Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-66-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію. Сутарэнні Ромула». Краткое содержание книги:
Ён нават і мне, здрадніку, удзячны — бо я ж цяпер у ягоных вачах ня здраднік, а патрыёт, такі ж, якім зрабіўся ён.
Вы пытаеце, ці быў я на гэтых могілках у трыццаць трэцім? Я ня ўпэўнены. Але вы прасілі — любыя здагадкі… Магу распавесьці адзін выпадак. Падчас маёй апошняй адсідкі неяк уночы мяне вывелі з камеры, пераапранулі ў чыстае… Я апынуўся ў добра знаёмым мне “Фордзе” разам з Мадэстам Касіянавым. Верх аўто быў падняты, горад асьвятляўся ня так, як цяпер, дый кеміў я на той момант марудна, таму нават уяўленьня, куды мяне вязуць і навошта, ня меў. Зрэшты, якая розьніца? Калі мяне змусілі выйсьці нібыта ў нейкім гаі, і я ў зыркім сьвятле фараў пабачыў сьвежавыкапаную яміну — у мяне ўнутры салаўі засьпявалі. Божухна, няўжо нарэшце Ты даеш згоду мне сысьці адсюль? Я агледзеўся: дзе мне давядзецца спачыць? Непадалёк збліснулі крыжы… Могілкі. Выдатна! Нават не ў якой лясной глушы, не ў балаціне…
Але магіла, глыбінёй дзесьці з метр, капалася ня мне. З другой машыны, з закрытым кузавам, у Менску называлі яе “варанок”, выцягнулі нешта доўгае і цяжкое… Мне ня трэба было здагадвацца, што — нагледзеўся… Двое ў пальчатках, з марлевымі павязкамі на тварах кінулі нябожчыка ў яміну. Адзін з катаў пасьвяціў уніз ліхтарыкам. Касіянаў жэстам загадаў мне палюбавацца. Я нахіліўся над апошнім прытулкам няшчаснага, які ляжаў тварам уверх, да чорнага неба…
Я ведаў гэтага чалавека.
Незадоўга да майго зьняволеньня да мяне прыйшла бабуля Леакадзія.
Так, яна яшчэ жыла… Хаця й зусім старэнькая — пад дзевяноста.
Не глядзіце на мяне так. Я адразу па вяртаньні з Францыі яе наведаў… Але яна мяне й на ганак не пусьціла. Слуга шатану, які прыехаў слугаваць слугам шатану.
Сьляды бацькоў маіх згубіліся на пачатку вайны — здаецца, у Бесарабіі, куды балаган зьехаў бліжэй да цяпла і далей ад рэвалюцыйных выбухаў. Леакадзія Пятроўна засталася адзіным маім родным чалавекам. Але прадукты з акадэмічнага пайка, якія ёй пасылаў, адразу ж вяртала. З настойлівай просьбай забыцца на ейнае існаваньне.
Карацей, калі яна прыйшла да мяне, я ня бачыў яе сем гадоў.
Яна вельмі пастарэла. Замест ганарлівай паставы сагнулася амаль удвая, абапіралася на кавеньку. Галава абвязаная па-сялянску чорнай выцьвілай хусткай, нейкая плюшавая зялёная кацавейка… Рот праваліўся, але сьветлыя вочы пазіраюць па-ранейшаму ўладна. Так што мне падалося, што я, як і ў дзяцінстве, гляджу на яе зьнізу ўверх.
Бабуля сказала, што яе прывяла да мяне божая справа. Нават у самага апошняга грэшніка, такога, як я, заўсёды ёсьць шанец выратаваць сваю душу. Як у разбойніка, укрыжаванага побач з Хрыстом. Я сябрую з галоўным слугой шатана ў гэтым праклятым горадзе. Таму змагу зрабіць тое, аб чым просяць. Зараз у турэмнай бальніцы памірае япіскап Мікалай. Кажуць, у яго тыф. Вядома, ніякага апошняга прычасьця і споведзі ад катаў ён не дачакаецца… І каб падтрымаць сьвятога пакутніка ў ягоных апошніх пакутах, яму трэба перадаць рэліквію…
Бабуля павольна-павольна, як здымаюць са ствала тонкі слой бяросты, дастала з-пад крыса сваёй кацавейкі нешта памерам з кнігу, акуратна загорнутае ў шэрую паперу. Я ўзяў прадмет з ейных дрыжачых рук, разгарнуў…
Гэта быў абраз, намаляваны на тоўстай, у тры пальцы, дубовай дошцы, цёмны ад дыму тысяч сьвечак, старажытны, дзівоснага мясцовага пісьма. Я не сьпецыяліст — але думаю, што гэта шаснаццатае стагоддзе. Асаблівы каларыт, барочная мяккасьць і выразнасьць аблічча, тканіны з расьліннымі арнаментамі, як на шляхецкіх вопратках. Маці Божая Адзігітрыя. Тая, што паказвае шлях. З цёмнай паверхні абраза струменіла незвычайнае сьвятло. Вочы Маці Божай глядзелі з такой скрушлівай любоўю…