Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— Слухай уважліва й не перапыняй мяне. Хутка табе стане цікава, і ты будзеш на каленях прасіць мяне працягваць. А я буду ліць табе за каўнер кіпень і гучна сьмяяцца.
Насамрэч прадпрыемства, дзе ты, як табе здаецца, працуеш, ёсьць нічым іншым, як вялізным гульнёвым полем. Не, створанае яно было, ведама ж, для вырабу прадукцыі, вельмі даўно, калі яшчэ нашых бацькоў не было на гэтым сьвеце. Але цяпер і ты, і твае — ха-ха — калегі — ня больш за фігуры на дошцы. Якім чынам? Слухай, слухай, не перапыняй. Я ведаю, гэта гучыць фантастычна, і ўсё такое. Вось у цябе ніколі не выклікалі падазрэння твае суровыя працоўныя будні на прадпрыемстве? Яны не нагадвалі табе херова зьняты фільм, як быццам ты доўга сядзеў перад тэлевізарам, заснуў, тупа назіраючы за чарговым баевіком, і апынуўся ўрэшце па той бок экрану, і цяпер ужо ня можаш прачнуцца, а ўсё граеш дзень за днём адну й тую ж ролю. Табе наканавана застацца бессмяротным на стужцы... нікому не патрэбнай, беспасьпяховай стужцы. Ой, што гэта я загаварыла так... як быццам... Ну, ды добра.
Я ня ведаю, калі Радзівіл стаў тым, кім ён ёсьць цяпер. Богам... Цяпер ты ўжо не сьмяешся? Значыць, пачаў нешта разумець. Але тое, што я ведаю... Яно гучыць так. Шмат гадоў таму Радзівіл патаемна набыў прадпрыемства. Ні шырокая публіка, ні рабочыя — ніхто пра гэта не даведаўся. Звонку яно й праўда нагадвае завод, завод, заклапочаны нібыта толькі тым, каб вырабляць, прадаваць, набываць, удасканальваць, распрацоўваць, мадэрнізаваць. Але паслухай. Радзівіл гуляе зь яшчэ адным чалавекам, ня памятаю, як яго... някідкі такі, шэрая такая зьнешнасьць, і прозьвішча такое, ведаеш, кшталту Іванова... гуляе зь ім у людзей. Што ж ты ня ржэш болей? У кожнага зь іх, у Радзівіла й гэтага... як жа яго ўсё-ткі завуць?... маюцца на прадпрыемстве свае фігуры. Сутнасьць вось у чым: трэба прыдумваць выпрабаванні для фігураў суперніка, каб тыя хутчэй пазвальняліся. У каго фігураў не застанецца, той прайграў. Зразумела? Вядома, выпрабаванні мусяць быць не смяротнымі, а такімі... на мяжы. І абавязкова — жыцьцёва праўдападобнымі.
Адбываецца ўсё такім чынам. Радзівіл і гэты хмыр зьбіраюцца ў Радзівілавым катэджы, усаджваюцца перад адмысловай дошкай. Яна разьлінаваная, яна ўся ў рознакаляровых квадратах. Яны кідаюць косьці, у каго колькі выпадзе. Потым ходзяць гэтымі фігурамі. Фігура стала на свой квадрат — ты прыдумляеш выпрабаванне для фігураў суперніка. Тонкасьцяў я ня ведаю, а... Ой, толькі не пытайся, навошта яны гэта робяць. Людзі навогул маюць жарсьць да розных гульняў, а да якіх — гэта, па-мойму, залежыць ад таго, чаго чалавек хоча ад жыцьця. Багам — божыя шахматы, рабам — даміно каля піўнухі. Слухай, слухай, не перапыняй. Суцешся, што паводле маіх зьвестак, ты — адна з галоўных фігураў. Адчуваеш, як ты, аказваецца, патрэбны людзям. Віншую. Ёсьць яшчэ дапаможныя фігуры, яны выпрабаванням не падлягаюць, яны іх ствараюць для іншых.
Дык вось... Выпрабаваньне прыдуманае, і гульцам застаецца чакаць, пакуль адпаведныя людзі на прадпрыемстве не ўвасобяць ход у жыцьцё. Фігура, ну, ты разумееш, чалавек, ён ставіцца ў вадпаведныя ўмовы, і там ужо ад фігу... блін, чалавека залежыць, як ён адрэагуе. Моцны, з пачуцьцём годнасьці адразу звольніўся б, я так мяркую. Іншыя... Так-так-так, ты правільна ўсё зразумеў. Што адбываецца далей. О, гэта проста сюжэт. Ля адмысловых экранаў у сутарэньнях прадпрыемства сядзіць сацыяльны чалавечак, я чула пра яго, заіка, алкаш, цалкам апушчаны, карацей, чмо сабачае. Ён усё назірае, бо ягоная апаратура дазваляе бачыць кожны куточак гэтага твайго блядзкага прадпрыемства. Потым заіку прывозяць да Радзівіла. І заіка распавядае. Так ён двух словаў вымавіць нармальна ня можа, а налье яму Радзівіл, божанька, напоіць яго каньякамі, накорміць мясам — і заіка ператвараецца ў гэтага, як яго, Златавуста. Мне Юра распавядаў, ён чуў аднойчы... Заіка распавядае як гэты, акцёр сапраўдны, чцец, блін, дэкляматар. А Радзівіл слухае, зьвяругу сваю чэша, усьміхаецца, і заіку ўсё падлівае, а той з кожным кілішкам усё цьверазейшы, усё красамоўнейшы. Вось так... А Марлокін... Ён раней быў партнэрам Радзівіла, але потым улез у пазыкі, апусьціўся, забухаў, і Радзівіл зрабіў яго дырэктарам прадпрыемства. Так Марлокін Радзівілу пазыкі адпрацоўвае. Марлокін бухарык страшны, але заіка — ён пасьля гэтае справы праясняецца, а Марлокін наадварот — проста куча нудоты. Не, ня ведаю я, ня ведаю, хто там у іх выйграе, гэты... ці Радзівіл. Але чыя ты фігура...
— Радзівіла,— прашаптаў Стах.
— Так,— адказала Тая зьдзіўлена.— Я адмыслова даведалася. А адкуль...
— Гэта фантастыка. Гэта п'яное трызьненьне. Як ты магла выдумаць такое.. Казкі трэба ўмець выдумляць. Скажы, скажы зараз жа, што гэта ўсё выдумка. Трызьненьне, хлусьня, жарт!