Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
Ён здрыгануўся і недаўменна памiргаў. У сонечным промені плылі парушынкі. Ліджуан ужо сыйшла, забраўшы свой посуд. «Значыць, каб матчыну хату не спалілі, трэба есьці рыс?» – ён узяў палачку і дакрануўся ёю да сама верхняе рысынкі. Ліпне. Не, гэта абсурд, я ня буду есьці. Азіраючыся абапал, як злодзей, ён выйшаў зь нішы. Дзяўчынкі не было. Зрабіў наском ямку ў сырой зямлі пад кустом бэзу і ссыпаў туды рыс. Зараўняў. Угнаеньне кусьціку, будзе лепей расьці. Але ці не цынічна? Рыс – расьліна, бэз – расьліна. Расьліна сілкуецца расьлінай? Як брыдка ўсё ўладкована! Ён непрыязна сажмурыўся, павярнуўся назад да аркі і ўбачыў перад сабой Ліджуан. Узмахнуўшы шырокімі рукавамі, яна імкліва павярнулася вакол сябе – і раптам нешта сьцебанула яго па нагах. Страціўшы раўнавагу, Лявон паляцеў на зямлю і балюча грымнуўся на хвасьцец. Ліджуан, шырока расставіўшы басыя ступачкі і склаўшы далонь да далоні, спадылба глядзела на яго.
– Бачыш, ты зусім безабаронны! Ты млявы і няўважлівы! Тваё цела паслабленае голадам, а дух кволы праз сонную ляноту!
І, пагардліва выпрастаўшыся, яна выдалілася.
– Ліджуан! – паклікаў ён раніцай, калі яна нібы няўзнак праходзіла міма. – Можна цябе папрасіць? Кубачак рысу і кубачак чаю?
Дзяўчынка зазьзяла. Яна падскочыла да яго, і, упёршы рукі ў калені, прапішчала: значыць, кнігі кажуць праўду! У мяне атрымалася! Што ў цябе атрымалася? Старажытныя сьвятыя, якія напісалі кнігі, яны білі сваіх вучняў! І тады тыя спасьцігалі ісьціну! Падыходзілі ціхутка ззаду – і грох палкай! І наступала празарэньне! Калі ты захацеў есьці і піць, дык ты ўжо на шляху! І яна пабегла за гарбатай.
– А гэта не зажорстка – біць вучняў? – спытаў Лявон, праз колькі хвіляў прымаючы зь яе ручкаў кубак. Які гарачы.
– Падумаеш! – яна чмыхнула. – Дзеля празарэньня мусіш пацярпець! Ведаеш, калі ты станеш прасьветленым, дык зможаш лётаць!
– Лётаць?
– Уздымацца над зямлёй і завісаць!
– Навошта мне гэта?
– Напрыклад, хтосьці хоча ўдарыць цябе, а ты ўзьлятаеш!
Яны балбаталі. Лявон мучыў сябе гарбатай і нават зьеў трохі рысу. Куды ён потым дзенецца зь цела? Калі рыс есьці і есьці, дык у мяне будзе павялічвацца жывот, як у Рыгора? З балбатні ён зразумеў значнае: у дзявочых кнігах напісана, што ёсьць два шляхі – шлях мудраца ды шлях ваяра. Можна з роўным посьпехам пачынаць з кожнага, бо потым яны сыходзяцца ў адзін, а ў ягоным канцы – даканцовае празарэньне. У чым яно заключаецца, звычайнаму чалавеку зразумець няможна, патлумачыла Ліджуан. А мо я ўжо прасьветлены, га? Яна засьмяялася, зморшчыўшы носік – які ты дурны! – і няўлоўным рухам выхапіла зь ягоных пальцаў пусты кубак.
– Бачыш? Як лёгка забраць у цябе тваё! А ты кажаш, прасьветлены! А ісьціну ты спасьцігнуў? А Творца сусьвету табе зьяўляўся? Ты на’т мэдытаваць ня ўмееш, засынаеш, як маленькі хлопчык! Табе трэба з сама пачатку пачынаць! З драўлянае палкі!
Так Лявон уступіў на шлях ваяра.
Ліджуан будзіла Лявона на ўзыходзе сонца, і яны беглі роснай травой вакол храма, у шэрым сьвітальным паветры. Яна прымусіла яго зьняць туфлі і шкарпэткі, і ён з жахам глядзеў у час бегу пад ногі, на стары шурпаты асфальт, асьцерагаючыся за безабаронныя пальцы. Баяўся сарваць пазногаць. Ён падзяліўся зь ёй сваёй апаскай, на што яна адказала: у мяне ёсьць і бінт, і ёд. Лявон зьдзіўляўся: хіба не прасьцей засьцерагчыся, чым потым гаіць? Але засьцярогай яна грэбавала.
Бегаць было цяжка: ужо на другім крузе ён пачынаў задыхацца, сэрца калацілася, у грудзёх гарэла і хрыпела, сусьлі ліліся ручаём. У іхную першую прабежку ён спыніўся, рукі ў калені, і крыкнуў Ліджуан у сьпіну, што хоча адпачыць і далучыцца да яе пазьней. Яна адразу ж вярнулася, абабегла яго дый з размаху штурхнула ў зад – так, што ён узмахнуў рукамі і ледзь не паваліўся. Бяжы!
Потым яны пілі чай ля помніка Бодхідхарму, які забівае дзідаю зьмея, і пачыналі заняткі. Прыкладам, прысяданьні. Трэба было бясконца доўга прысядаць – то глыбока і не адрываючы пяткаў, то застываючы на чвэрці, то выгнуўшыся ўбок. «Хутчэй, хутчэй!» – пішчала Ліджуан, прысядаючы з выразнасьцю сэкунднае стрэлкі. Ці скокі са скакалкай. Лявон старанна падскокваў, але гумка білася аб зямлю, трапляла яму па нагах, блыталася ў пальцах. А Ліджуан магла скакаць гадзінамі, як пругкі мячык, на правай і на левай, ногі разам, ногі ўбокі. Нахілы, прысяданьні, падцягваньні, адцісканьні. Адзінае, што падабалася Лявону – гэта баі зь «мячом», драўлянай палкай, супраць высокага каштана, шматкроць абгорнутага тканінай, якая абараняла кару ад пашкоджаньняў. Сякучыя ўдары з рукі і з пляча, колючыя з усяго корпуса. «Малайчына!» – крычала Ліджуан, і яны пачыналі біцца адно з адным. Яна заўсёды перамагала, пакідаючы яму сінякі, якія паціху цямнелі. А найжахлівейшым практыкаваньнем была расьцяжка. Расстаўляючы ногі як мага шырэй, Лявон апускаўся ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль цягліцы на ўнутраным боку сцёгнаў не пачыналі востра балець – і ў гэтым становішчы пакутліва пагойдваўся. Ліджуан падыходзіла ззаду і плыўна ціснула яму на сьпіну, не зьвяртаючы ўвагі на ягоныя скаргі і стогны.
Шлях ваяра быў няпросты, а ў кампаніі Ліджуан – бадай невыносны! Яна не выпускала мажлівасьці нечакана стукнуць Лявона – ёй падабаліся гульні, якія пераходзілі ў злосьць і ў сапраўдны боль. Яна любіла застаць яго ў задуменнасьці і пстрыкнуць па носе, скубануць, тыкнуць у рэбры і падставіць падножку. Лявон адчуваў, што дзяўчынка чакае адказу, пагоні, сяброўскае бойкі, але ўсё гэта адштурхоўвала яго. Непрыемна і чужа. Лежачы на сваёй цыноўцы, ён абмацваў ныючыя месцы на целе, моршчыўся і не любіў Ліджуан.
Праз колькі нясьцерпных дзён ён надумаўся ісьці шляхам ваяра самастойна, і аднойчы ўвечары, калі Ліджуан заснула, ціхутка сышоў з Шаоліня.
9. Як Рыгор істраціў надзею
Рыгор выпаўз на бераг непадалёк ад Статуі свабоды і застаўся ляжаць на пяску, ледзь дыхаючы і стогнучы. Столькі плаваць яму не даводзілася ніколі. Сэрца тахкала знутры так моцна, што каўнер мокрае суколцы ўздрыгваў, і пры кожным уздрозе зь ягонага кутка зрывалася кропля. Зьверху кружылі чайкі, крычалі, пікіравалі. Рыгор моршчыўся. Адляжаўшыся, ён устаў і рушыў да гораду, на хаду сьцягнуўшы торбу з плячэй і памацаўшы ўнутры. Усё размокла спрэс. Францускі багет ператварыўся ў агідную цюру, пачак цыгарэтаў – у ліпкую аладку, пакункі даляраў – у сьлізкія камякі. Ён сеў ля набярэжнага парапэту і пачаў акуратна расслойваць банкноты, раскладваючы іх вакол сябе канцэнтрычнымі коламі. Рыгор ведаў – чуў ад некага – што ў Амэрыцы бяз грошай рабіць няма чаго. Дык хай сонейка іх высушыць.
Перш за ўсё Рыгор наведаў псыхааналітыка. Місіс Сара выглядала вельмі свабодна і сучасна, яна правяла яго ў кабінэт, між іншым згадаўшы пра памер ганарару і пра сваё шматгадовае і шчаснае замужжа. Жадаеце кавы? Ці можа кукурузавы хлеб? яна пасадзіла яго на канапку, а сама ўладкавалася ў плеценым фатэле за нізкім столікам. Непрыгожы, але ветлівы твар, кароткія валасы, пафарбаваныя ў белы, худыя плечы, схованыя ў мяккі дэмакратычны пінжачок. Рыгор, умінаючы хлеб, расказаў ёй, што жыцьцё бадзягі зь некаторых часоў зрабілася яму не да спадобы, што ён хоча пасталець і завесьці сям'ю, але нічога не выходзіць. Як слушна пачаць? Сара горача падтрымала яго:
– Вельмі разумнае жаданьне, Рыгору! Ты ўжо зрабіў першы крок на шляху да самарэалізацыі, душэўнае раўнавагі і шчасьця. Раскажы мне пра сваё жыцьцё крыху падрабязьней, і мы разам знойдзем найэфэктыўнейшы шлях да посьпеху.
Рыгор раскрыў рот, але закашляўся. У грудзёх балюча хрыпела. Сара нахмурылася і пацікавілася пра мэдстрахоўку. Рыгор казаў, што кашляе зь дзяцінства, і гэта для яго не хвароба, што ён толькі-толькі прыбыў у Амэрыку, і страхоўкі ў яго пакуль няма. І што ён ужо не аднойчы спрабаваў наладзіць сур'ёзныя зносіны з жанчынамі, але яны нязьменна адпрэчвалі яго. Можа быць, у вашай краіне ў мяне ўсё атрымаецца? Сара запэўніла яго ў безумоўна-пазытыўным выніку і параіла распачаць новае жыцьцё з уладкаваньня на працу.