НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У 1946–1949 гадах органы НКУС выявілі больш за дзесяць нелегальных груп у асяроддзі гімназічнай і студэнцкай моладзі. Не вядома, аднак, ці служба бяспекі не была ініцыятарам паўстання некаторых маладзёжных антысавецкіх арганізацый, якія мелі прыцягнуць усіх патэнцыяльных праціўнікаў сталінізму і аблягчыць НКУС іх ліквідацыю. Вясной 1946 г. у Слоніме заснавалася падпольная арганізацыя з назвай «Чайка». Падпольшчыкі наладзілі супрацоўніцтва з групай слухачоў Баранавіцкага педагагічнага інстытута. Да нелегальнай дзейнасці ўключылася многа асоб з розных асяроддзяў і мястэчак заходняй Беларусі. Мэтай арганізацыі было змаганне за захаванне нацыянальных свабод, абарона беларускай культуры і мовы, а таксама папулярызацыя гісторыі Беларусі ў якасці канкурэнцыі для савецкай міфалогіі. Нефармальныя групы ўзніклі таксама ў Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, Ганцавіцкім педагагічным вучылішчы. У жніўні 1947 г. арыштаваны былі некалькі дзесяткаў асоб з гэтых цэнтраў і абвінавачаны ў прыналежнасці да арганізацыі з назвай «Цэнтр беларускага вызвольнага руху», які меў весці беларускую нацыяналістычную прапаганду і рыхтаваць кадры для тэрарыстычных фарміраванняў. Не вядома ці ў сапраўднасці такая арганізацыя існавала, але за прыналежнасць да яе Мінскі ваенны суд прыгаварыў на шматгадовае зняволенне ў канцэнтрацыйных лагерах 29 чалавек. На пачатку лютага савецкая дзяржбяспека арыштавала 33 слухачоў Глыбоцкага педагагічнага вучылішча, абвінаваціўшы іх у прыналежнасці да «Хаўруса беларускіх патрыётаў». Арганізацыя гэтая існавала са студзеня 1946 г. і займалася прапагандаваннем патрыятычных ідэй сярод моладзі. 20 чэрвеня Мінскі ваенны суд прыгаварыў арыштаваных да шматгадовага турэмнага зняволення. Большасць асуджаных атрымала па 25 гадоў турмы.
Падобныя арганізацыі ў маладзёжным асяроддзі функцыянеры НКУС выявілі восенню 1947 г. у Полацку, Маладзечне, Пінску і Мінску. Ваенныя суды ў прынцыпе не выносілі меншых прыгавораў чым 5 гадоў у г. зв. працоўных калоніях.
У 1949 г. Сталін даў пачатак новай хвалі чыстак у партыйным апараце і сярод кіраўнічых адміністрацыйных кадраў. У Беларусі змаганне са «здраднікамі і рэвізіяністамі» ўзначаліў шэф рэспубліканскага НКУС Лаўрэнцій Цанава. У 1951 г. Цанава ў нацыяналізме абвінаваціў нават героя беларускага камуністычнага руху Сяргея Прытыцкага, тадышняга І сакратара Абласнога камітэта КП(б)Б у Гродне. Іншы заслужаны бальшавік, міністр асветы БССР Пётр Саевіч за нацыяналістычны «ўхіл» быў сасланы на 25 гадоў у канцэнтрацыйны лагер.
Пасляваенным рэпрэсіям у першую чаргу падвяргалася інтэлігенцыя. Сталінізм апускаўся ў акасцянеласць і дагматызм, што стала прычынай ганенняў на тых, якія праяўлялі хаця б цень сумненняў у адносінах да праўд, прапаведаваных тадышняй бальшавіцкай прапагандай. Ацэнкай літаратурнай і мастацкай творчасці займаўся Цэнтральны Камітэт КП(б)Б. У канцэнтрацыйныя лагеры зноў ссылаліся пісьменнікі і паэты, якія не прытрымоўваліся сталінскай этыкі пры апісванні вайны і з’яў грамадскага і палітычнага жыцця ў Беларусі — Андрэй Александровіч, Рыгор Бярозкін, Сяргей Грахоўскі, Барыс Мікуліч, Станіслаў Шушкевіч.
У коле найбольш падазроных апынуліся тыя інтэлектуалы, у якіх былі якія-небудзь кантакты з Захадам. Гучнай стала справа прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі Антона Жэбрака, якога артыкул «Савецкая біялогія» ў 1945 г. быў апублікаваны ў амерыканскім часопісе «Science» («Навука»). Жэбрак пераконваў у ім амерыканскіх вучоных аб няслушнасці ацэнкі дасягненняў савецкіх біёлагаў цераз прызму тэорый Трафіма Лысенкі. Публікацыя Жэбрака была прызнана праявай здрады савецкай навуцы і кампраметавання яе выдатнейшых аўтарытэтаў. 14 верасня 1948 г. яго навуковыя погляды былі ацэнены на пасяджэнні Палітбюро ЦК КП(б)Б. Рашэннем гэтага партыйнага органа ліквідаваны быў Інстытут біялогіі АН Беларусі, а ўсе кіраўнікі паасобных яго аддзяленняў, у якіх вяліся доследы ў галіне медыцыны, біялогіі і генетыкі, былі звольнены з працы. Занятак страцілі таксама навукоўцы Беларускага дзяржаўнага універсітэта, у навуковых дасягненнях якіх ставіліліся тэзісы падобныя на палажэнні біёлагаў з Акадэіі навук.
У пасляваенны перыяд культ Сталіна стаў набываць рысы рэлігійнага рытуалу. Савецкая прапаганда прадстаўляла Сталіна як пераможнага правадыра, які ўбярог чалавецтва ад фашысцкіх крэматорыяў і вяртання ў эпоху нявольніцтва. Вярхоўнай уладай у абласцях, раёнах, калгасах, заводах сталіся партыйныя камітэты, якіх функцыянеры выконвалі ролю жрацоў культу правадыра. І хаця праводзіліся выбары ў Вярхоўны Савет і мясцовыя Саветы народных дэпутатаў, іх улада ў большай ступені была сімвалічнай чым сапраўднай. Пры стоадсоткавай прысутнасці выбаршчыкаў на ўчастках для галасавання прапанаваныя партыйнымі камітэтамі кандыдаты атрымоўвалі стоадсоткавую падтрымку. Выбарчыя кампаніі ў Вярхоўны Савет у 1948 г. і ў мясцовыя Саветы ў 1950 г. сталі своеасаблівымі спектаклямі, падчас якіх на працягу некалькіх месяцаў услаўляліся Сталін і камунізм. Партыйныя камітэты прызначалі і адклікалі старшынь Саветаў народных дэпутатаў, вядома, пры захаванні працэдур, якія абавязвалі ў савецкім заканадаўстве.