Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Рабаваньне па-беларуску - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Рабаваньне па-беларуску

Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:

Рабаваньне па-беларуску
1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89
Перейти на страницу:

– Навошта? У мяне і бяз працы шмат грошай! – Рыгор выцягнуў з торбы кучу бугрыстых, няроўна высахлых купюраў, патрымаў у руцэ, аддзяліў колькі на ганарар, а астатнія сунуў назад.

– Не-не, Рыгор, гэта не падыходзіць. Зараз ты падобны да крымінальніка, які абрабаваў бэнзакалёнку. Гэта можа спадабацца толькі бяздомнай хіпоўцы. А сур’ёзным жанчынам патрэбная ўстойлівасьць і ўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Ты ўмееш штосьці рабіць?

З наступнага дня абнадзеены Рыгор уладкаваўся працаваць у аўтасэрвіс. У аранжавым камбінэзоне і фірмовай бэйсболцы ён праходжваўся па стаянцы, напяваючы ціхія песьні, і чакаў кліентаў. Яны не зьяўляліся падоўгу. Ён пасьпяваў выкурыць паўпачку цыгарэт, падрабязьнейшым парадкам разгледзець свае новыя красоўкі, выпіць пару бляшанак піва ўпотай у прыбіральні. Ён забаўляўся тым, што раскладваў на стале шматлікія адвёрткі – спачатку па велічыні, потым па колеру дзяржальняў, потым дадаваў у гульню пасатыжы, абцугі, кусачкі і будаваў зь іх геамэтрычныя фігуры. Час цягнуўся, бавіўся, і Рыгор парою губляў адчуваньне рэальнасьці – яму раптам здавалася, што сьцены аўтасэрвісу вагаюцца, і празь іх праступаюць абрысы ягоных родных менскіх гаражоў.

Але нарэшце які адзінотны аўтамабіль збочваў з трасы і няўпэўнена спыняўся на ўезьдзе. Рыгор сьпяшаўся да шлягбаўма, падымаў яго і бег перад аўтамабілем, запрашальна паварочваючыся. Звычайна патрабавалася выправіць нейкую дробязь: замяніць перагарэлую лямпачку ў паказальніку павароту, умацаваць разгойданы нумаровы знак або вызваліць захраснуты паплавок у бачку абмывацеля. Уладальніцы аўто паводзілі сябе па-рознаму. Далікатныя брунэткі з чубкамі спалохана глядзелі вялізнымі вачыма праз ішкло, наадрэз адмаўляючыся выходзіць з машыны, мажныя фэрмэрыхі грузна выбіраліся зь пікапаў і па-гаспадарску соўгаліся па надворку, мурынкі ў спартовых гарнітурах абапіраліся падцягнутымі задкамі на бампэр і насьцярожана запальвалі цыгарылы. Сара раіла Рыгору паводзіць сябе на працы ветліва, але вытрымана, і ён, цалкам даверыўшыся ёй, маўчаў, усьміхаўся і спрытна круціў дамкрат.

На перапынку ён ішоў у бістро і заказваў абед: набор шчодра загорнутых у фольгу гамбургераў і чызбургераў, кардонавае вядзерца з бульбай-фры, круглыя курыныя кумпячкі ў карычневай крупцы і два вялікіх піва. Потым ён браў кексы ды яшчэ адно піва. Сара казала, што на абедзе ён можа паводзіць сябе вольна і нават улучацца ў нескладаныя вэрбальныя камунікацыі, калі ёсьць жаданьне. Аднак партнэраў камунікаваць не знаходзілася – бістро пуставала. Толькі зрэдку забягалі за марозівам школьніцы з шалёнымі вачыма, а па цотных чыслах у куце зьбіралася на каву зь бісквітамі кампанія немаладых палісмэнак. Рыгор пасылаў ім пяшчотныя ўсьмешкі і стараўся есьці кекс элегантава, не крышыць, але палісмэнкі так і не падаравалі яму аніводнага позірку.

Па абедзе час ішоў хутчэй. Па абедзе статут кампаніі дазваляў уключаць радыё, па якім безупынна круцілі блюзавыя рымэйкі Шубэрта, Шумана і Шастаковіча. Рыгор сядаў у аўтакрэсла, прытупваў ступакамі і з задавальненьнем падпяваў. Пад канец працоўнага дня спускаўся ў мыйку і абліваў сябе ледзяной вадою са шлянга. Потым курыў дрыготкай рукою, пакідаючы на цыгарэце шэрыя плямкі вільгаці. Ён пакуль што не рызыкаваў казаць Сары пра празарэньні, з боязі страціць ейны давер. «Трапіцца добры выпадак – скажу».

У час наступнага візыту Сара заўважыла, што Рыгору трэба купіць сабе аўтамабіль. «У крэдыт?» – спытаў ён, перачуты пра гэтую амэрыканскую традыцыю. Але на ягонае зьдзіўленьне, Сара параіла набыць ужываную машыну – бо аўтамэханік мусіць мець асаблівае аўто! Якая-небудзь старая, але адмысловая мадэль, незвычайна размаляваная. Рыгор пайшоў у задуменнасьці і колькі вечароў апасьля гэтае размовы правёў на абочыне фэдэральнае магістралі, разглядаючы машыны, якія праносіліся міма, і гартаючы глянцавыя каталёгі. Ён натхняўся абрысамі Доджаў, Плімутаў, Крайсьлераў, Шэўрале, Джэнерал Мотарсаў і з апэтытам закусваў уражаньні тоўстымі хот-догамі. Ён зьвяртаў увагу толькі на аўто мінулага стагодзьдзя, але мадэлі 90-х здаваліся яму несамавітымі, 80-х – нязграбнымі, 70-х – прыкра прастакутнымі. Больш за ўсё Рыгора натхнялі футурыстычныя 60-е, і ён, здалёк убачыўшы знаёмыя абрысы, падымаўся з травы, прыкладваў далоню брылём да лба і пільна паварочваўся ўсьлед аўто. І аднойчы, заўважыўшы ягоную цікавасьць, крэмавы зь нікелем Лінкальн Кантынэнтал замарудзіў ход і спыніўся побач з Рыгорам – велічны, як параход. Карычнева загарэлая – ці такая нарадзілася? – карэянка нахіліла гладкую галаву, зазіраючы Рыгору ў твар, і прапанавала падвезьці. Пакінуты на траве пакунак з хот-догамі прымусіў яго засумнявацца і праглынуць, але ён наважыўся. Пацягнуў лякавыя дзьверы, сеў на рыпнуўшую пад джынсамі скуру сядзеньня. І адразу зразумеў, што пошукі скончаныя.

– Прадай цялежку, сястрычка?

– Вось адразу і прадала! – яна засьмяялася, паправіла пальцам акуляры, зрушыла рычаг. Лінкальн паплыў, павольна набіраючы ход. – Гэта майго мужа лайнер, калі што. Ён даўніну любіць, надакучыў страшэнна! Вось вазьму і прадам. Якога трасца, сапраўды, га? Калі мне падабаюцца спартовыя Хонды, дык чаму я павінная сабе адмаўляць? Вось ён хіба сабе адмовіў дзеля мяне? Хоць разу, га? У цябе ў самога жонка ё? Няма? Ну і добра, гэта хоць сумленна! Хочаш жыць у сваё задавальненьне – дык жыві, хто супраць. Але іншых у гэтую справу не цягні! Вось паслухай...

Яна доўга скардзілася Рыгору на мужа, а ён уважліва ківаў, крадком пагладжваючы аздабленьне дзьвярэй. Карэянка – ці хто? – разьятрывалася, паглядала лютым чорным вокам, сварылася ў паветра – і раптам пагадзілася. Гэта відавочна быў парыў, нэрвы, але Рыгор учапіўся. Так! Сёньня! Зараз! Грошы, дакумэнты, рухавік! Паддалася. Разьвярнуўшыся на блытанай дарожнай разьвязцы, яны падплылі да аўтасэрвісу. Рыгор зьбегаў па грошы і заплаціў ёй у два разы больш за ейную лічбу, пасадзіў у таксоўку, памахаў рукой. Няўжо гэтае шчасьце – маё? І ён забыў пра ўсё, зьнік з жыцьця.

Праз тыдзень ён ізноў зьявіўся да Сары – вясёлы, памаладзелы, з водарам сьвежага бэнзіну. Яна выглянула ў вакно і вохнула:

– Які цуд, Рыгору! Гэта менавіта тое, што я мела на ўвазе, дый на’т лепей! Маеш выдатны густ. Гэтая машына падыходзіць табе ідэальна. Калі б я не была тваім псыхолягам і не была замужам, дык я б напрасілася пакатацца. Ну што? Працягнем?

І яны працягнулі. Зараз, сказала Сара, трэба шукаць хату. Яна разаслала на стале мапу і вылучыла алоўкам раёны, прыстойныя аўтамэханіку. Ён глядзеў на востры аловак, на ейныя вытанчана-выпуклыя пазногці зь пэрлямутравым лакам і чорным расьлінавым малюнкам, ўдыхаў парфуму з тонкага пляча, але дакрануцца не рызыкнуў. Зрабіўся асьцярожны. Навошта псаваць? Усё роўна не атрымаецца. Сара спытала, ці запомніў ён назвы раёнаў. Не? Запісала на аркушыку, працягнула. Пасадзіла яго на канапку, распытала пра пачуцьці, пра ўражаньньні.

– Дык якія пачуцьці, няма ніякіх асаблівых пачуцьцяў... Добра ў вас тутака, мне падабаецца! Быццам нарадзіўся ў Амэрыцы.

– Гэта толькі пачатак, Рыгору. Далей будзе яшчэ лепей! Ты падлячыўся ці яшчэ кашляеш? Здаровае цела – гэта неадымная частка шчасьця.

Ён запэўніў яе, што ўжо амаль ня кашляе. Яна прынесла яму кавы і два кавалачкі кукурузавага хлеба. І яны зноў працягнулі. Голас Сары гучаў даверліва: паралельна з пошукам хаты надыйшоў час пачынаць актыўнае прыватнае жыцьцё. Праца – гэта ня ўсё, што ёсьць у жыцьці чалавека! Па ейнаму ўрачыстаму твару было прыкметна, што яна ганарыцца гэтай сваёй думкай. Яна пусьцілася ў падрабязнасьці. Табе трэба бываць на людзях, Рыгор. Запісацца на фітнэс, па пятніцах хадзіць у ночны клюб, па выходных загараць на пляжы, глядзець усе кіна-навінкі, ежы купляць паменей, але хадзіць за ёй часьцей, а штотыднёва ладзіць вялікі шопінг. Будзь адкрыты, усьміхайся! Ня думай пра мэты, пра жаніцца. Абстрагуйся. Проста будзь такім, які ты сёньня – вясёлы, ветлівы, шчасьлівы. Шчасьлівыя людзі прыцягваюць. Рыгор пазначаў на абароце аркушыка, бледна-малінавага, падушанага.

Калі ён выйшаў ад Сары, быў пятніцкі вечар. На аркушыку значыўся ночны клюб, і Рыгор павольна паехаў змрочнымі вуліцамі, выставіўшы локаць вонкі за шкло і паварачваючы наўздагад. Учытваўся ў нэонавыя шыльды: Night Flight, Boys Toys, Gop-Stop Lounge, Purcell Chillout. Пёрсэл! Рыгор успомніў пра тату. Стоп. Сюды. Хмурачыся на ўспаміны, ён спусьціўся каменнай лесьвічкай уніз, у цокаль. Дзьверы з цынкавым аздабленьнем, калідорык з утульна скруглёнымі кутамі. Вартаўніца востра зірнула, але не перашкодзіла.

1 ... 80 81 82 83 84 85 86 87 88 89
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)