Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
— Жарт, жарт,— лёгка пагадзілася Тая.— Натуральна, жарт. А ты што, паверыў? Гэта ж кім трэба быць, каб паверыць у такую лабуду. Не, ты й праўда ідыёт. Казачкі любіш, так, маленькі? Фільмаў нагледзеўся? Кніжак начытаўся? Ды што ты за чалавек? Ну ды засядзелася я ў цябе. Пайду. Спаць пайду...
Яна вельмі шчыра пазяхнула. Яе вусны, зубы, альвеолы, нёба, гартань, язык — усё, што брала ўдзел у стварэньні гэтага настолькі пачварнага аповеду — разам утаропіліся на Стаха, непрыкметна ківаючы. Хлусьня, выдумка, п'яное трызьненьне, ня слухай.
— Ты зноў нічога не зразумеў,— яна мэханічна пагладзіла ягоныя валасы.— Я ведаю, ты ня сволач, і гэта галоўнае. Жыві, дурань, адзін зь мільёнаў такіх жа дурняў. Нічога ня хочаш мне сказаць? Ё-маё, як спаць хочацца... Ну, бывай. Э-э, рукі прэч. Прэч рукі. Я буду спаць у сябе. Пусьці. Вось так. Спадзяюся, больш цябе ня ўбачу.
Растаяла. А імбрык электрычны пакінь сабе. А пра мяне забудзь. Ні я табе ня трэба, і ні ты мне. Заснуць ня можаш? Ёсьць
Лічылка для дзяцей. І ты засьнеш. І не прачнешся тым, кім быў раней
Ніколі. Добра будзе ўсё. Лічылка.
Гулялі ў гульню два масье усю ноч
Слухай, слухай, не перапыняй.
Гулялі ўсю ноч не шкадуючы воч.
Слухай, слухай, не перапыняй.
З імпэтам гулялі ўсю ноч спадары
Слухай, слухай, не перапыняй.
І рукі дражалі ат етай ігры.
Слухай, слухай, не перапыняй.
Фігуры кахаліся, дрыхлі, пілі
Слухай, слухай, не перапыняй.
З гульнёвага поля сыйсьці не маглі.
Слухай, слухай, не перапыняй.
Фігуры стаялі, фігуры ішлі
Слухай, слухай, не перапыняй.
Фігуры на дошцы спакой бераглі.
Слухай, слухай, не перапыняй.
За вокнамі людзі ішлі працаваць
Слухай, слухай, не перапыняй.
І сілу краіны сваёй мацаваць
Слухай, слухай, не перапыняй.
Іх былі мільёны, мільярды і цьмы
І цешыўся кожны, што ён асцярожны,
што ён паслухмяны, а значыт, вазможна,
пазьбегне сумы і турмы.
Паснулі гульцы па-над дошкай пярэстай
Слухай, слухай, не перапыняй.
Цікаўнае сонца гуляе па крэслах
Слухай, слухай, не перапыняй.
І пішуць у кніжках спалохана людзі:
„Дык як жа цяпер мы?
І што з намі будзе?”
Слухай.
Ты стаіш перад уяўным люстрам і трымаеш у руках новенькае двухкосьсе. Двухкосьсе — вельмі важная рэч, яно ўвадначас і зброя, і абутак, і рэпутацыя, і пашпарт, і купюра несумненнай вартасці, і навагодні падарунак, і рабочы інструмэнт. Ты трымаеш двухкосьсе досыць разгублена, няўпэўнена сьціскаеш ягоныя навюткія коскі, нават, магчыма, шмыгаеш носам і мармычаш глупую песеньку. Двухкосьсе. Ты малады й здаровы, ты пакрысе звыкаешся з гэтай прыладаю ў руках, некалькі гадоў — і ты ўжо пачуваешся кімсьці кшталту ўдалага, моднага куцюр'е. Рукі твае радуюцца свабодзе карыстання двухкосьсем, ты ўпарта шукаеш таго, каго можна б было назаўжды заключыць у гэтыя трывалыя коскі. Назаўжды — гэта значыць пакуль ты жывеш. Навечна — паняцьце крыху іншае, яго можна было б патлумачыць так: настолькі далёкае будучае, якое ты здольны ўявіць. Такім чынам, ты шукаеш, носячы пры сабе двухкосьсе ў чорным футарале з плястмасавымі ручкамі. О, ты выдатна разумееш усю бязьмежную істотнасьць двухкосься, ты ўсё жыцьцё правёў сярод племені кніг, газэтаў, часопісаў, бібліятэчных фармуляраў, квіткоў, інструкцыяў, ведамасьцяў, анкетаў, календароў... Карміўся ля іхных вогнішчаў, спаў у іх буданах, вывучыў іхную мову, не разабраўся да канца ў звычаях, маляваў іх жанчын на акіянскім беразе. Без уласнага двухкосься ў гэтым сьвеце як безь языку. Цяпер ты прымерваеш яго да розных людзей, разнастайных абставінаў, усялякіх выяваў, родных і блізкіх, ворагаў і сваякоў, мімаволі параўноўваеш члены — яны аднародныя. Аднак двухкосьсе альбо не налазіць, або спадае, або не сыходзяцца коскі, як ты ні імкнешся зашпіліць іх, як ні надзімаюцца вены на тваіх руках, якія цудадзейныя мацюгі ні зьлятаюць з тваіх напружаных вуснаў. Бывае, што двухкосьсе сядзіць на аб'екце нібыта й нішто сабе, але выглядае аб'ект да такой ступені ненатуральна, што ты сам паспешліва здымаеш зь яго аздобу й запіхваеш назад у футарал. І вось урэшце насьпявае дзень (нічым, зрэшты, не прыкметны), калі ты, плачучы, нацягваеш двухкосьсе на сябе. Зь нянавісьцю глядзіш ва ўяўнае люстра. Гэтак і ёсьць: яно пасуе табе як нікому, яно быццам змайстраванае на тваю адмысловую замову. Так, так, не ламайся, яно вельмі табе пасуе. Яно табе якраз. Твой памер. Нідзе ня цісьне? Цудоўна. Паварушы пальцамі. Пахадзі з кута ў кут. Ня горбіся, выпрастай сьпіну. Файна. Гэта тваё. Цяпер ты разумееш, для чаго існуеш тут, цяпер ты ведаеш сваю сапраўдную вартасьць, свой сабекошт.