Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
Горад раскручваўся за вакном у зададзеным напрамку, застраючы на ляжачых міліцыянтах, рабочых-рамонтніках, чорна-белых сьветлафорах, грамадзянах Кале, што пераходзілі вуліцу ў забароненых месцах. Яны ехалі кудысьці ў раён цырку, да вакна раз-пораз падплывалі трамваі, падносячы амаль да самых вачэй сваю нязьменную жаўцізну, з суседніх машын выглядвалі лядашчыя бляндынкі, гэткія ж сабакі з п'янымі вачыма й дзеці, шмат дзяцей, што паныла жавалі нешта, выціраючы пальцы аб шкло. Яны ехалі, і рух супакойваў.
— Пісьменнікі й мастакі на заводах не працуюць,— казала Тая, здымаючы пальчаткі.— Што б ты там ні казаў, яны мусяць вучыць публіку, даваць ёй прыклад, перасьцерагаць. А тут, блін, ён тырчыць на заводзе, і думае, што мае права на нешта. Ты ў лепшым выпадку аматар. А мастацтва ня можа... ну ня можа яно быць гэтым самым... ну, хобі. Пісьменнік, гэта калі кнігі, рукапісы, прэміі, тамы, мастак таксама — майстэрня, выстава. Няма грошай — сядзі галодны, але пахаць на заводзе... Так мяне разьвесьці... У цябе ж ніводнай кніжкі, ніводнай публікацыі, ніводнай выставы. Пра цябе ж ня ведае ніхто. І не даведаецца, будзь спакойны. Мастак ён... Маляр! І нікім іншым быць ня здольны. І, дарэчы, пра маю кнігу нікому ні слова. А то...
— У іншай сітуацыі я б паспрабаваў цябе пераканаць,— прамовіў Стах асцярожна.— Павер мне, на прадпрыемстве шмат вельмі таленавітых людзей. А галоўнае... Галоўнае — людзей. Іхнай непасрэднасці, іхнай мудрасьці маглі б пазайздросціць...
— Прадпрыемства,— павольна вымавіла Тая, і ў ейных вуснах слова гэтае прагучала як іншамоўнае.— Хлопчык, што ты ведаеш пра прадпрыемства? Ты хаця б уяўляеш сабе, дзе працуеш?
Яна паклала руку на ягонае калена, якое ўздрыгнула, быццам на яго апусьціў малаточак нэўрапатоляг, уважліва, надзвычай уважліва паглядзела яму ў вочы.
— Я...
— Не ўяўляеш,— уздыхнула яна, і па ўзмаху яе вейкаў было відаць, што адказ Тая знайшла менавіта ў ягоных вачах.— Табе й неабавязкова ўяўляць.
Тая дастала доўгую цыгарэту з абручальным кальцом ля фільтру, запаліла, выдыхнула дым у патыліцу кіроўцы.
— Мастак... Сапраўдных мастакоў ты таксама, я гляджу, ня бачыў. Я вось зараз сама дзіўлюся, як гэта я не замачыла цябе там, ля прадпрыемства гэтага, як гэта я сяджу зараз і спакойна так з табой гаманю... Чым ты мяне ўзяў? Сваімі загрузамі пра мастака? Ці мне так патрэбны быў хто-небудзь цяпер? А? Гляджу на цябе, і не магу нічога зрабіць з сабой... Шкадую. Я кагосьці шкадую. Як школьніца, ё-маё.
— Я мяркую... Трэба нешта рабіць з... — Стах апасьліва паглядзеў на вуха кіроўцы, — з нашай праблемай... з хваробай. Няхай гэта ня я, але я...
Ён замітусіўся на сядзеньні, і кіроўца зацікаўлена зірнуў на Стаха ў люстэрка.
— Я неўзабаве атрымаю грошы, і мы маглі б...
Тая засьмяялася, стомлена, зьдзекліва.
— Не хвалюйся, малыш... Дзякуй богу, я ўжо вялікая і ўсё зраблю сама. Слухай, зараз мы заедзем да маіх знаёмых, і я табе пакажу сапраўдных мастакоў. Каб ты зразумеў і не выдумляў, што ты там геній і ўсё такое. А потым мы разьвітаемся, і калі я цябе ўбачу яшчэ хоць раз... калі пачую... калі будзеш спрабаваць мяне шукаць... вінаваты будзеш сам.
— Даруй,— сказаў Стах ціха.— Я выходжу. Тая засьмяялася зноў, паспрабавала паланіць
прарэх на Стахавых нагавіцах, ён скінуў яе руку и
з агідаю адвярнуўся да вакна.
— І што я ў табе знайшла... Сказала б Дынкіну — і зараз бы ты быў ужо кастратам. У лепшым выпадку. А сама размаўляю, сьмяюся... Трэба яшчэ так палячыцца, каб кабель гэты не зразумеў нічога.
І чаму я цябе так...
Тая пазяхнула — драпежна, барвова.
— ...шкадую. А?
Таксі спрытна разьмінулася з апранутай у вечаровы строй іншамаркай, што паважна вылазіла зь цёмнага дворыку, кіроўца загроб пад сябе руль, і празь некалькі хвілінаў Тая ўжо цягнула Стаха па вузкай лесвіцы, якую паўдохлая лямпачка рабіла яшчэ больш бруднай. Яны падняліся на трэці паверх, і неўзабаве іх прыціснула тварам да твару вузкая вітальня аднапакаёвай кватэры. Люстра трумо адбівала нечыя доўгія ногі, што ўзвышаліся на канапе, і зусім лысую галаву, прыслоненую да сьцяны. Стах наступіў на высокі жаночы чаравік, спатыкнуўся аб гіганцкія красоўкі й ледзь не паваліўся на цэлы гурт падрамнікаў, якія былі ахайна выстаўленыя насупраць дзьвярэй у прыбіральню. У куце рабілі камусьці цёмную зваленыя проста на падлогу плашчы курткі ды паліто. На гэтай кучы адзення спаў, прыкрыўшы хвастом жывот, чорны, нібы пафарбаваны алеем, кот. Тая пацягнула Стаха ў пакой.
Першы лысы сядзеў на падлозе й маўчаў, засяроджана гледзячы на выключаны тэлевізар. Другі, трымаючы ў руцэ напоўнены келіх, горача даводзіў непрыгожай, як Джаконда, дзяўчыне, што Харашэвіч — няўдалы пасьлядоўнік Пранішнікава. Дзяўчына ляжала жыватом на падлозе й паліла, выпускаючы дым з носу — струмяні ўтыкаліся ў пажоўклы дыван і іх ашмецьце зноў вярталася да ноздраў. На канапе, па якой, нібы наўмысна, былі маляўніча раскіданыя кроплі фарбы, сядзеў чалавек, які на фоне астатніх выглядаў найбольш прыстойна — прычоска як у Мурла, швэдрык, самалёцік каўняру кашулі на паголенай шыі, нагавіцы. У іншых жа вушы, дый ня толькі яны, прагіналіся пад цяжарам жаночых завушніцаў, грубыя паласатыя кофты, узятыя невядома ў якім сэканд-хэнду, абцягвалі дзіцячыя торсы без намёку на цягліцы, а шырачэзныя джынсы выдавалі хутчэй на дзьве спадніцы, зьнятыя з дзесяціклясьніцаў-блізьнятак. За мальбэртам (куды ж безь яго) хаваўся голы па пояс хлопец з гітараю на ўпацелым жываце. У зашклянелых вачох абыякава адлюстроўвалася савецкая лямпа, што матлялася на доўгім шнуры. Пальцы гітарыста ўтапалі ў струнах, правальваліся ўглыб інструмэнту, аднак жа ён разяваў рот і нудзеў пад нос нешта па-ангельску. У цэнтры на падлозе выгіналіся пад рухомым сьвятлом бутэлькі рознае масьці, смачна пахнуў слоік з кабачковай ікрой, чакалі шакалаў трупы бутэрбродаў. Тая наступіла пяткай на шкло, махнула рукой. — О!— заравеў першы лысы.— Тайка!— Ціха ты,— шчоўкнула пальцамі Тая ў яго перад вухам. Стах дрыжачым голасам назваў сваё ймя й сеў на край канапы, бліжэй да самага прыстойнага з Таіных сяброў, працягнуў руку лысаму. — Ты яму пацалуй лепш,— паморшчыўся другі лысы.— Ён у нас не зусім мужчына. Ён міс Магдаліна. Я Джоні. Гэта Савелій...