Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 985-02-0003-0
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Жар кахання [Апавяданні пра жанчын]». Краткое содержание книги:
Рэдактар: І. І. Канановіч
— Маўчыце! — загадала. — Hi аднаго павучальнага слова!
Адчуваючы, што ён замёр ад нечаканасці, прыўзнялася i лёгка пачала дакранацца вуснамі да яго лоба, шчок, вуснаў ды тулілася ўсё бліжэй i бліжэй. Ён стрымліваўся, нават не кратаў рукою, але паволі яго п'яніў духмяны пах яе валасоў, дотык жаночага цела, якога ён не адчуваў так блізка ўжо даўно; калі ж яна надоўга прыпала да ягоных вуснаў раскрытымі i пажаднымі вуснамі, калі раптоўна ўспламянілася кожная жылачка, рукі самі пацягнуліся да яе, з хваляваннем i з прагай да пяшчоты пачалі гладзіць яе шыю, цудоўны выгіб спіны, тугія грудзі ды панадныя клубы, а пасля затрымцелі ад абуджанай страсці.
Алачка тут жа адчула гэта, таксама затрымцела; іхні пацалунак быў усё болей прагны i ненатольны, i неўзабаве, не могучы ўжо стрымлівацца, яны сталi блізкія. Яна была ўся яго, пакорлівая, нават нібы ў раптоўным паўзабыцці, але пазней, праз невядома які час, ці то ціхенька застагнала, ці то заплакала, а потым, калі ён, перажываючы найвялікшую страсць, што была вельмі блізкая да слодычнага болю, зняможана ўтуліўся тварам у яе грудзі, зноў замаўчала i моцна ціснула да сябе...
Калі зноў вярнулася памяць i калі трэба было разлучацца целамі, з усёй цвярозасцю пранізала думка: не ўстаяў, паддаўся юру. I з той, на каго, мабыць, не мае права. Не ведаў, што прамовіць, здаецца, не ведала i яна — нават тады, калі, прытуліўшыся, ляжалі побач.
Ці трэба было гэта? I што будзе далей?
— Дакараеце? — Аля першая падала ціхі голас. — I мяне? I сябе?
— А ты? — прашаптаў. — Не адчуваеш дакору?
— He, мілы мой Мікалай Пятровіч. А вы вось, здаецца, засмуціліся.
Змаўчаў.
— Скажыце! Шчыра!
— Калі шчыра, дык дакараю сябе.
— За што?
— За тое, што вінаваты перад табою.
— Ніякай вашай віны, Мікалай Пятровіч, няма, — прамовіла пяшчотна. — Вы ж не спакусілі i не пакрыўдзілі мяне. Я сама вам аддалася.
— Мабыць, неразважліва...
— Чаму — неразважліва?— пяшчотна паклала голаў яму на плячук. — Я ж не дзяўчына i не нейчая жонка. Я вольны чалавек i сама выбрала вас, таксама вольнага, сталага, але яшчэ i маладога, прыемнага мне мужчыну. Ці вы лічыце мяне распуснай?
— Не, — адказаў. — Лічу вельмі яшчэ маладой, свавольнай i трохі неразважлівай.
— Што ж, якая ёсць — такая i ёсць, — усміхнулася. — I ты, разважлівы, ужо мой.
Бач, перайшла ўжо на «ты».
— Толькі...
— Што — «толькі»?
— Як жа так можна? — прыкінулася капрызніцай. — Я ўжо твая, а ты не сказаў i не хочаш сказаць, што кахаеш, што я для цябе любая i жаданая.
— Я ж перасцерагаў цябе: я стары i чэрствы. Табе трэба іншы, малады i летуценны.
— Але ж кахаў мяне молада i з пяшчотай...
Што ні кажы, сапрауды многае адчула. Душой.
— Хіба не так?
— Так-так, свавольніца.
— Дык кахаеш?
— Не хапае ні гадоў, ні чэрствасці, каб не адчуць гэта да цябе.
Адказаў з жартам і, адчуўшы, што мінае сорам, віна, адчуў ужо іншае: яму не толькі дарагая гэтая маладая гарэзніца, але ён сапраўды кахае яе.
— Я радая i шчаслівая, што закахала цябе ў мяне, — пацалавала яго, пяшчотна прытулілася. — Дык давай знаёміцца бліжэй. Хочаш уведаць пра мяне ўсё-ўсё?
— Канечне.
— Тады слухай. Будзеш ведаць усё, паверыш — можа, возьмеш за жонку.
— Паглядзім, — пажартаваў, але прытуліў яе да сябе цясней, як жонку ва ўдзячныя хвіліны.
— Я марыла стаць актрысай i актрысай славутай. На трэцім курсе, калі пачала паяўляцца ў масавых сцэнках у тэатры ў ролі прыгожанькіх дурнічак, я захапілася адным акцёрам. Гадоў на сем старэйшым, прыгожым i вельмі бойкім. Карацей, не ўстаяла, аддала яму свой малады жар. Як i трэба было чакаць, зацяжарала. Ён не хацеў жаніцца, уталкоўваў, што сям'я i побыт загубяць у нас актораў. Я гатова была згадзіцца, пайсці на новы грэх, але ўсё рашыла мая рашучая мама. Яна, лічы, змусіла яго ўзяць замуж. З першага ж дня мы пачалі жыць не так, як трэба. Я хутка ўведала: я трэцяя i, канечне ж, не апошняя яго жонка. Спачатку мы спрачаліся, а потым, калі залавіла яго з іншай жанчынаю, разышліся. Я скончыла інстытут, але ад тэатра адмовілася, праз аднаго знаёмага ўладкавалася на працу ў ваш інстытут, усёй душой прыкіпела да сваёй Зіначкі, рашыла прысвяціць жыццё ёй. Але... Пачала ўсё больш адчуваць: штосьці са мной робіцца не тое. Я выбіваюся са сну, кідаюся вечарамі па пасцелі, без дай прычыны злуюся. Нават больш, што аж сорамна сказаць: у аўтобусе, у метро, на вуліцы я пачала бессаромна лупіць вочы на стройных i прыгожых мужчын, а той-сёй з ix, адчуваючы гэта, проста лезе сляпіцаю... Спавядацца далей?
— Калі ласка.
— Табе, можа, непрыемна?
— Гавары праўду i толькі праўду, — усміхнуўся.