Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 89
Перейти на страницу:

– А вось бутэльку прыбярыце, калі ласка! У нас нельга піць.

Патыліцай яна ўбачыла, ці як? Вялікім паслухмяным глытком ён дапіў рэшткі і схаваў бутэльку ў торбу. У залях было прахалодна, нават зябка, і зусім ціха. «Яна не дурніца што камізэльку надзела», – Рыгор здрыгануўся плячыма. Яны павярнулі, прайшлі яшчэ праз колькі заляў, і бабулька спынілася.

– Прошу пана! – яна паказала далоньню на вялікі патройны алтар. – Мадона зь Дзіцём.

Бабулька ўрачыста маўчала і відавочна ганарылася за карціну, за музэй, за сваю памяць, і прадчувала захапленьні Рыгора. Ён падыйшоў бліжэй і разгледзеў падрабязнасьці: Мадона з харошым, але расьцягнутым ушыркі тварам і сумным позіркам, абыякавы Немаўля, сьвятыя на каленях, зь дзіўнымі сьпіральнымі палкамі, шматлікія задуменныя анёлы.

– Зыба! – пацьвердзіў ён. – Тут уся заля гэтага Ліпі, так?

– Не, – суха адказала бабулька. – Гэта адзіны ягоны твор у нашым музэі.

І, абражаная невядома чым, пайшла прэч, напышліва выпрастаўшы сьпіну. «Сварлівая бабуля», – адзначыў Рыгор, ужо пачынаючы прывыкаць да жаночых паводзінаў. Ён разгледзеў суседнія карціны, сярод якіх былі і кампактнейшыя, але Піліп Ліпі быў сапраўды адзіным. Ён прысеў на сінюю канапку непадалёк. Павярнуўся: бабулька, не рызыкуючы пакідаць Рыгора аднаго, праходжвалася па суседняй зале. Уладкаваўшыся бокам, ён ціхутка выцягнуў новае піва, непрыемна цёплае і ўзбоўтанае, падчапіў корак ключыкам. Шума пышна хлынула на сінюю тканіну канапкі, і Рыгор таропка сунуў рыльца ў рот. Здаецца, бабуля нічога не заўважыла.

Папіваючы піва, Рыгор разважаў, што карціна ўсё ж такі завялікая. «Мэтра два ў вышыню, ня менш. Хоць, калі на таксі... Можна да даху прывязаць. А як давалачы да вуліцы? Цяжкая нябось». Алтар вісеў на двух акуратных тросіках, скінутых са столі. Рыгор наблізіўся зноў, паспрабаваў зазірнуць за раму, але яна шчыльна прылягала да сьцяны. «Халера зь ім. Усё ж я Піліпу вінавайца – вось і будзе яму падарунак. Напружуся». Ён узяўся за раму і пацягнуў – цяжкая. Адразу ж са столі тужліва і гучна запікала сыгналізацыя. З суседняе залі пачуўся пасьпешлівы тупаток, і ўбегла бабулька-наглядальніца.

– Зараз жа адыдзіце! Карціны нельга чапаць! – яна пацягнула яго за рукаў суколцы.

– Прысь, бабуля! Акыш! – ён адхіліў яе і тузануў алтар уніз, але той быў прымацаваны векавіта.

– Што ж ты творыш, лярвёнак! – загаласіла яна і павісла на ягоных руках. – Жандары! Хуліганства! Рабунак!

Рыгор адпусьціў карціну і паспрабаваў адсунуць бабульку, але яна ўчапілася намёртва, лямантуючы пра суровыя кары, што спасьцігнуць яго па прыбыцьці жандараў. Ён згроб яе за камізэльку ды з усіх сілаў страсянуў. Галава бабулі матлянулася, і яна спужалася, абвяла, пусьціла. Рыгор адштурхнуў яе, і яна пабегла прэч, галёкаючы і ўздымаючы рукі. «Ну і бабка! Баявая», – ён пацёр далоні, грунтоўна ўхапіў тоўсты багет збоку і тузануў. Хруснула. Яшчэ раз. Храбусь! Храбусь! «Што храбусь, здымайся давай!» – Рыгор падскочыў, схапіўся за верх рамы, і з усяго размаху павіс на карціне. У апошні раз хруснула – і алтар з грукатам і трэскам абрынуўся на падлогу. Рыгор выпрастаўся і атросься. Адзін кут рамы зламіўся, але папраўна: можна было яго склеіць і змацаваць ззаду лёстачкай. Ён перакуліў карціну на сьпіну, цэлым бокам рамы да сябе, і пацягнуў плазам да выйсьця. Сыгналізацыя панура пікала, зламаная рама непрыемна скрыгатала па паркеце. Ці пралезе ў дзьверы? Пралезла.

Насустрач яму выбеглі бабулькі – квіточніца і наглядальніца – квіточніца трымала ў руках вялікі чорны пісталет.

– Па нагах, па нагах яму цэлі! Толькі ў паркет не патрапі, – крычала наглядальніца.

– Стой! А ну кінь карціну! – крычала квіточніца.

Яна трэсла пісталетам. Рыгор адпусьціў карціну, і тая шумна павалілася. Ён кінуўся на квіточніцу, выцягнуўшы рукі, каб адабраць пісталет. Бах! – аглушальна разарваўся стрэл. Абедзьве бабулі завішчалі, гледзячы кудысьці за сьпіну Рыгору, а наглядальніца нават закрыла рот рукамі. Мабыць куля трапіла ў каштоўную карціну, але Рыгору да гэтага не было справы – ён ужо вырваў пісталет і, трасучы ім, лаючыся і страшна круцячы вачыма, прымусіў бабулек удваіх падняць карціну сьпераду. Сам ён акуратна ўзяў раму за зламаны бок і штурхнуў карцінай бабулек.

– Наперад, бабулі!

Яны хісталіся і галасілі, але пайшлі.

– Давай-давай! Весялей! Усё роўна на яе тут ніхто не глядзіць. А я яе сябру адвязу, у Менск. Ён вялікі фанат гэтага Ліпі! Цёзка. Можа нат сваяк які далёкі – хто ведае? А раму палатаю, не хвалюйцеся, у мяне рукі з тога месца растуць, зь якога трэба.

Але сыгналізацыя пілікала недарма. Калі яны ўжо спускаліся лесьвіцай, павярнуўшы карціну бокам, дзьверы Луўра расчыніліся, і ў хол уварваліся жандары – тры дзяўчыны ў зялёных строях, чорных чаравіках і нізкіх цыліндрычных фуражках. Звонкімі галасамі яны запатрабавалі апусьціць нарабаванае на падлогу, стаць тварам да сьцяны, а рукі закласьці за галаву. Яны цалкам сур'ёзна цэлілі ў Рыгора свае маленькія аўтаматы, і алтар прыйшлося зноў кінуць. Бабулькі трэсьлі гнеўнымі пальцамі ў Рыгора, а той скочыў і сагнуўся, схаваўшыся за белай балюстрадай, што агароджвала лесьвіцу. «Вось засада», – думаў ён зь вялікай прыкрасьцю і хмурыўся.

– Кідай зброю! – і дзяўчаты затупаталі па прыступках.

– Трымайце вырадка! – падначвалі зьбелянелыя са злосьці бабулькі.

Прыгінаючыся, Рыгор памчаўся галерэяй, што агінала хол па пэрымэтру. Жандары не адразу зразумелі ягоны хітрык, і беглі за ім усе ўтрох. Адна ляснула аўтаматам і выпусьціла па ім кароткую траскучую чаргу – тра-та-та! Пырснулі каменныя дробкі, узьляцеў сухі беліўны пыл. Бах! – стрэліў ён наўздагад, назад. Не адчуваючы ног, пераскокваючы празь дзесяць прыступак, Рыгор пранёсься процілеглай лесьвіцай, пад віск куляў перакінуўся холам і віхурай вырваўся вонкі.

– Стой! Стой!

Тра-та-та! Тра-та-та! Зайцам пятляючы вулачкамі, рысьсю пералятаючы масты, дзікім кабаном праломваючыся праз хмызы. Азірнуўся і – Бах! Бах!

– Стой! Сыходзіць, гад! Трымай яго!

Тра-та-та! Празь перакрыжы на чырвоны, цьмяным ценем праз гулкія тунэлі, спрынтарам па транспартных разьвязках. «Даўно я так ня бегаў! Сучкі, зусім мяне загнаць наважыліся!» Тра-та-та! Бах! Прасёлкавая дарога, але накшталт ня тая, якая... Як там Жулі? Лугамі, палямі, вінаграднямі – да прыстані. Хісткімі дошкамі, з разьбегу – у ваду!

– Вунь ён! Нырнуў! Бачыш? Дый вунь жа, паплыў! Вось падла!

Рыгор адьдзімаўся, адчмыхваўся і моцнымі сажэнкамі плыў да другога берага.

8. Як Лявон спасьцігаў патаемнае

Лявон прачнуўся пад мяккім бярозавым ценем, на сьвежай траве. Маленечкі вусень, выгінаючыся, апускаўся па павуцінцы на ягонае плячо. Ён ізноў зачыніў вочы, паляжаў, але сон ужо ня йшоў. Сеў, крануўшы кашуляй вусеня, і той, атрымаўшы жаданую паверхню, адразу ж папоўз кудысьці ў бок. Лявон агледзеўся. Ягоная бярозка расла на краю нізкага, невыразна-цёмнага лесу. Наўпрост перад ім стаяла трухлявая халупа, са сьценамі з крывых шэрых рэйкаў і саламянай страхой, насупраць хаціны хіліўся ўва ўсе бакі нізкі плот з гародам унутры, а яшчэ далей з-за чаротавых зарасьнікаў праглядала рака. У чароце, апусьціўшы галаву і памахваючы тонкім хвастом, стаяла задуменная падласая карова. Павеяў ветрык, і Лявона накрыла салодкім пахам кветак. Ён абярнуў галаву: зьлева, на сонечным пагорку, калыхаліся сотні рознакаляровых рамонкаў-касьмеяў, а пасярод гэтага яркага воблака стаяла, прыпадняўшы далоні над пялёсткамі, высокая жанчына ў бэзавым сары.

Ад абароту балюча апякло абпаленыя плечы і шыю, але жанчына была да тога прыгожая, што ён амаль не заўважыў болю. «Можа, яна здаецца мне высокай, бо стаіць вышэй за мяне, на ўзгорку?» Яна ішла да яго, з чырвонай кропкай паміж бровамі, з коратка абстрыжанымі сьветлымі валасамі, усьміхаючыся, ведучы пальцамі па касьмеях.

– Устань, пойдзем, я абмою цябе, – мовіла яна, набліжаючыся. – Ты ўвесь згарэў. Добра, што здолеў заснуць, сон ацаляе. Як цябе завуць?

– Лявон.

Плыўная, але пругкая хада, расслаблены рух уздоўж матэматычна дакладнае лініі – ад бярозы да зарасьляў чароту. Ён ішоў за ёй, у духмяным воблаке. Спынілася – ростам зь яго ці нават крыху вышэйшая. Зірнула ў вочы і назвала сябе: Лакшмі. Загадала распрануцца дзеля абмываньня, і Лявон паслухмяна пачаў расшпільваць гузікі. Ёй было каля трыццаці. Або каля сарака? Як пакутліва здымаць кашулю – скуру быццам паляць агнём! Разбуўшыся, ён пакратаў нагой цякучую рачную ваду.

1 ... 77 78 79 80 81 82 83 84 85 ... 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)