Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Лакшмі суха будзіла Лявона. Яна намагалася захоўваць мірны выгляд, але вочы глядзелі жорстка, нябесная сінь зьмянялася на шэры мэтал. Яна тлумачыла, ужо без спасылак да атмы і Праны, практычна: праз тваю няўважлівасьць я магу зламаць аб каменьчыкі зубы, плёмбы! Нельга спаць! Лявону рабілася сорамна, бо ейныя зубы – раўнейшая дасканаласьць! Зламаць іх – невыноснае злачынства! Хоць зь іншага боку – ці гэта ня карма? Ён не адважваўся спытаць Лакшмі пра карму ў дачыненьні да ейных зубоў, і яна адпраўляла яго на іншую працу.
Дзень. Палоць градкі. Лявон рабіў гэта з прыкрай – вышукваць дробныя пустазелькі, вырываць іх з коранем – а яны чапляюцца адчайна – кідаць на цьвёрдую дарожку, на сонца, дзе яны паціху згасалі, засыхалі… Жорсткасьць гняла яго. Абціраючы нос, ён стаяў над пустазельнымі трупікамі. Ці не ліхадзей я? Ці не ганебны парушальнік прынцыпу ахімсы?
Дзень. Капаць карэнішчы чароту для Каньякумары. Карова ўсё ж такі падабалася яму, нягледзячы на фізыялягічныя нюансы. Ведаючы, што карэнішчы салодкія, і што Каньякумары з задавальненьнем іх зьесьць – і будзе жыць, і махаць худым хвастом, і глядзець на яго вялізным вокам – ён цьвёрда высякаў іх зь зямлі лапатай. Напоўніўшы вядро бледнымі атожылкамі, ён выціраў з лобу пот і сядаў на зямлю. «Мне дык добра, бесьцялеснаму райскаму жыхару, а як ім? Лакшмі, Каньякумары – ім, небаракам, трэба есьці, падтрымваць уласнае цела ў дзеяздольнасьці і прыгажосьці». У думках ён параўноўваў, хто болей грацыёзны і жаноцкі – карова або ягоная гуру? Лакшмі перамагала, але ж трэба дадаваць папраўку на антропацэнтрызм ягонага густу, так?..
Рыпелі дзьверы, з хаціны выходзіла Лакшмі, паглядала ў ягоны бок. Лявон хуценька падымаўся на ногі, з палёгкай уздыхаючы – ух! цудам не заснуў.
Вечар. Чытаньне Махабхараты і мэдытацыя. Незадоўга перад зьмярканьнем яны садзіліся пад паветкай, адведзенай Лявону на ягоныя матрасы, і Лакшмі чытала ўрыўкі на ўласны выбар. Слухаць з Махабхараты ў Лявона выходзіла кепска. Хітраспляценьні варожасьці паміж Пандавамі ды Каўравамі на некаторы час захаплялі Лявона, але пакрысе ягоная думка, адштурхнуўшыся ад гісторыяў і прыпавесьцяў, ляцела ў далечыню, і неверагодныя высілкі патрабаваліся, каб утрымаць яе на матрасе. Пра мэдытацыю, вядома, не магло быць аніякае гаворкі. Калі пачынала цямнець, і літары рабіліся ледзь відомыя, Лакшмі адкладала кнігу і закручвалася ў лотас, жэстам запрашаючы Лявона рабіць па ейнаму прыкладу. Яна прамаўляла кароткую малітву, а потым давала тэму: веліч горных вяршыняў, або спакой горных азёраў, або сымфонія горнага захаду. Лявон правальваўся ў сон мамэнтоўна, і Лакшмі зь цяжкасьцю трывала гэтую слабасьць. Ураніцу яна рабілася ўсё больш сухая і непрыветная.
Канец надыйшоў неўзабаве. Аднойчы ўвечары, калі Лакшмі чытала ўрывак са свае ўпадабанае Бхагавад-Гіты, і пульсаваў асабліва салодкі пах, Лявон ня здолеў утрымаць улёту думкі і сама шчырым ходам заснуў. Хроп, мабыць, ці што... Наступнай раніцай яна не разбудзіла яго. Прачнуўшыся сам, непапраўна позна, Лявон пасьпяшаўся да ракі мыцца і спатыкнуўся аб свой заплечнік, які ляжаў на дарожцы. Гэты недвухсэнсоўны знак складана было не зразумець. Пасьпех сьціх. Павольна, сумна, падыйшоў ён да дзьвярэй хаціны, прычыненых як ніколі шчыльна. Падняў руку, каб пастукаць, але застыў, не наважыўся. Апусьціў.
Ніводнае праўды так і не адкрылася яму, і Лявон, пакуль крочыў да лесу і ўспамінаў бэзавае сары, яшчэ маркоціўся. Але вось паплылі міма бярозы, хвоі дый высокія травы, залёталі праз дарогу птушачкі, загойдалася сонечная павуцінка. Прэч, засмучэньне! Ён чхнуў, прачысьціў нос вымытай у Ганге хустачкай – і засьпяваў песьню.
Кітай ён распазнаў па затопленых вадою рысавых палёх і белакаменных пагадах у зарасьніках дзікіх мандарынаў. Доўгі шлях змарыў яго, хацелася памыцца чыстай вадой і прылегчы на мяккае. Ён наогул не разумеў, як трэба паводзіць сябе ў Кітаі, але, убачыўшы чарговы манастыр, гэтым разым чырвонацэглавы, занядбаў усе мажлівыя прыстойнасьці і павярнуў да брамы. Паабапал шырокае лесьвіцы выскалялі гіпсавыя пашчы карлікі-львы. Ён падняўся прыступкамі і крануў сухія драўляныя дзьверы. Медны званочак над імі хіснуўся – чанннь. Унутры быў невялікі двор, парослы нізкай травой і хмызам, а наперадзе ўзвышаўся галоўны будынак – асымэтрычны чырвоны храм з трыма квадратнымі вежамі, адной буйнейшай і дзьвюма ніжэйшымі.
На зык званочку з-за высокага ганку зьявілася дзяўчынка ў кімано. Аранжавы крамнінавы пояс, басыя ногі, густая чорная стрыжка. Яна павітала Лявона пачцівым паклонам і паважна спыталася, што яму заўгодна, і куды ён шляхуе. Лявон, пакорліва апусьціўшы галаву, папрасіў цыноўку начаваць, сухі куток і міску рысу. Спакваля разглядаў яе – раней ён ніколі ня бачыў дзяўчынак. Маленькія рукі і ногі. Далонькі і ступачкі. Пра мэту падарожжа Лявону няма чаго было сказаць, але яе цалкам задаволіў адказ, што ён вандруе ў пошуках ісьціны і нядаўна пакінуў Індыю.
– Бодхідхарма, наш вялікі настаўнік, таксама прышоў зь Індыі! Ці ведаеш ты, што Бодхідхарма мэдытаваў дзевяць гадоў, каб здабыць празарэньне?
Лявон не прыдумаў лепшага адказу, як ізноў пакорліва схіліць галаву. Яна пайшла ўздоўж выгнутага дугой мура з паўкруглымі вокнамі. Валасы ўзьляталі ў тахт нягучных крокаў. У павароту, ля глухой каменнай аркі, яна спынілася і паказала рукою. Жоўтая цыноўка на зямлі, нізкі сасновы столік з парай керамічных талерак. З кута пырхнуў матылёк-капусьнік. Дзяўчынка сказала, што ён можа спыніцца тутака, а ўнутар яму, чужынцу, нельга. Прапанавала рыс і чай, але Лявон адмовіўся. Яе клікалі Ліджуан – вытанчаная. Сказаўшы, што ёй пара займацца, яна зьнікла.
Калі ён спаў, Ліджуан вярнулася зноў і тузанула яго за рукаў:
– Ня сьпі ўдзень! Ты ведаеш, што Бодхідхарма аднойчы таксама заснуў у час мэдытацыі? Ты ведаеш, што ён потым зрабіў? Ён вырваў сабе павекі! І на тым месцы, куды яны ўпалі, вырас першы чай! Цяпер ты хочаш, каб я заварыла табе чай?
Пасьля гэткай жорсткай гісторыі Лявон не адважыўся пярэчыць дзяўчынцы. Празь дзесяць хвілінак яна зьявілася з маленькім падносам на драўляных ножках, з двума кубкамі гарбаты і двума сподачкамі рысу. Лявон сядзеў нерухома і параўноўваў пары, якія ўздымаліся ад рысу і ад гарбаты – ці адрозьніваюцца? Ліджуан строга спытала, чаму ён ня есьць і ня п'е. Ён паслухмяна пакаштаваў. Чай меў нечаканы і даволі прыемны малочны густ, але Лявон ня здолеў прымусіць сябе выпіць больш за два глыткі. Ён паставіў кубак і падсунуў да сябе глыбокую талерачку. Белыя рысынкі ляжалі хаатычна, адна на адной, белай горкай на зялёнае эмалі. Доўгія конусы палачак. «Калі яна адвернецца, я высыплю яго пад стол». Але яна не адварочвалася. Насычана-карычневыя вочы то глядзелі на Лявона, то апускаліся ў талерку. Як яна спрытна палачкамі! Ніяк ня высыплеш – заўважыць.
– Калі ты ня будзеш есьці, дак саслабееш! Цябе можна будзе перамагчы вельмі лёгка! – яна паднесла сподачак да вуснаў і згрэбла рэшткі рысу ў рот. Потым асьцярожна ўзяла свой кубак абедзьвюма рукамі. Прыжмурыўшы вочы, як з глыбокае асалоды, яна ўдыхнула чайны пар. Выкінуць зараз?! Адкрыла. Усё, не пасьпеў!
– Навошта мяне камусьці перамагаць, Ліджуан? Каму я патрэбны?
– Ворагі заўсёды знойдуцца!
– Што ты, якія ў мяне ворагі? Я нікому не перашкаджаю, жыву сабе. Грошай у мяне няма, рабаваць няма чаго, – тут ён спахапіўся, што хлусіць: грошай было яшчэ шмат.
– Цябе могуць зрабіць рабом! Ці адабраць у цябе тваю нявесту! Ці спаліць хату тваіх бацькоў! – дзяўчынка бліскала вачыма.
Лявон адчыніў рот, каб спрачацца. Але, падумаўшы, зразумеў, што яна мае рацыю – чаму б камусьці і сапраўды не спаліць хату ягонае маці? Чалавек у чорным, злавесная ўсьмешка, змрочна насоўваецца. Робіць знак прыхвасьням, тыя бягуць з каністрамі, плёскаюць бэнзінам. Падпальваюць папяросай. Полымя! Ўзьвяваецца, як сьцяг, як факел. Іскры ў ночным небе. Балькі трашчаць, абвальваюцца. Абвугленыя шкілеты, скурчыліся.