НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
З 1951 г. аб друку літаратурных твораў вырашала Галоўнае ўпраўленне па справах літаратуры і выдавецкай дзейнасці пры Савеце Міністраў БССР. Вобраз свету, які прадстаўляла савецкая літаратура сталінскага перыяду, толькі ў невялікай ступені адлюстроўваў існуючыя рэаліі, людскія пачуцці і думкі і ствараўся пад густы партыйных ідэолагаў, паводле дакладна вызначаных імі крытэрыяў. Чым вобраз гэты быў больш скажоны, тым большы гонар і ўзнагароды чакалі аўтараў. Хлусня, якая стваралася пры ўдзеле самых выдатных тварцоў эпохі і шматкратна паўтаралася прапагандысцкім апаратам, для новых пакаленняў станавілася неаспрэчнай праўдай. Творчасць Ільі Гурскага, Усевалада Краўчанкі, Кастуся Губарэвіча ці Тараса Хадкевіча стала сімвалам канфармізму пасляваеннага пакалення беларускіх літаратараў. Тыя, што прабавалі захаваць нейкую долю незалежнага мыслення, апынуліся ў Сібіры.
Так як і літаратарам падобныя патрабаванні бальшавікі ставілі рэжысёрам і акцёрам. Рэпертуар паасобных тэатраў зацвярджаўся спецыяльнай установай, якая дзейнічала пры ЦК КП(б)Б. У 1949 г. з рэпертуару беларускіх тэатраў зніклі амаль усе творы заходнееўрапейскіх драматургаў. Развязаная ў той час Сталіным антысеміцкая кампанія давяла да змены кіраўнічых кадраў у большасці тэатраў. Змаганне з касмапалітызмам вялося паралельна з пашырэннем рэпертуару, які адклікаўся да славянафільскай міфалогіі. Палітбюро ЦК дазваляла тэатрам ставіць у асноўным тыя творы беларускіх драматургаў, якія адклікаліся да народных элементаў, класавай барацьбы на вёсцы або барацьбы беларускага народа з нямецкімі захопнікамі, пазбягаючы п’ес, якія спасыліся на традыцыю Вялікага княства Літоўскага.
Школьніцтва
Вялікую ролю ў выхаванні маладых пакаленняў беларусаў савецкія ўлады назначылі школе. Пасля вайны спраўна і адносна хутка была адбудавана сістэма ўсіх узроўняў навучання. У 1945/1946 навучальным годзе ў Беларусі працавала 10,9 тыс. навучальных устаноў, у якіх вучылася 1337 тыс. школьнікаў. Найбольш складанай праблемай беларускай асветы быў недахоп кадраў. Настаўнікі, якія працавалі ў школах падчас акупацыі, у большасці былі вывезены з Беларусі, а пераказаныя імі веды, асабліва ў галіне гуманітарных навук, выклікалі неабходнасць перавыхавання маладога пакалення. Менавіта таму значную частку кадраў складалі актывісты камсамола, якія прыехалі сюды з Расіі. У сувязі з гэтым з’явілася праблема мовы выкладання ў школах, паколькі вучні, асабліва ў заходняй Беларусі, не заўсёды разумелі мову настаўнікаў. У Мінску ў 1946 г. на 28 падставовых школ у палове ўрокі вяліся на рускай мове. У 1953 г. лік школ павялічыўся да 46, але беларуская мова захавалася толькі ў дзевяці. У Брэсце на 14 школ толькі ў адной прадметы выкладаліся па-беларуску. Падобнае становішча было і ў іншых гарадах, дзе настаўніцкія кадры складалі прышэльцы з Расіі. Беларускае школьніцтва сістэматычна скарачалася і ў асноўным абмежавалася да вясковага асяроддзя.
Цэнтрам, які падтрымоўваў русіфікатарскія тэндэнцыі ў Беларусі быў Цэнтральны Камітэт КП(б)Б. У чэрвені 1952 г. прыняў ён адмысловую пастанову «Аб ходзе выкладання расійскай і беларускай моў у школах БССР у святле вучэнняў таварыша Сталіна аб мовазнаўстве». Хаця пастанова ЦК не аспрэчвала мэтазгоднасці навучання беларускай мове, аднак указвала, што ў інтарэсе савецкай дзяржавы веданне грамадзянамі рускай мовы з’яўляецца неабходнасцю. На пачатку 50-х гадоў амаль 70 % сярэдніх школ працавала на базе рускай мовы.
Больш дынамічным аказаўся працэс русіфікацыі вышэйшага школьніцтва. У 1944/1945 акадэмічным годзе працу пачалі 22 установы, якія лічыліся вышэйшымі навучальнымі ўстановамі. Амаль палова ўсіх беларускіх студэнтаў — 5 тыс. — у той час вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце ў Мінску. З прычыны нястачы настаўніцкіх кадраў найбольш увагі адводзілася тварэнню педагагічных інстытутаў. У чэрвені 1951 г. у рэспубліцы было 10 такіх ВНУ.