Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
- Автор: Свабода Радыё
- Год: 2021
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабода
- Жанр: Публицистика
Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:
19 жніўня рабочыя «Беларуськалію» сабраліся на плошчы ў Салігорску, каб абмеркаваць свой страйк.
„Не разьбітае ніводнае шкло“
— Мы не задаволеныя тым, што ўрад пайшоў ваяваць супраць народу. Зьбівалі людзей, забіралі, цяпер дагэтуль сядзяць. Ладна ў Менску, там былі сутыкненьні, але тут, у Салігорску не разьбітае ніводнае шкло, нічога, нідзе, усё было мірна, аднак вельмі шмат людзей пацярпела праз свае перакананьні. Хапалі і дзяцей, і ўсіх запар, гэта ня толькі Беларуськалій. Гвалт над народам, гэтага рабіць нельга было.
„Людзей абурыла пастаянная хлусьня“
— Людзей вельмі абурае, што людзі ў нас быдла ў разуменьні ўлады. Таму мы выступаем за тое, каб мы нарэшце сталі беларусамі, людзьмі звацца, як той казаў. І хоць я ўжо не працую ў гэтым калектыве, два гады на пэнсіі, я таксама прыйшоў. Бо ў маіх дзяцей і ўнукаў пры гэтай уладзе няма будучыні. Людзей абурыла ня тое, што мы мала ці многа зарабляем. Людзей абурыла гэтая хлусьня пастаянная.
„Жонка дома замкнула“
— Палова працуе, палова спускаецца і не працуе. Нехта ўвогуле не выходзіць на працу. Уначы ціснулі з боку генэральнага, езьдзіў па рудніках. Нехта працаваў, бо хоча гэтую капейку зарабіць, а камусьці і гэтая капейка ўжо ня трэба. Хтосьці за свой гаманец трымаецца, хтосьці за месца, успамінае, што ў яго многа крэдытаў. Аднаго, быў выпадак, была тут забастоўка, і яго жонка дома замкнула. Ціск з боку сваякоў, сям’і і гэтак далей. Нехта проста ня бачыць усёй сытуацыі ў Беларусі. Нашы начальнікі ўчасткаў, яны як бы і з намі, але слова супраць сказаць ня могуць. Яны як бы і з народам і бліжэй да начальства, якое зьверху.
„Лепш бы гэтага інтэрнэту не было“
— Так усё сумна, так дрэнна. Лепш бы гэтага інтэрнэту не было. Лепш бы мы ўсяго гэтага не глядзелі, у тым ліку вас. Вы вельмі добры канал. Мы проста ў шоку ад усяго, што робіцца ў нас. Найбольш ад таго… як сказала сёньня мая сьвякруха, якая вось ужо памірае, яна кажа: Зінка, вы яшчэ яго не прагналі? Цара скінулі, а яго ня можам? Я кажу: ня можам і плачам. Так што ўсім расказвайце і паказвайце. Мы ў шоку ад усяго. І нічога зрабіць ня можам. А вы працуйце, вы малойцы.
22 жніўня ў Берасьці адбыўся Марш супраць забойстваў і гвалту.
„Трэба зьяжджаць“
— Сьлёзы на вачах за ўсё, што адбылося з намі за гэты час. Няма словаў, толькі адно пытаньне: за што? Мы плацім падаткі гэтай дзяржаве, мы кормім уладу, якая павінна нас абараняць. А яна нас б’е. У многіх людзей разьвілася фобія, баяцца выходзіць на вуліцу. Я баюся падыходзіць да пад’езда дома і баюся, што не прыйду дадому. І мой сын, якому 25 гадоў. Увечары пасьля выбараў амон гнаў людзей, людзі разьбягаліся, яны ўсіх запар грэблі. Хацелі, відаць, нас усіх зьнішчыць. Трэба зьяжджаць. Моладзі трэба зьяжджаць, бо працаваць на гэтую ўладу і плаціць падаткі няма сэнсу. Мы рабы для іх.
„Знак роўнасьці“
— Вельмі няправільна, што тыя людзі, якія ходзяць на мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі, ставяць знак роўнасьці паміж Рэспублікай Беларусь і прозьвішчам Лукашэнкі. Яны павінны зразумець, што калі Лукашэнка сыдзе, Беларусь нікуды ня дзенецца. Я не жыву ў Беларусі ўжо два гады. Я зь Берасьця, але я зьехала. А зьехала, бо думала, што безнадзейна нешта тут памяняць. Але цяпер калі я бачу гэтае сьвятло ў канцы тунэлю, я ўсё адно зьеду, але я хачу дабіцца, каб Беларусь была той краінай, зь якой не захочацца зьяжджаць“.
23 жніўня ў Менску праходзіў Марш новай Беларусі. Плошча Незалежнасьці не змагла зьмясьціць усіх удзельнікаў, людзі занялі таксама ўсю прастору праспэкта да Кастрычніцкай плошчы.
„Людзі зьбіраюцца для перамен“
— У мінулую нядзелю я быў у сваім родным горадзе Мазыры. А сёньня я вырашыў прыехаць у Менск падтрымаць. Яны кажуць, мы купленыя. Мы купленыя Эўропай. Гэта сьмешна. Цяпер у Мазыры такі вось настрой (паказвае вялікі палец). Усё ўсё бачаць, усе цудоўна разумеюць, усе хочуць перамен і ўсе гэтага дамагаюцца, як могуць. І тут вясёлыя людзі, якіх так хочацца бачыць, якія ідуць з настроем, якія бачаць у сваіх сэрцах і вачах перамены і якія для гэтага і зьбіраюцца.