Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0003-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:
Рэдактар: І. І. Канановіч
— От кажаш дурное! — незалюбіла Матруна. Я нават не ведаў, што яна такі надзейны мой саюзнік, што гэтак верыць мне.
— Чаму — «дурное»? Мне Сеня (гэта начальнік міліцыі) так казаў. Ён жа на фронце камандаваў штрафной ротаю, дык ведае, каго з лагераў бралі на вайну, а каго не бралі. Паліцічаскім, такім, як наш Алесь, не давяралі.
— А я вот веру яму. Дзякуй Богу, нямала пажыла ўжо i ўсякіх людзей пабачыла, кемлю ўжо трохі, што бывае i да чаго, хто чым дыхае. Душой адчуваю: Алесь — добры чалавек, толькі бяздольны. Хто паверыць яму, пагорнецца з ласкаю — ён не толькі адагрэецца чалавечым цяплом, але душу сваю аддасць, верным да магілы будзе.
Каралёва не адказала.
— Падумай, прыгледзься, — параіла ёй Матруна. — Сама ж кажаш: цяпер жаніхі на дарозе не валяюцца. Здаровыя, разумныя i добрыя — удвая альбо ўтрая. А мо давай я першая з ім пагавару, распытаю ў яго пра ўсё? Мне, старой, будзе лягчэй завесці такую гутарку.
— Не трэба, — папрасіла тая. — I давайце запынім такія гавэнды. Ды, можа, ён не спіць, усё чуе!
— Няхай сабе i чуе. Мы ж не проста так па-бабску чэшам языкі, абгаворваем, а вунь пра што думаем...
— Годзе, Матруна.
— Глядзі, хапяну i падарунак добры як свацця, — усміхнулася старая i, як чулася, устала i асцярожна закрочыла сюды, да бакоўкі.
Я, канечне ж, заплюшчыў вочы i затаіўся. Нават наўмысна засоп. I Матруне, i Каралёвай, ды мне таксама будзе лягчэй, калі нядаўняя гутарка паміж жанчынамі не ўсплыве, калі мы ўсе будзем паводзіцца толькі як калегі па рабоце: Каралёва — наша начальніца, а мы — яе падначаленыя. Прыйшлі, сустрэліся, зрабілі кожны сваё — i разышліся. Кожны са сваім светам, кожны ca сваім лёсам. Хоць, як відаць, якраз так, адасоблена, сам па сабе, пражыць не зусім удасца.
— Алесь? — паклікала Матруна. — Спіш?
Я — ні гугу.
— Спіць, — Матруна адышлася. — Відаць, сястрынае дзіця i сёння ўсю ноч крычала, выбіла са сну.
Пазней, калі адчынілі магазін, калі я разгружаў машыну з гаспадарчымі таварамі — цягаў скрынкі з цвікамі, гаршкі, патэльні, уюшкі, грубкавыя дзверцы, мы часта i ўпрытык сустракаліся з Каралёвай, якая прымала груз, але цяпер i я, i яна намагаліся не пазіраць адно аднаму ў вочы. Сёння яна не какетнічала i не лаялася з нахабнаватым маладым жанатым шафёрам, а калі па звычцы ён шчыпнуў яе за клуб, дык рэзка ўдарыла яго па руцэ.
Увечар, калі зачынялі магазін, зноў пад'ехаў на матацыкле з каляскай таўсматы міліцэйскі капітан, зноў у яго пышна чырванелі мясістыя шчокі i масляна гарэлі вочкі на Каралёву — яна сёння не ўсміхалася яму, нават нібы саромелася нас, хаваючы ад усіх вочы, але зноў паехала з ім.
Калі я застаўся каля магазіна толькі з вартаўніком— невысокім старым у валёнках, у кажушку i з паляўнічай стрэльбай за плячыма, адным словам, копія вартаўніка, якога паказваюць у кіно, калі матацыкл знік за павароткаю, той, гэта значыць дзед Базыль, забурчэў:
— Ото ўрвіцель! Праходу не дае!
Я затрымаўся, каб па-звыкламу пагаманіць з гаваркім старым, паслухаць яго былі пра дарэвалюцыйныя падзеі i ягоную маладосць, пра першую сусветную вайну, дзе ён быў пры гармаце, але цяпер змаўчаў: асцерагаўся кінуць абы-якое слова пра начальніка міліцыі, які добра ведаў, хто я такі, меў нада мной значна большую ўладу, чым над іншымі. Ён мог не толькі ў любы час цыкнуць на мяне, але i затрымаць за нішто, i я ў любым выпадку быў бы толькі вінаваты. Я, як кажуць, скрозь пальцы глядзеў, што ён, жанаты чалавек, падлабуньваецца да нашай Каралёвай, але сёння мне гэта было вельмі непрыемна: нягоднік спрытна спажывае не зусім шчаслівую долю маладой вабнай жанчыны i крок за крокам, мабыць, разбэшчвае яе.
— Ведае, халера, дзе можна добра пажывіцца, — гудзеў незадаволены поспехамі высокаўладнага бабніка дзед, слінячы i закручваючы жаўтаватымі пальцамі ў мяккай паперыне тытунь. — Баба маладая, спрытная як ззаду, так i спераду, гарыць без мужчыны, дык, брыда, не ўпускае свайго! I, глядзі, даб'ецца, абкладзе яе! Га, Алесь, што скажаш?
Дзед Базыль, прыплюшчыўшы вочы, хітра зірнуў на мяне — я міжволі паціснуў плячыма.
— Шкода, скажу табе, яе, — закурыўшы, дадаў стары. — Пекная i добрая, але ні дзеўка, ні мужатка, ні ўдава... Таўсцюк гэты альбо іншы які ўрвіцель прыйдзе i пойдзе, а яна як была адна, без мужа, так адна i застанецца, будзе плакаць ці гарэлку піць, гора сваё атрутай заліваць... — Уздыхнуў. — Знайшоўся б ёй добры чалавек, шанаваў бы, a калі трэба, i ў руках трымаў бы — добрая жонка была б.
Чуючы гэта, я зразумеў: дзед Базыль гаворыць са мной пра лёс Каралёвай невыпадкова, з ім, канечне ж, заводзіла пра гэта гутарку Матруна, нават, можа, яны, старыя, змовіліся, каб звесці Каралёву i мяне. Мабыць, шчыра хацелі выратаваць сваю начальніцу i мне паспрыяць наладзіць жыццё.