НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
Прапагандаванне культу Сталіна з асаблівай інтэнсіўнасцю праводзілася ў маладзёжным асяроддзі. 450-тысячны камсамол у Беларусі быў цесна звязаны з партыяй і верна ўкараняў яе ідэі сярод наймалодшых пакаленняў. Дзеці сталінскіх ахвяр шчыра верылі ў тое, што іхнія бацькі заслужылі долю, якую падрыхтавала ім савецкая ўлада.
Беларуская культура пасляваеннага сталінізму
Нягледзячы на жудасныя рэпрэсіі, у выніку якіх мільёны людзей апынуліся ў канцэнтрацыйных лагерах, Сталін быў натхненнем для тварцоў усіх галін культуры. Кожны твор інтэлектуальнай дзейнасці лічыўся нявартым увагі, калі не абогатвараў «правадыра сусветнага пралетарыяту». У 1947–1951 гадах на беларускай мове выйшлі ўсе творы Сталіна. Мільённым тыражом выпушчана была «Кароткая біяграфія І. В. Сталіна». У Беларусі ўзнікла больш за 7 тыс. гурткоў вывучэння жыцця і мыслей «вялікага правадыра». У снежні 1949 г. па інспірацыі ЦК КП(б)Б напісаны быў «Ліст Вялікаму Сталіну ў 70 гадавіну з дня нараджэння ад беларускага народа», пад якім падпісаліся тысячы інтэлектуалаў і звычайных жыхароў рэспублікі. Яго змест у большай ступені нагадваў малітву чым юбілейныя віншаванні чалавеку. З нагоды дня нараджэння Сталіна ў Беларусі адбылося 32 тыс. мітынгаў і сходаў, у якіх прыняло ўдзел больш за 3 млн. чалавек. Паэты чыталі вершы, спевакі, акцёры, танцоры дасягалі самага высокага ўзроўню прафесійнасці, рыхтуючыся да выступленняў у гонар правадыра партыі — «рэпрэзентанта інтарэсаў працоўнага народа».
Культура і ўстановы яе распаўсюджвання служылі перш за ўсё пашырэнню культу Сталіна. Выдаткі на культуру былі адносна высокія. Клубы культуры, бібліятэкі, чытальні працавалі амаль у кожным калгасе. З раённых і калгасных бюджэтаў выдзяляліся сродкі для вядзення розных форм мастацкай самадзейнасці, прычым мелі яны быць цесна звязаны з афіцыйнай ідэалогіяй. Кніжкі, прызнаныя слушнымі, друкаваліся шматмільённымі тыражамі. Дзякуючы шчыльнай сетцы бібліятэк і чытальняў былі яны агульнадаступнымі. Арганізаваліся шматлікія чытальніцкія конкурсы. З чытальняў і бібліятэк сістэматычна выводзіліся творы тых пісьменнікаў, якіх расстралялі або саслалі ў канцэнтрацыйныя лагеры. У бібліятэкі рэгулярна паступалі спісы забароненых кніг, а бібліятэкары кантраляваліся ці сапраўды выводзяць з абарачэння крамольную літаратуру. У 1952 г. такі кантроль праведзены быў у 18 тыс. бібліятэчных пунктах і чытальнях, з якіх выведзена 24 тыс. кніг. Год пазней скантралявана было ўжо 21 тыс. пунктаў, з кнігазбораў якіх выключана было 41 тыс. кніжак.
Да 1949 г. 96 % газет і кніжак друкаваліся на беларускай мове. Савецкія ўлады не маглі ж ставіцца да беларускай мовы горш чым нямецкія акупанты. У 1950 г. пачаўся паступовы спад колькасці найменняў друкаваных выданняў на гэтай мове. Пяць гадоў пазней ужо больш за 30 % кніжак і 20 % газет друкаваліся на рускай мове. Гэты працэс значна паскорыўся ў наступных гадах.
У жніўні 1946 г. Цэнтральны Камітэт ВКП(б)Б акрэсліў дырэктыву для савецкай літаратурнай творчасці. У ліпені 1947 г. крытэрыі, якімі павінны кіравацца беларускія літаратары, вызначыў Цэнтральны Камітэт КП(б)Б. У адпаведнасці з указаннямі ЦК вядучымі тэмамі беларускай літаратуры павінны былі стаць барацьба беларускага народа з фашысцкім акупантам і прапагандаванне дасягненняў партыі і яе правадыроў у будове дабрабыту працоўнага народа і справядлівага грамадскага ладу. За адпаведнае, згоднае з жаданнем улад, апісанне савецкага руху супраціўлення і сацыялістычных пераўтаврэнняў аўтарам прысвойвалася самая высокая літаратурная ўзнагарода — Сталінская прэмія. Атрымалі яе ў 1949 г. Якуб Колас за паэму «Рыбакова хата», Пятрусь Броўка за паэму «Хлеб» і Аркадзь Куляшоў за паэму «Новае рэчышча».
Таксама адміністрацыйнымі метадамі стваралася літаратурная крытыка. Савецкія літаратуразнаўцы ў прынцыпе прадстаўлялі пазіцыю нейкага партыйнага калектыву. Іх ацэнка на старонках газеты або часопіса прадвяшчала адабрэнне або адхіленне твора партыйнымі ідэолагамі. Была яна таксама ўказальнікам для журналістаў і работнікаў культуры як трэба ацэньваць творчасць паасобных аўтараў. Адмоўная ацэнка твора партыйным актывам адчыняла шлях да паклёпаў на аўтара, таварыскага астракізму і пазбаўляла выдавецкіх перспектыў на доўгія гады. У такі спосаб зацкавана была Эдзі Агняцвет (сапр. Эдзі Каган), у вершах якой прыкмечаны былі мяшчанскія элементы, і Канстанцыя Буйло, абвінавачаная ў прапагандаванні беларускага нацыяналізму, таму што ў адным з вершаў напісала пра Беларусь як пра самае прыгожае месца на Зямлі.