Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
- Автор: Рублевская Людьмила Ивановна
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1428-7
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:
Юрась працягнуў мне складзены ў чатыры столкі аркушык, пажаўцелы на згінах. Я разгарнула... Ксеракс ліста, пісанага, відаць, пяром на пергаменце. Гэта адсюль прафесар у дзень нашага прыезду зачытваў фразу наконт шкляных сасудаў... Старажытнанямецкая мова, літары, нібыта востраверхія каптурыкі гномаў. Палову словаў не разбяру. Але подпіс зразумелы: «Гервасі Бернацоні».
— Падобна, пятнаццатае стагоддзе! Каб перакласці, трэба да знаўцаў схадзіць. Але чаму ж ты мне раней не паказаў? Я б, можа, дадала нешта ў свой артыкул!
Юрась нахмурыўся.
— Ведаеш, не трэба, каб ведалі, што гэты ліст у мяне. Проста... па старым сяброўстве... перакладзі яго, калі ласка. Я табе патэлефаную заўтра ўвечары.
— Лепей дні праз тры,— удакладніла я.— Магу не паспець...
Юрась моўчкі кіўнуў галавой і паглядзеў на мяне сінім тужлівым позіркам, нібыта развітваўся назаўсёды.
— Бывай, Анэта. І прашу цябе — ніколі сюды не вяртайся. І з гэтымі людзьмі больш не звязвайся. Нізавошта. Што б табе ні абяцалі, чуеш? Я ўжо сам... сёрбаць буду.
І пайшоў, не патлумачыўшы свае дзіўныя перасцярогі. Ды што чакаць ад чалавека, у якога жонка памірае?
Плату я атрымала «з накрыўкай» — паўтары тысячы. Плюс аванс... Але радасці не было. Гэтыя грошы датычныя да бяды са Стэлай... Гэта былі грошы за дамову з сумленнем, да іх быццам прыліпла мая мана. Прытым, як ні дзіўна, я так і не зразумела галоўны сэнс маёй працы. Бо тое, дзеля чаго мяне наймалі — хутчэй выдаць кніжачку памяці Аркадзя Баркуна — нібыта гаспадароў перастала цікавіць. На мае роспыты, калі я ўбачу выдадзеную кніжачку, хто яе афармляе, у якой друкарні будуць друкаваць — гучалі няўцямныя адгаворкі. І зараз, ад’язджаючы, я раптам зразумела, што гэтая кніжачка ніколі не будзе выдадзеная.
І, гледзячы з акна шыкоўнага «джыпа» на высокі бетонны плот, які ўсё аддаляўся, аддаляўся, я не хацела думаць ні пра таямніцы, ні пра людзей, якія засталіся за ім... Але не магла пазбавіцца ад трывогі.
* * *
За гарадской сцяной закрычала сава, нібыта праклінала змрочны лістападаўскі золак. Адразу ж у муры расчыніліся малыя непрыкметныя варотцы, для віжоў і позніх гасцей. Для бяспекі яны былі выкаваныя з суцэльнага жалеза і зробленыя так высока, што даводзілася апускаць лесвіцу. Малады рыцар саскочыў на драўляны памост па той бок варотцаў.
— Хвала Госпаду, панове! Сёння мы пераможам!
Дзясяткі два ўзброеных людзей, што чакалі яго вяртання, ухвальна адгукнуліся. Але іх прыветныя крыкі змоўклі... Услед за рыцарам з праёму ў сцяне паказаўся барадаты вой у дзіўным востраканцовым шаломе, з двухбаковай сякерай, падобнай да Перуновага посаха. Прыхадзень выскаліў рэдкія зубы ва ўсмешцы, што мусіла азначаць прывітанне. За ім з варотцаў выбраўся яшчэ адзін у такім жа шлеме, яго русявая барада была даўжынёй у локаць... Потым яшчэ... Яшчэ... Чужынцы адзін за адным выпаўзалі з праёму ў сцяне, нібыта іх спараджала пекла.
— Богуш, хто гэта? — гнеўна спытаў стары рыцар.
Маладзён горда выпрастаўся.
— Гэта карачунцы. Яны дапамогуць нам прагнаць войска Вялікага князя.
— Што ты нарабіў, дурны, несвядомы блазнюк! — горка прагаварыў стары рыцар.— Вось цяпер — канец волі Старавежска... Няма больш нашага горада...
Але малады толькі паціснуў плячыма.
— Вялікі князь з татарамі хаўрусаваў, з крыжакамі, а карачунцы ўсё ж — адзінаверцы.
— Не время балакать. Побъем псов неверных! — раўнуў правадыр карачунаў, узняўшы сваю сякеру. Чужацкія воі адказалі радасным крыкам. Богуш дастаў меч.
— Да вежы! У імя святога Юр’я!
— Здрада! Ганьба!— крычаў сівы старавежац, але яго ніхто не чуў.
Рожа страсянуў Карэйву за грудзі:
— Глядзі, што з тваёй хітрасці сталася! Карачунцы ў горадзе!
Блазан скрывіў бледныя вусны ва ўсмешцы.
— Хіба першы раз ты б’ешся супраць іх?
— Не першы... Але я не хачу, каб — апошні,— глуха прамовіў Рожа.— Іх не тры тузіны... Яны ўжо на плошчы! Чуеш? Можа, даць знак ваярам, што ў засоцы за цэркваю?
З вокнаў даносіўся гул апантанай бойкі. Крыкі болю, крыкі нянавісці, лязгат зброі — мова, на якой размаўляе ў часы сваёй весялосці Смерць. Блазан паматаў галавой, званочкі на ягонай шапцы азваліся недарэчна бадзёра.
— Няхай усё ідзе як замыслена. Хай увойдуць у вежу. А мы рушым лёхамі...
— Лёхамі? Куды? — разгубіўся войт.
— Хе-хе-хе...— загайдаўся Карэйва, і званочкі таксама засмяяліся.— Ідзі за мной, пан Лаўрын... Мне ўсе таемствы гэтага будынка ў Вільні яшчэ ператлумачылі. Кляйнодам Карэйваў клянуся — праз гадзіну павядзеш сваё войска на прыхадняў, і знікнуць яны разам са здрайцамі-бунтаўнікамі ў пекле, толькі ключыкі ў вогненнае мора аддадуць. Хе-хе-хе...