці мог ён не быць? Эксперымент сам па сабе, можа, і не благая з’ява, але ўся справа ў тым, ці прыме ў ім удзел чытач. «Працэс» Кафкі і «Насарог» Іянеска пры ўсёй ускладнёнасці іх формы маюць значны сацыяльны змест, і гэта робіць іх даступнымі і важнымі для нас. Мастак не можа не мець сваіх абавязкаў перад грамадствам. У якасці прыкладу высокага ўсведамлення гэтых абавязкаў А. Твардоўскі называе «Чуму» Камю і «Па кім звоніць звон» Хемінгуэя.
Аб важнасці і складанасці праблем авангарда гаварылі шматлікія прамоўцы — прадстаўнікі розных краін. Нягледзячы на сваё суб’ектыўнае стаўленне да гэтага напрамку, амаль усе яны, як прыхільнікі авангарда (француз М. Надо, італьянец Барэлі, бельгіец Гафо, румын Ботэз), так і яго прынцыповыя праціўнікі (савецкі крытык Б. Сучкоў, югаслаў Давыдчоў, француз Вейдле) сыходзіліся на тым, што гэтая літаратурная плынь пакуль што і ў значнай меры знаходзіцца ў стане пошукаў, эксперыменту і яшчэ не стварыла твораў, якія б давалі магчымасць скласці канчатковае ўяўленне аб ёй. В. Аксёнаў у сваім выступленні адстойваў права мастака на сумленны эксперымент, найбольш яскравым прыкладам якога ён называе творчасць вядомага італьянскага кінарэжысёра Ф. Феліні. Але французскі крытык і мастацтвазнаўца Ул. Вейдле не пагадзіўся з гэтай думкай савецкага пісьменніка. Ён выказаў меркаванне, што залішняя павага да тэрміна «эксперымент» ідзе ў наш час ад моднага цяпер навукапаклонства. Але ж і ў навуцы эксперымент — гэта толькі спосаб праверкі гіпотэзы, а не мэта пошукаў.
Некаторыя з літаратараў слушна гаварылі на кангрэсе пра небяспеку дыскрэдытацыі станоўча новага ў літаратуры з боку ілжэавангарда, а таксама пра беспадстаўныя нападкі на яго рознага роду філістэраў. Але і авангард групавы — з’ява непажаданая, як сказаў Карэл Лайцінен (Фінляндыя), бо можа прывесці да моды, якая сама па сабе супрацьпаказана мастацтву.
Трэба зазначыць, што як прыхільнікі авангарда, так і яго праціўнікі выказалі на кангрэсе шмат слушнага. Няма таксама сумнення ў тым, што ва ўсёй разнастайнасці заходняга авангарда, пры цэлым шэрагу самых розных ягоных хібаў і несумяшчальных адна з другой якасцей, працуе нямала шчырых і сумленных людзей, некаторыя з якіх разглядаюць сваю творчасць як своеасаблівы бунт супраць буржуазнага грамадства і яго культуры. У гэтым сэнсе заслугоўваюць увагі словы французскага авангардыста Марыса Надо, які сказаў, што кожны мастак хоча быць наватарам і ў гэтым сэнсе ён шукае, рызыкуючы сабой.
Так, у мінулым і зараз лепшым з прадстаўнікоў прагрэсіўнай літаратуры на Захадзе даводзіцца нялёгка. На адным з пасяджэнняў кангрэсу генеральны сакратар таварыства вядомы італьянскі крытык Джон-Карла Вігарэлі паведаміў, што ў той самы час, калі ў Рыме пачаўся еўрапейскі дыялог пісьменнікаў, у заходнегерманскім горадзе Дзюсельдорфе фашысцкія і абскурантысцкія элементы распачалі раз’юшаную кампанію супраць аднаго з прагрэсіўных літаратараў ФРГ Гюнтара Граса. Быў падпалены дом пісьменніка і спалены на гарадской плошчы ягоныя кнігі, таксама як і кнігі Эрыка Касцера, Франсуазы Саган і іншых пісьменнікаў.
З той жа трыбуны кангрэсу партугальскія дэлегаты, апелюючы да Еўрапейскага таварыства, расказвалі аб лёсе сваіх суайчыннікаў — пісьменнікаў Партугаліі і Мазамбіка, якіх арыштоўваюць, судзяць, саджаюць у турмы. Кангрэс прыняў спецыяльны зварот да ЮНЕСКА і партугальскага ўрада з поваду фактаў тэрору супраць літаратуры.