Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні
Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні

Электронная книга - «Скокі смерці. Ночы на Плябанскіх млынах. Старасвецкія міфы горада Б*. Апавяданні». Краткое содержание книги:

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман «Скокі смерці», у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэднявечных гадзіннікаў, аповесць «Ночы на Плябанскіх млынах», дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл «Старасвецкія міфы горада Б*», што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларушчыны.
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 209
Перейти на страницу:

— Сцісла?! — абурылася я,— ды ў мяне пра гэтыя гадзіннікі дзесяць старонак!

Макс неяк надта шчыра засмяяўся, беручы мяне пад руку і скіроўваючы ў бок дома.

— Вы ўсё цудоўна зрабілі! Проста калі ў старажытнай рэчы схаваны нейкі сакрэт, гэта заўсёды прыцягвае турыстаў. А ў Ліліі Пятроўны і Пятра Апанасавіча вялікія планы наконт турызму. Прафесар, шкада, не паспеў разабрацца... Вось вы б і напісалі ўсё, што думаеце. Няхай домыслы. Хіба Юрый не расказваў вам нічога наконт сваіх здагадак пра сакрэты гадзіннікаў?

Я асцярожна вызвалілася ад далікатнага дотыку «псіха».

— Думаю, пра важданні Дамагурскага з механізмамі вы ведаеце больш за мяне. Я ўсё роўна ў гэтым нічога не разумею.

— Ну, можа, наш майстар фантазіраваў пры вас, распавядаў пра старажытныя таямніцы?

Я пачала злавацца.

— А вы спытайце ў яго самога. Цікаюць вашыя гадзіннікі, фігуркі рухаюцца... Што вам яшчэ трэба? Казкі ўсё гэта — пра шклянкі, якія разбіваюцца.

Мы падыходзілі да мармуровых скульптураў, што выстраіліся ўздоўж дарогі. Антычныя героі кепска вытрымалі бойку з часам. Скульптар быў не настолькі таленавіты, каб бязрукія, безгаловыя паставы захавалі паважнасць. Праўда, было гэтай паважнасці тут усё роўна непараўнальна больш, чым яе мелася ў гіпсавых скульптурах піянераў і фізкультурнікаў у парку майго роднага мястэчка. Хаця — калі пашанцуе прастаяць тым фізкультурнікам яшчэ сто гадоў, невядома, з якім пачуццём будуць глядзець на іх нашыя нашчадкі? Можа, таксама з настальгіяй і павагай?

Мы параўняліся з пустым п’едэсталам, на якім засталіся толькі мармуровыя ступакі ў сандалях. Макс спыніўся.

— Пра што вы думаеце пры гэтым відовішчы?

— Гэта нейкі тэст? — азвалася я.

— Ну хутчэй асабістая цікаўнасць.

Я ўгледзелася ў знявечаны мармур.

— Я думаю пра тое, што мы — аднадзёнкі, людзі свету аднаразовага посуду і аднаразовай культуры. Продкі, шматкроць болей вартыя за нас, аддавалі жыццё, каб здабыць глыток волі. А іх абылгалі і забылі. Думаю пра тое, што так і не напісала кніжку гістарычных эсэ, як збіралася. Пра старавежскую ратушу, з якой Баркун зрабіў тое ж, што тутэйшыя барбары — з гэтым помнікам. І пра тое, што ад нас не застанецца нават такога п’едэстала.

— Нішто сабе! — Макс іранічна пакруціў галавою.— Рамантыка ды заклапочанасць глабальнымі праблемамі найчасцей ужываюцца з інфантыльнасцю і няздольнасцю вырашаць праблемы прыватныя.

— Гэта мой дыягназ? — холадна спытала я.

— Гэта вашая недасведчанасць,— усміхнуўся Макс.— Ну куды вы выйшлі з-пад парасона? А скульптуры гэтыя колішні гаспадар маёнтка, апошні з магнатаў Людвісараў, загадаў паставіць у гонар сябе самога. Усе статуі мелі ягоны твар. Вось такі... рымскі цэзар з-пад Старавежска.

— Гэты чалавек, якія б ні меў смешныя слабасці, браў удзел у паўстанні, рызыкаваў жыццём... Не дзеля сябе — яны, інсургенты Каліноўскага, ведалі, што іх справа безнадзейная. Дзеля годнасці, гістарычнай справядлівасці, дзеля волі...

— Вось вы якая пасіянарная,— спакойна прамовіў Макс.— Але воля — гэта толькі мара. Вы ўсвядоміць не можаце, наколькі чалавек зняволены сам у сабе. І вызваліцца ад сябе вельмі цяжка.— Макс гаварыў без насмешкі, нават з сумам.— Я ведаю гэта на ўласным прыкладзе. Мая маці працавала прыбіральшчыцай у школе, у якой я вучыўся. Мне заставалася альбо змусіць усіх паважаць мяне праз агрэсію, праз дзёрзкасць, або змірыцца, стаць вечнай «шасцёркай»...

— І які шлях вы абралі?

— Я пачаў вывучаць свае страхі і знішчаць іх адзін за другім. Загаварыць на роўных з багатым хлопчыкам... Заваяваць самую прыгожую дзяўчынку... Адказаць вясёлым жартам на крыўдную дражнілку... Я сам сябе зрабіў, адбіваючы па кавалку ад панцыра, у які закаваў мяне лёс. І я ведаю, што гэта магчыма, хоць і вельмі цяжка. Перастаньце ж і вы баяцца самой сябе сапраўднай. Дайце сабе волю.

Макс пяшчотна дакрануўся да майго пляча. Срэбны парасон над намі быў падобны да альтанкі для рамантычных спатканняў... А чаму б і не? Я не святая... Хаця выхаванне ў сям’і, дзе ніколі не было мужчынаў — маці, бабуля і я (мужчыны лічыліся нечым варожым і непатрэбным) адбілася... Маланкавы шлюб з Юрасём яшчэ больш умацаваў перакананне ў ненадзейнасці «двухногіх пеўняў бяз пер’яў» і патрэбу ў «сур’ёзных адносінах». Не дзіва, што сур’ёзных адносінаў не атрымлівалася. Раман з малавядомым паэтам доўжыўся пяць гадоў... Паэт патрабаваў рыбных страваў і цішыні, калі прыходзіць натхненне. А потым сышоў да кабеты, якая выганяла яго пісаць натхнёныя вершы на кухню. Мастак-марыніст пратрымаўся са мною год. Паміж мастаком і паэтам быў яшчэ паляк, які прыехаў сюды вывучаць беларускую філалогію. Я нават пасялілася разам з ім у інтэрнаце... Можа, і дарэмна не з’ехала з тым Гжэсем у Польшчу? Хаця не так ён ужо і ўгаворваў. Мусіць, не мог дараваць маёй упартасці наконт беларускай прыналежнасці Адама Міцкевіча, Яна Баршчэўскага ды іншых гістарычных персонаў, зацятая спрэчка наконт якіх сталася для нас гэтаксама звыклай, як вячэра. А навошта звязваць жыццё з чалавекам, які забяспечыць штодзённыя прафесійныя дыскусіі дома, дзе хочацца не толькі ногі, але і душу ўсунуць у мяккія цёплыя пантофлі? Ну а цяпер, падобна, маім чарговым «захапленнем» можа стаць псіхатэрапеўт...

1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 209
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)