Натуральная афарбоўка
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Натуральная афарбоўка». Краткое содержание книги:
Навакольны сьвет, які яшчэ нядаўна так святочна калыхаўся перад вачыма, з такім чароўным непастаянствам прымаў самыя нечаканыя формы, цешыў і катаваў, злаваў і лашчыў, цяпер скамянеў і адвярнуўся. Двухкосьсе штосэкунды хіліць цябе да ложку, ты стаіш пад душам, і струмяні пакаёвай, але не супакойнай тэмпэратуры змываюць бруд з твайго двухкосься, але не зь цябе. Жонка, якую завуць ці то Сьнягурка, ці то Жана, паядае цябе, высмоктваючы з-пад косак, як курынае мяса з-пад костак. Цяпер усё інакш. Дэжа вю становіцца тваім звычным станам, кожная падзея падаецца табе часткай дасканала прадуманай змовы. Тупая, невядома скуль узятая стома ахутвае цябе ў самых неспадзяваных сітуацыях. Ты раздражнёны дваццаць чатыры гадзіны на содні, ты не разумееш жартаў і п'еш гарбату, не вымаючы лыжкі з кубку. Твой заробак расьце. Ты забыў, дзе паклаў ключы ад майстэрні, і ўспамінаць пра гэта табе ня хочацца. Аднойчы ты ўбачыў у мэтро дзяўчыну, твар якой быў ярка-жоўты. Твае дзеці нараджаюцца невылечна хворымі. Ты са зласьлівасьцю думаеш пра хакеістаў. Твой сусед пазычае ў цябе грошы й не аддае ўжо год. Калі дзеці кладуцца спаць, вы з жонкаю зачыняецеся на кухні й нюхаеце фарбу, а потым пакутліва пацееце да пяці раніцы. Ты параўноўваеш сябе зь іншымі й не знаходзіш адрозьненьняў. Ты перастаеш параўноўваць сябе зь іншымі й разглядваеш карцінкі. Ты становішся старшынём прафкаму. Ты становішся масонам. Ты становішся гаўляйтэрам. Ты становішся на калені. Ты падымаешся ды йдзеш на склад. Аднак ты жывеш, арганізм твой працуе, бо бацькі зрабілі цябе з гарантыяй. Калі што — можна памяняць сябе на такога ж.
Жыць становіцца ўсё лягчэй. Бо ты няўхільна прытрымліваешся правілаў гульні. Бо ты заключыў пагадненне, якое ніхто не парушае. Ты ўдаеш, што твая праца тут — гэта сапраўды вольны выбар і стыхійнае бязладзьдзе, што сэнс яе — прадукцыя. Яны стараюцца не прыдумваць для цябе занадта жорсткіх выпрабаванняў. І дзякуючы гэтаму нічога не зьмяняецца ні ў які бок. А хіба было іншае выйсце?
Усё выпадковае, імправізаванае, адвольнае, неспадзяванае палохае цябе. Усё заканамернае, прадугаданае, належнае — дае часовую палёгку.
Ты ня верыш ніводнаму яе слову.
У цэнтры пакоя стаіць канапа, на якой сьпіць, пахропваючы, маладая жанчына. Яе румяную шчаку паўтарае яблычнае плячо, яе голае плячо паўтарае пунсовая пятка. Па шпалерах поўзаюць двух-мэтровыя чашуістыя кветкі. У паўзмроку на сьцяне сьвецяцца чырвоныя літары „Мэнэ тэкэл фарэс”, што на мясцовай мове азначае „Шэсьць гадзін раніцы”. Зьнясіленае сьвятло з кухні падыхае на парозе. У пакоі пахне таннай парфумай і гарачым малаком. У шафе шкрабецца бляшанка з фарбаю. Побач з домам распачынаюць працу будаўнікі, і сьвятло пражэктара завітвае нарэшце ў пакой, выхоплівае ложак, залатыя валасы на падушцы падаюцца шэрымі. Успыхвае абручальнае кальцо на булачна-вабнай руцэ, якая зьвісае з прасціны, нібы намагаецца дастаць нешта з падлогі. Храп нягучны, ён накшталт патрэскваньня кампутара, што загружаецца, каб потым чэсна адпрацаваць належны час. На паверсе вышэй нехта адплёўваецца й крэкча.
Жанчына прачынаецца. Пэўны час яна ляжыць, недаўменна пазіраючы на шафу, пражэктар спрабуе завязаць ёй вочы. Яна не павінна ведаць, што тут адбываецца. Але яна ўжо ня зможа заснуць. Жанчына прыпадымаецца, сонныя грудзі апынаюцца акурат насупраць паветраных шарыкаў, прымацаваных да сьцяны. Яна глядзіць на электронны будзільнік, не разумеючы — ён стаіць на сем, бо сёньня жанчыне трэба быць на працы аб адзінаццатай,— дык што ж тады яе разбудзіла? Яна аглядаецца вакол, пазяхаючы так салодка, нібы цалуе некага са сваіх сноў.
— Эй,— кажа яна пяшчотна.— Муж аб'еўся груш!
Сьвятло на кухні ўключанае, гэта яна бачыць. Але на голас жанчыны ніхто не адгукаецца. Яна кліча зноў — млява, настойліва, з грудным клакатаньнем. Безвынікова.
Яна ўстае з ложку. На ёй начная кашуля, белая як саван. Жанчына глядзіць на сябе ў люстра. На двары праяўляецца сьвітанак. Яна бачыць на начной кашулі чырвоную пляму. Але ня там, дзе тканіну ледзь бачна падымае рудая выспачка, а збоку. Аніякага болю яна не адчувае. Жанчына зьдзіўлена аглядае ложак і ў рэшце рэшт знаходзіць прычыну. На прасьціне побач з тым мейсцам, дзе жанчына спала, ляжыць вялізны кавалак мяса, хутчэй за ўсё, ялавічыны, а можа, сьвініны. Мяса сьвежае, добрае, з крывёй. Жанчына бярэ мяса ў рукі. На прасьціне застаецца барвовая лужына, зь яе ў бакі тырчаць цікаўныя цёмна-брунатыя вусікі. Ложак увесь набрыняў крывёй.