Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— Давайце блюзон,— сказаў чалавек з гітарай.— І ўсе згодныя.
— Тайка, мне трэба грошыкі,— Долі дакранулася вуснамі да Таінага калена, ашуканская цеплыня якога масіравала Стахаў хрыбет нават на такой адлегласьці.— Тайка, мне трэба шмат. Пяцьсот касых. Інакш я дзяўчынка-капучынка.
Тая падміргвала Нэфэрціці ў келіху.
— Я чытаю,— урачыста папярэдзіў прысутных Джоні, узьняўся, шчыплючы зацёклую нагу, і заплюшчыўшы вочы прадэклямаваў:
Вісеў ля нашага вакна
Сівы маляр самотны
Распасціралася сьцяна
Пад пэндзлем, як палотны
Ён быў прыгожы, бы Ван Гог
У каптуры спартыўным
Ён быў амаль паганскі бог
Ён быў плэйбой! Сэкс-сымбаль!
Дастаў ён прымы, запаліў
З суворай прыгажосцю
Ён бачыў лес, раку, палі,
Варонаў на пагосьце
Так, толькі ты ды я —
Мы ведаем сакрэт
Чаму сівы мастак (маляр?)
Зламаў сабе хрыбет
Чаму ён з трэцяга паверху
Зьляцеў, нібыта альбатрос
Чаму тырчэў зь яго прарэху
Цяжкі сталёвы трос. Усё.
— Ну і што?— млява сказала Тая й прасунула пальцы ў курчастыя валасы Долі.— І што гэта значыць? Што ты хацеў, ізьвініця за выражэнія, гэтым сказаць?
— Фігня,— сказаў Магда ды адвярнуўся. Голаспадаў гітарыст.
— А давайце лізаць,— прамармытаў ён жаласліва.— І ўсе згодныя.
— Можа, усё-ткі блюзон?— насьмешліва запытаўся Магда.
— М-можна, прамовіў гітарыст, і ніжняя струна нарэшце лопнула.
— Ты на гітары граеш?— спытаў Джоні, павярнуўшыся да Стаха. Шкада. Гэх, не разумееце вы нічога у мастацтве рэлігійных сьпеваў, херы касалапыя. Ня хочаш на кухню выйсьці?
Стах падняўся, запытальна зірнуўшы на Таю.— Колы няма, ці хаця б мінералкі якой?— казала Тая Долі, пакуль тая налівала другі келіх гарэлкі. Стах выйшаў. На кухні панавала вясёлая анархія. На лядоўні, перакуленай на бок, каб зручней было выкарыстоўваць яе як стол, спалі нямытыя талеркі, зь якіх, мяркуючы па ўсім, нядаўна вымагалі хлебам яечны жаўток. Джоні прагна абхапіў губамі кран. Стах запаліў сваю восьмую цыгарэту ў гэтым доме. „Трэба будзе набыць. Забегчы ў кругласутачную,” — падумаў ён, шукаючы нагоды, каб хутчэй пакінуць гэтае шызафрэнічнае баляваньне, дзе ён, як высветлілася, усяго толькі істота безь імені зь незапамінальнай зьнешнасьцю. Адзін Джоні — нічога сабе хлапец. Астатнія — нейкія даўны-пераросткі.
— А ты чым займаешся?— пракашляў Джоні, напіўшыся.— Чым зарабляеш на хлеб надзённы?
— Ну, я... — зьбянтэжана прыкрыўся далоняй Стах.
— Ясна. Работнік умсьцьвеннага труда,— сказаў Джоні.— Тайка іншых і не прыводзіць. Яна нас корміць усіх, Тайка. Благадзецельніца наша, матушка. Не, яна праўда файная. Толькі дробная. Ты на ДПА хадзіў? Я ў кастрычніку там выстаўляўся.
— ДПА?
— Ясна,— хутка прамовіў Джоні й прыпаліў ад Стахавай цыгарэты.— Дух. Прастора. Адкрыццё. Выстава маладых, блін, мастакоў. Ты, відаць, па іншых справах. Маўчыш усё, як наш Далай-лама. Ён па тыбецкіх сьпевах. І варган там, ведаеш, уся фігня... Вы дзе рэпэтуеце? Што, зноў у малако? У Джоні зьбіўся прыцэл. Трэба пасёрбаць айн вэніг. Давай.
Гарэлка ў гэтым доме стаяла, мусіць, у кожным куце. Яны выпілі, і Стах урэшце адчуў у галаве слабы гул. Далёкі гул прадпрыемства. Песьню ягоных жалезных бубнаў. Джазавы шоргат пэндзляў. Шаманскі покліч сірэнаў. Буханьне прыручанай лавіны за сьценамі ЛЦ-2. Яны з Джоні паразмаўлялі яшчэ пра розныя мастацкія пытанні, прычым Стах, нягледзячы на тое, што ён сказаў хіба тры-чатыры словы, быў названы найлепшым суразмоўцам і расцалаваны — урачыста й мокра. Стах папрасіў паказаць творы.
— Творы? Карціны, ці што?— недаўменна паглядзеў Джоні.— Ды ну цябе. Што ты як зінгелынухер парышся. Ты яшчэ скажы, што табе цікава. Карціны. Вось, глядзі. Хата мая — чым не карціна?
Тая зазірнула на кухню, тэстам выгнала Стахавага новага сябрука, прыціснулася, пацерлася шчакой аб швэдар. Ён паспрабаваў адштурхнуць яе, і толькі калі гэта на дзіва лёгка атрымалася, зразумеў — і захапленьне, бурлівае, але да пары нямое, завібравала ў грудзёх — зразумеў раптам, што Тая сама да свайго невядома дзе рыпячага ложку не дабярэцца. Яна ткнулася носам у Стахавы рэбры, ён нагнуўся, каб падтрымаць, Тая падняла размытыя вочы й, пуста пасміхаючыся, намалявала вострым языком на вуснах распуснае й немінучае О.
— Выклічы таксі,— сказала яна глупа й з бэзавым пералівам.— На Цэлтніекса восем. Маляр. Малярмалярмалярмаляр.
Стах уладкаваў яе на лядоўні, разьбіўшы талерку.
— Не, я сама.
Яна пайшла на невялікую шафу з посудам і паспрабавала зьвіць там гняздо.