Рабаваньне па-беларуску
- Автор: Липень Пилип
- Год: 2010
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Рабаваньне па-беларуску». Краткое содержание книги:
У гэты момант у вітальні рыпнулі дзьверы сутарэньня. Рыгор схапіў са стала белую вазку са стакроткамі, у два крокі выскачыў зь ядальні дый з усёй намогі шпурнуў букецік у глыбіню лесьвіцы. Пляснуўшыся аб вушак, вазка разарвалася бомбай, а разьяднаныя стакроткі яшчэ колькі сэкундаў пырхалі, асядаючы вільготнай дугою на падлогу. Дзьверы спалохана зачыніліся. Рыгор паважна вярнуўся за стол, дапіў шклянку і раптам натхнёна пляснуў па лобу: «Трэба яе застудзіць! Вось разьвязаньне! Яна адразу зразумее, што ды як мае быць на гэтым сьвеце». У хваляваньні ён падыйшоў да вакна і, пагладжваючы сэрвант, глядзеў у палісаду. На фоне кветнікаў яму маляваліся ідылічныя сцэны – зь ціхімі сямейнымі вячэрамі, са шпацырамі паўз вінаградняў, з папраўкай старых фольсквагэнаў, з добрай усьмешкай на Жуліным твары. Верная жонка, добры муж, пляны на адпачынак…
На верандзе ён знайшоў сіняе эмаляванае вядро, прыладзіў яго пад кранам у мыйцы і пусьціў халодную ваду. Але як тонка і павольна льецца! Ён чакаў, тупаючы нагой, пакуль вядро напоўніцца хоць бы па абадок. Дастаў, трохі расплюхаўшы. Спусьціўся ў сутарэньне і знайшоў Жулі на стосе кардонавых каробак з бутэлькай віна ў руках. Без аніякіх тлумачэньняў Рыгор цяжка размахнуўся і шухнуў на яе шырокую вадзяную хвалю. Яна віскнула, падхапілася і ў шаленстве швырганула ў яго віннай бутэлькай. Міма. Рыгор раўнуў і замахнуў вядром. Выйшла натуральна, і яна, рыдаючы са спалоху і крыўды, апусьцілася назад на скрынкі. Мокрая карычневая сукенка жаласьліва абляпіла ейную рабрыстую сьпіну. «Не раві! Гэта дзеля твайго ж дабра. Потым яшчэ падзякуеш мне! І ціха сядзі, ня рыпайся».
Асьцерагаючыся прыступаў агрэсіі зь ейнага боку, Рыгор заблякаваў дзьверы стольцам. Потым, дзеля справядлівасьці, выйшаў на тэрасу, мужна расставіў ногі і абліўся вадою сам. Брррррааах! Апасьля нетаропка шпацырыў па пакоях, скаланаўся і думаў – як паскорыць ейную застуду? Бо ў склепе ня надта ўжо і холадна. У засяроджанасьці Рыгор спыніўся перад бюстам Напалеона і раптам нечакана, краем сьвядомасьці, зразумеў, што знаходзіцца ўва Францыі. Гэта ня дужа зьдзівіла яго – паскораныя перамяшчэньні па прасторы ўжо зрабіліся звыклыя. Францыя дык Францыя. Вось толькі за нямецкіх кампазытараў крыўдна, так і не пабываў на іхнай бацькаўшчыне. Праскочыў Германію ў нейкі момант… Ён глянуў на ганарыстага Берлiёза і вярнуўся на веранду. «Бэрлiёз, Бізэ, Сэн-Санс – якое паскудзтва гэтыя францускія сымфаністы! Ну хіба што Франк». Ён ізноў напоўніў вядро вадой і паставіў яго ў халадзільнік.
Убачыўшы Рыгора зь вядром у руках, Жулі абняла сябе за плечы і скурчылася.
– Ты хочаш мяне забіць, га? Скажы! Ты хочаш, каб я памёрла? – яна горка заплакала. – Калі ласка, калі ласка, не аблівай мяне… Не рабі гэтага…
Ён разьбіў круглы ледзяны пляст на заінелым вядры і прыцэльна пляснуў ёй на плечы, на грудзі. Як і мінулага разу, яна ашалела і кінулася на яго з пазногцямі. Рыгор спрытна схапіў яе за руку і балюча сьцяў, жорстка працадзіўшы, што зараз адрэжа ёй вушы. Адрэжу, халера! Яна адразу абвяла, і толькі сутаргава хліпала. Рыгор засаромеўся і, каб неяк прымірыцца, расказаў сьвежы анэкдот:
– Селі аднаго разу Экзюперы з маркізам дэ Садам адзін насупраць аднаго ў аўтобусе. Едуць. Сад глядзіць у вакно, маўчыць. Экзюперы хмурыцца. Сад ветліва ўсьміхаецца. Экзюперы адварочваецца, падціскае вусны. Сад запытальна падымае брыво. Экзюперы пырхае, пагардліва жмурыцца. Нарэшце Сад пытаецца: што здарылася, даражэнькі Антуане? І тут Экзюперы раве на ўвесь аўтобус: ня сьмей думаць гэта пра майго Маленькага прынца!!!
Рыгор чакаў хоць бы ўсьмешкі, але Жулі толькі зіхацела вачыма, ненавісьніцкім шэптам заклікаючы на ягоную галаву гнеўнага мужа і грозных жандараў.
Пакуль Жулі застуджвалася, Рыгор рассудзіў не губляць часу і выправіцца паглядзець на Парыж, калі ўжо трапіў да французаў. Ён шчыльна прычыніў дзьверы ў сутарэньне, сунуўшы паміж палатном і вушаком кавалак кардону, але блякаваць іх зэдлічкам ня стаў – каб Жулі ў якім выпадку здолела выбрацца. На дарогу ён падмацаваўся рэшткамі цыбулёвага супу, знойдзенага на пліце ў рондальцы, і, выпіўшы добры бакал віна, выйшаў з хаты.
Палудзень ужо мінуў, сьпякота саступіла, і навокал расплываўся млявы спакой. Нерухомае лісьце дрэў, стомленыя мухі на сьценах дамоў, залацісты пясковы пыл на дарозе. Рыгор закінуў за сьпіну торбу і рушыў. Залацістыя аблачыны з-пад ног. Пад канец азірнуўся на хату і запомніў нумар – 17. Ён ня ведаў, у які бок трэба йсьці да Парыжу, але вяртацца і пытацца Жулі было няварта. Усё роўна дарога толькі адна, дык што дарма мітусіцца. У грудзёх крактала і папісквала, і ён закурыў. Тытунёвы дым напоўніў хрыпуткія поры, згладзіў шурпатасьці.
Вёсачка неўзабаве абарвалася, і ўздоўж дарогі пацягнуўся нізкі хмызьняк, ціхія сьветлыя палі, спадзістыя пагоркі. Цыгарэта яшчэ ня скончылася, калі насустрач Рыгору выплыў паказальнік «Парыж», з выразнай стрэлкай, накіраванай наперад па курсу, да зялёнага гарызонту. Рыгор затаптаў недакурак у зямлю, дадаў хады, і не прайшло і паўгадзіны, як ён ужо крочыў да цэнтру Парыжу шэрай каменнай набярэжнай, абыходзячы заводы, масты і складаныя транспартныя разьвязкі.
Пра Парыж Рыгор чуў няшмат: Эйфелева вежа, Луўр і Бастылія, якую быццам даўным-даўно разбурылі. Дзе іх шукаць, было незразумела. Мінакі не траплялася, а рэдкія машыны праносіліся міма, ігнаруючы ягоную паднятую руку. Дый ці трэба іх шукаць? Рыгор ня быў занадта заклапочаны аглядам славутасьцяў і наладзіўся на мінімум – невялічкі шпацыр па горадзе дый гастраном з халодным півам. Безаблічная аўтастрада ўжо стаміла яго, і пры першай мажлівасьці ён збочыў направа, апынуўшыся на ўтульным цяністым бульвары са старадаўнімі пяціпавярхоўкамі. Гастраномаў тут таксама ня бачылася, і Рыгор зьвярнуўся ў кафэ пад аранжавым тэнтам. Хмурная бармэнша нячульна прадала яму пяць бутэлек ледзянога піва, нават не зірнуўшы. Рыгор спытаў, ці слушна ён ідзе да Луўру, вунь туды, на што яна абыякава кіўнула. «Склеп па табе плача», – на дне Рыгора плесканулася злосьць, але плесканулася нямоцна.
Францускае піва ня ўразіла Рыгора густам, але дапамагло бавіць дарогу да Луўра, з даволі маркотнымі, аднастайнымі каменнымі дамамі і мутна-шэрай Сенай. Сам Луўр стаўся значна сьціплейшым за Рыгораву ўяву: двухпавярховая будыніна з чатырма калёнамі ля ўваходу і сумнымі скульптурамі ў нішах наўзбоч. «Што за трасца? Я думаў, ён будзе вялікі», – Рыгор азірнуўся абапал, шукаючы позіркам Эйфелеву вежу, але не знайшоў. З сумневам ён счакаў перад Луўрам і ўсёткі адважыўся ўвайсьці – трэба ж хоць недзе пабываць.
Бабулька-квіточніца доўга не хацела браць у яго стодаляравую купюру – угаворвала схадзіць памяняць яе на эўры. Рыгор нагінаўся перад празрыстым акенцам, усьміхаўся і на хаду прыдумляў рацыі, паводле якіх разьмен грошай быў немажлівы. Нарэшце бабуля махнула рукой і здалася, адарваўшы яму квіток ад тоўстага скрутку. Ён спытаў, ці ёсьць тутака карціны Піліпа Ліпі, і яна няпэўна кіўнула галавой у бок заляў.
На гранітнай падлозе добра адчувалася, што красоўкі гумовыя. Пругкі скрып-скрып. Рыгор адкаркаваў новую бутэльку і, разглядаючы паказальнікі, падняўся белакаменнай лесьвіцай. Сівавалосая, кучаравая бабулька-наглядальніца з высілкам устала з крэсла ля ўваходу ў залю і працягнула руку за білетам.
– Дзе ў вас Піліп Ліпі вісіць, бабуля? Я тут упершыню, пакуль што яшчэ ня звыкся, – ён азіраўся абапал.
– Ёсьць такі, ёсьць, а як жа! Італьянскі жывапіс, салён Карэ. Хадземце, я вас адвяду, – яна глядзела на яго так заклапочана і сур'ёзна, быццам гаворка йшла пра жыць ці памерці.
Яны рушылі залямі: маленькая белая бабуля, у чорнай сукенцы і шэрай футравай камізэльцы, ішла перавальваючыся і ледзь-ледзь бокам, а Рыгор, у нясьвежай сіняй суколцы і абвіслых джынсах, у воблаке піўных газаў, шыбаваў ззаду. Па сьценах цягнуліся бясконцыя біблейскія сцэны ў шырокіх пазалочаных рамах – Маткі Боскі, Немаўляты, Язэпы, магі і крыжы.