Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 89
Перейти на страницу:

– Не, Лявон, не сюды! Вада не дапаможа.

Лакшмі паказвала рукою пад карову. Мільгануў сумнеў – ці не галюны? Нахіліўся, стаў на калені, падпоўз, лёг. Ці замычыць? Маўчала. Пахла зямлёй, салодкім гноем, кветкамі. На каровіных локціках рудая поўсьць завіваліся ў хохлікі. Прыгаворваючы ціхія, спакойныя словы, Лакшмі гладзіла карову па вымю – сухі гук скуры па скуры. Капнула, палілося малако, цёплае, белае. Асьцярожнымі далонямі яна абмывала ягоную сьпіну. Сьверб апёкаў сьцішыўся, паленьне згладзілася, чырвоныя трэшчыны змыліся, як рыскі алоўка.

– Чаму ты чхаеш, Лявон?

Лявон стаяў перад ёй – асьвежаны, павесялелы, поўны сілаў. Ён саромеўся сваіх худых грудзяў, але яшчэ сорамней было б выявіць гэтую сарамлівасьць, паспрабаваўшы адзецца. Чаму чхаю? Хлусіць ці ўхіляцца ад адказу перад гэтай жанчынай здалося яму нявартым і зьневажальным. Незалежна скрыжаваўшы і адразу раскрыжаваўшы рукі, ён патлумачыў, што без застуды і песень бачыць сьвет як мае быць – няможна. Застуда адчыняе вочы на сапраўднае жыцьцё, а песьня асьвятляе яго сонцам. Бо безь сьвятла не відаць анічога нават у адчыненыя вочы. І ён засьпяваў «Стронгу» Шубэрта, спачатку нясьмела, а потым, убачыўшы, што яна слухае ўважліва і сур'ёзна, усё мацней і мацней. Лакшмі раптам прысела на кукішкі, адным вольным рухам, і слухала, падняўшы да яго галаву. Калі ён скончыў, сказала:

– Каб бачыць сьвет як мае быць, Лявоне, трэба трымацца дхармы. Нельга адчыніць вочы, Лявоне, калі іх няма. Дхарма – вось вочы.

Сказала ўпэўнена, нібы сказала: неба сіняе. Малако белае. Гэткім жа рухам, без намогі, устала. Праз гэтыя словы і праз гэтыя рухі ўнутры Лявона ўздрыгнула. «Паслухайце, пачакайце, Лакшмі! Дхарма? Адкуль у вас гэтае слова, адкуль у вас упэўненасьць? Навошта гэтая чырвоная кропка? Мне вельмі хочацца ведаць!» І неяк само атрымалася, што Лявон папрасіў Лакшмі дазволіць застацца зь ёй.

Лакшмі расказала Лявону, што выкананьне дхармы традыцыйна пачынаецца з брахмачар’і – строгага і аскетовага вучнёўскага жыцьця. Нязмушаным лотасам седзячы ля хатняе сьцяны – уваходзіць унутар Лявону забаранялася – яна склала яму шчыльны распарадак дня зь пералікам што рабіць. Ён, стоячы побач на нязручных каленях, варушыў вуснамі, вымаўляючы доўгі сьпіс, і намагаўся запомніць. Яна цярпліва паўтарала.

Раніца. Насіць ваду ў бочку. Узяўшы пад тынам два плястмасавых вядра, бледна-жоўтае ды сіняе, Лявон спускаўся да ракі, заходзіў па калена ў ваду, зачэрпваў. Сіняе мела застарэлую расколіну, празь якую сачыўся зьвілісты струмянец, веерам адрываючыся з абадка дна. Каб ня выцекла шмат, Лявон крочыў таропка, вёдры спружыньвалі, рытмоўна сьціскаючыся і расьціскаючыся паміж чорнымі вочапкамі – і калі крок зьбіваўся, парушаючы рытм, вада плёскала яму на калашыну. Па-за плотам стаяла высокая жалезная бочка, старая, іржавая, з дробнымі вадзянымі казюлькамі, якія любілі капашыцца ля краёў. Бочка і казюлькі выклікалі ў Лявона непрыязнасьць, але Лакшмі сказала, што перад палівам вада мусіць нагрэцца на сонцы і насыціцца Пранай. Ён паднімаў цяжкае вядро да грудзяў і перакульваў у бочку. Гулкі плёскат, ваганьне балотнага паветру з глыбіні. Потым наступнае. За дзесяць рэйсаў бочка напаўнялася, і Лявон садзіўся на зямлю, адпачываў, але нядоўга – каб не заснуць.

Раніца. Мыць карову. Карову клікалі Каньякумары, яна мела рахманы, задуменны нораў і царскае пачуцьцё ўласнае годнасьці. З вытрыманай грацыяй яна ўваходзіла ў ваду, па калена, па сама рудыя хохлікі, і Лявон паліваў ейныя нярвовыя дрыготкія бакі зь берасьцянога коўшыка. Лакшмі дала Лявону кіпарысавы грэбень, якім ён старанна расчэсваў ільсняную поўсьць, а Каньякумары ў задавальненьні нахіляла галаву. Яна ўвесь час жавала лісьце ды карэнішчы чароту і ані не саромелася часам адвесьці ўбок хвост і плюхнуць перавараны чарот у ваду. Брудную масу хутка зносіла плынь, але пырскі траплялі ёй на ногі, і Лявон з агідай мыў іх зноўку.

Раніца. Сьнедаць. Яны садзіліся ў цені хаціны, за парэпаны плястыкавы столік. На сьняданак бываў амлет, салодкая запяканка ці тварог з абавязковымі чакаляднымі цукеркамі. Аюрведа патрабавала цукеркі перад ежай, каб асьвяжыць, завільгатнець нутробу і стымуляваць утварэньне крыві. Лакшмі ела элегантава і павольна, спрытна адпраўляючы ў рот маленькія кавалачкі, але глядзела засяроджана ў талерку. Лявон карыстаўся гэтым, неўпрыкмет хаваючы цукеркі ў кішэню, а ежу пад стол, у місачку, каб потым скарміць Каньякумары. Аднойчы здарыліся апэльсіны, і Лявон з такім вялікім задавальненьнем высмакаў сок з аранжавай мякаці, што Лакшмі зьвярнула на гэта ўвагу, і апэльсіны пачалі зьяўляцца штодня.

Дзень. Паліваць расьліны. Вада ў бочцы ўжо пасьпявала прагрэцца, але чамусьці яе заўсёды заставалася значна менш за ранішнюю колькасьць. Аднойчы ён перавярнуў яе набок, агаліўшы вільготны зямлёвы круг з чарвякамі і лічынкамі, што соўгаліся ў ім. Дно бочкі месцамі праржавела наскрозь, і ён доўга і старанна заклейваў яго плястылінам. Гэта дапамагло слаба, але іншую бочку ўзяць не было дзе. Лявон набіраў ваду ў вялікую бляшаную палівачку і, адставіўшы другую руку ў бок дзеля раўнавагі, ішоў да градак. Лакшмі гадавала галоўным парадкам спэцыі: далікатныя цыбулінкі шафрану, паветраныя парасоны куміну і фенхелю, магутнае лісьце куркумы і яшчэ нейкія невядомыя далікатныя травы. Яна ўважліва назірала, каб Лявон ліў ваду нізка, асьцярожна, не размываючы каранёў, і дбайна падрэхлівала пацяжэлую глебу матыкай. Парасіўшы гарод, трэба было аднесьці рэшткі вады касьмеям, і гэта падабалася Лявону нашмат болей. Жывучыя і непатрабавальныя касьмеі не баяліся моцных бруяў, і ён, прабіраючыся празь іхныя густыя зарасьнікі, багата паліваў тонкія сьцеблы з вышыні поясу.

Дзень. Зьбіраць пялёсткі касьмеяў. Лакшмі ўпрыгожвала імі алтар Крышны, да якога яна абяцала дапусьціць Лявона пасьля года стараннае брахмачар’і. Абскубленьню пялёсткаў падлягалі ня ўсе кветкі запар, але толькі тыя, што ўжо гатаваліся нарадзіць насеньне ды ўва ўпрыгожваньнях ня мелі патрэбы. Лявон прыкмячаў састарэлыя суквецьці і асьцярожна здымаў пялёсткі, апускаючы іх у белую ільняную торбу. Спачатку ён працаваў стойма, нагнуўшыся, а потым дзеля разнастайнасьці апускаўся на зямлю, апынаючыся з кветкамі тварам да твару. Касьмеі ветліва і бясклопатна ківалі яму рознакаляровымі галоўкамі, гулі чмялямі, цвыркалі конікамі, поўзалі жучкамі-пажарнікамі.

Але Лакшмі не любіла, калі Лявон засынаў у недарэчны час. Рассоўваючы лісьце і сьцеблы, яна знаходзіла яго, тармасіла, адбірала торбу зь пялёсткамі і вяла абедаць.

Дзень. Абедаць. Асновай дзённых страваў заўсёды былі прасяная каша і таматавая падліўка. Лакшмі дадавала ў кашу то перац, то баклажаны, то бульбу, то струковую фасолю, то ўвогуле неразьбяры-што, але ўся ежа выглядала прыкладна аднолькава. Пасмоктваючы дзельку апэльсіна, Лявон спотайку назіраў, як яна есьць, а калі гэта яму надакучвала, перакладаў погляд на нябёсы па-над ракой. Неба было зусім такім жа, як над Менскам, і яму гэта падабалася. Павольныя ператварэньні аблокаў... Пераўтварэньні... Ён лавіў сябе на засынаньні і трос галавой. А аднойчы, удыхнуўшы ў чарговы раз несуцішны кветкавы водар, ён раптам зразумеў: пахнуць зусім не касьмеі, а сама Лакшмі! Не паверыўшы ў цуд адразу, ён пасьля абеду правёў колькі экспэраня па выдаленьню і набліжэньню да яе – і пераканаўся даканцова. Касьмеі жа, як высьветлілася, ня пахлі наогул.

Дзень. Перабіраць проса. Са зваротнага боку хаціны зьмяшчаўся маленечкі прыклетак з вузкімі дзьверцамі, у якім захоўваліся два мяхі просу і пустыя пыльныя слоікі. Лявон акуратна разьвязваў торбу, набіраў у рондалец проса і, прыхапіўшы старую газэту, садзіўся пад бярозай. Рассыпаючы проса невялікімі порцыямі па газэце і разроўніваючы пальцам жоўты пляст, ён выдаляў пацямнелыя макулінкі і дробныя чорныя каменьчыкі. Часам сустракаліся белыя каменьчыкі, найцяжэйшыя: занадта буйныя, грубыя пальцы не адразу ўхаплівалі іх, яны ўкатываліся ў проса, хаваліся ў масе, і прыходзілася напружваць зрок у пошуках. Лявон уяўляў сябе белым каменьчыкам, які спрабуе ўцячы ад вялізарнае галавы, але тая няўмольна цікуе яго. І горка было яму з уласнае бязьлітаснасьці. Абраныя каменьчыкі ён рупліва браў на далоню, глядзеў ласкава і адпускаў на волю – на зямлю, да братоў. Бачыце, каменьчыкі? Нічога ня здарылася дрэннага, я вярнуў вас на радзіму! Каменьчыкі махалі яму рукой, усьміхаліся, уцякалі ў травінкі, пацешна падскокваючы.

1 ... 78 79 80 81 82 83 84 85 86 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)