Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
Пазяхаючы, жанчына йдзе на кухню. Там нікога няма, з адчыненай форткі сьмярдзіць вясной. Жанчына адчыняе маразільнік і, аглядзеўшы зьмесьціва, запіхвае мяса. Там яму якраз знаходзіцца месца між важкай курай і шматом сала. Жанчына зачыняе лядоўню й доўга мые рукі пад кранам.
Потым яна гатуе адразу сьняданак, абед і вячэру. Сядзіць на душы ў лазьніцы, паўгадзіны прычэсваецца, апранаецца, фарбуецца й выходзіць з дому. Доўга чакае аўтобуса, на прыпынку натоўп, яна ўвязваецца ў размову зь нейкай цёткай з жоўтым тварам. Аўтобусу ўсё няма. Прыпынак і людзі на ім нагадваюць хлопчыку, які сядзіць за сьпінай бацькі ў недарагой машыне, кадр з прыгодніцкага фільму: крыга на бурнай рацэ, і на крызе спрабуе ўратавацца адважная экспэдыцыя. Нарэшце аўтобус прыязджае. Кіроўца зь нянавісьцю сочыць за панічнымі рухамі пасажыраў. Жанчына ўваходзіць і становіцца ля вакна. На ўзроўні яе шыі схілілася над спартовай газэтай галава Мурла. У канцы салёну сядзіць, як на троне, Кірыла Антоныч. Ля самых сярэдніх дзьвярэй прыціснуты да поручню непахмелены Бурцэвіч. Танюха заўважыла жанчыну й хаваецца за сьпіну свайго новага кавалера, каб яе не пазналі. Кіроўца лаецца ў мікрафон, а можа, абвяшчае назву наступнага прыпынку. Дзьверы аўтобусу зачыняюцца, нібыта складная шахматная дошка, у якой звычайна захоўваюць фігуры. І цалкам верагодна, што якая-небудзь зь пешак, а можа быць, нават ферзь, выпала пры гэтым і закацілася, напрыклад, пад ложак. Ёй знойдуць замену ўтрапёныя гульцы, а яна так і будзе ляжаць ля пыльнага плінтусу ў цемры, па-філязофску назіраючы мітусню прусакоў,— не патрэбная, на сваё шчасьце, ужо анікому.
2002
Альгерд Бахарэвіч – беларускі пісьменьнік.
Нарадзіўся ў 1975 годзе ў Менску. Аўтар некалькі кніг прозы, у тым ліку раманаў “Сарока на шыбеніцы”, “Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня”, “Дзеці Аліндаркі”, “Белая муха, забойца мужчын”, а таксама зборнікаў эсэ (“Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча”, “Гамбурскі рахунак Бахарэвіча”, “Ніякай літасьці Альгерду Б.”, “Бэзавы і чорны. Парыж праз акуляры беларускай літаратуры”) і інш. Апошняя апублікаваная кніга – 900-старонкавы раман “Сабакі Эўропы”, які выйшаў напрыканцы 2017 году ў выдавецтве “Логвінаў”.
Эсэ і апавяданьні Альгерда Бахарэвіча перакладаліся на 10 моваў. Раман “Сарока на шыбеніцы” выйшаў у 2010 годзе ў нямецкім перакладзе, “Малая мэдычная энцыкляпэдыя” – у польскім (2017), “Белая муха, забойца мужчын” – у расейскім (2017). Зборнік апавяданьняў “Талент заіканьня” выйшаў па-польску ў 2008 годзе. Раман “Дзеці Аліндаркі” рыхтуецца да выданьня на францускай мове ў парыскім выдавецтве “Le ver de soie”. Пераклад рамана “Сабакі Эўропы” на расейскую мову выйдзе ў 2019 годзе ў маскоўскім выдавецтве “Время”.
Паводле рамана “Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня” на камэрнай сцэне Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы пастаўлены спэктакль.
Двойчы атрымліваў прэмію “Кніга году” (2014, 2018). Ляўрэат прэмій “Гліняны Вялес”, “Залатая літара”. Чатыры разы быў ляўрэатам другой прэміі Ежы Гедройця (2012, 2013, 2016, 2018) і аднойчы – трэцяй прэміі (2014, за раман “Дзеці Аліндаркі”).
Вёў аўтарскія праекты на Радыё Свабода, сайтах budzma.by, 34mag.net, у чэскім часопісе Host, на сайце “Міністэрства контркультуры”. З 2017 году калюмніст часопіса “Большой”. Вёў курс “Майстэрства прозы” у Беларускім калегіюме. Выступае з публічнымі лекцыямі. У 2017-2018 у Менску працаваў Літаратурны клюб Альгерда Бахарэвіча.
Стыпэндыят нямецкага ПЭН-цэнтра (Гамбург), фонда Гайнрыха Бёля (Нямеччына, Лянгенбройх), Institute France (Парыж), Балтыйскага Цэнтра пісьменьнікаў і перакладчыкаў (Вісбю, Швэцыя), Бэрлінскага літаратурнага калёквіюму на Ванзэе, Міжнароднага дому пісьменьнікаў (Грац, Аўстрыя). Удзельнік літаратурных фэстываляў у Нямеччыне, Швэцыі, Польшчы, Чэхіі, Славеніі, Украіне, Літве. Прадстаўляў Беларусь на Эўрапейскай пісьменьніцкай канфэрэнцыі ў Бэрліне (2014). Перакладае зь нямецкай мовы сучасную і клясычную нямецкую літаратуру.
У 2007-2013 гадах жыў у Гамбургу, цяпер жыве ў Менску.
Падрыхтаванае на падставе: Бахарэвіч Альгерд, Натуральная афарбоўка, — Мінск: Логвінаў, 2003. — 228 с.
ISBN 985-6701-22-8
УДК 882.6-31
У другую кнігу Альгерда Бахарэвіча ўвайшлі сем апавя¬данняў і аднайменны раман — тэксты, напісаныя аўтарам у 2001-2002 гг. Кожны зь іх — гэта і самастойны твор, і адна з главаў вялікага мастацкага дасьледваньня Гульні, якую чалавек вядзе штодня сам з сабою. У кнізе захаваная аўтарская артаграфія.