НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
- Автор: Миронович Евгений
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Неўскі прасцяг
- Жанр: История
Электронная книга - «НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ». Краткое содержание книги:
У верасні 1946 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пяцігадовы план развіцця гаспадаркі, які складаў частку пяцігодкі СССР, якая мела ажыццяўляцца ў 1946–1950 гадах. План прадугледжваў рост вытворчасці беларускай гаспадаркі, якая ў 1950 г. мела на 16 % перасягнуць даваенныя паказчыкі. У 1946 г. больш за 6 тыс. прадпрыемстваў гатовых было выпускаць інвестыцыйную і спажывецкую прадукцыю, а іх вытворчыя магутнасці дазвалялі выканаць і перавыканаць усе планы першай пасляваеннай пяцігодкі. Аднак перашкодай аказаўся дэфіцыт сыравіны і электарэнергіі. Гэтай апошняй бракавала асабліва ў заходніх абласцях, у якіх інфраструктура была горшай і да 1941 г. Таксама тэхналогія, якая прымянялася да вытворчасці ваеннага абсталявання, у многіх выпадках не падыходзіла да цывільнай прадукцыі. Сур’ёзнай перашкодай быў таксама дэфіцыт кваліфікаваных кадраў і рабочай сілы. Урон насельніцтва падчас вайны яшчэ доўгі час адмоўна адбіваўся на гаспадарчым жыцці рэспублікі.
Развіццю гаспадаркі перашкаджаў таксама буйны рост партыйнай і дзяржаўнай адміністрацыі. У 1936 г. урад БССР складаўся з 18 камісараў, а ў 1946 г. было іх ужо 44. Разбудова адміністрацыі ў многіх выпадках была формай узнагароды для заслужаных арганізатараў партызанскага руху ў Беларусі, якіх камандзірскія здольнасці не заўсёды сумяшчаліся з гаспадарчымі і адміністрацыйнымі ведамі. Кампетэнцыі паасобных камісараў і падначаленых ім структур часта супадалі, што ў сваю чаргу выклікала хаос у кіраванні гаспадаркай. Выцясненне ўсіх элементаў рыначнай гаспадаркі і бюракратычны спосаб кіравання эканамічнымі працэсамі, паспяховы ў ваенны перыяд, у мірны час быў прычынай гіганцкага марнатраўства людской працы, сыравіны і энергіі.
На хвалі новага энтузіязму сацыялістычнага будаўніцтва кожны чыноўнік, які кіраваў гаспадаркай на прадпрыемстве, у раёне або вобласці, хацеў паказаць вынікі сваёй дзейнасці. Былі яны меркай ягонага сацыялістычнага патрыятызму. Праводзіліся розныя формы «сацыялістычнага спаборніцтва працы». Рабочыя, працоўныя брыгады, заводы «змагаліся» за выкананне і перавыкананне нормаў. Найлепшыя выконвалі — так, прынамсі, заяўляла савецкая прапаганда — нават 400 % прадугледжанай планам нормы. Работнікі завода «Чырвоны змагар» з Оршы быццам бы ў 1954 г. выканалі план вытворчасці прадугледжаны на 1958 г. Савецкая гістарыяграфія паведамляе, што пяцігадовы план 1946–1950 гадоў быў выкананы датэрмінова.
Несумненна, Беларусь, як і іншыя савецкія рэспублікі, дасягнула вялікіх поспехаў у аднаўленні знішчанай падчас вайны гаспадаркі. Здзяйснялася гэта дзякуючы вялікім намаганням грамадзян і пры іх шчырым удзеле ў гэтым працэсе. Аднак паказчыкі колькасці выпушчанай у гэты час прадукцыі нямнога гавораць аб яе якасці, значыць, аб сапраўдных выніках працы рабочых і інжынераў, якія выконвалі па 400 % нормы.
Большасць сродкаў, выпушчаных падчас першай пасляваеннай пяцігодкі, накіроўвалася на чарговыя інвестыцыі, абмяжоўваючы такім чынам спажыванне і ўзровень матэрыяльнага жыцця грамадства. У чарговай пяцігодцы 1951–1955 гадоў у Беларусі паўсталі прадпрыемствы ўсесаюзнага значэння. Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод ці Гомельскі станкабудаўнічы завод выпускалі прадукцыю на патрэбы ўсяго Савецкага Саюза і іншых краін народнай дэмакратыі.
Савецкая гістарыяграфія паведамляе, што ў 1951–1955 гадах прамысловая вытворчасць Беларусі павялічылася на 210 %. Найбольшым прамысловым цэнтрам стала сталіца рэспублікі — Мінск. У другой пасляваеннай пяцігодцы больш інвестыцый было накіраваных у заходнія вобласці. Да вялікіх будоў гэтага перыяду належаць электрастанцыя ў Гродне і галоўная аўтамабільная магістраль Мінск- Брэст. Стрыманасць савецкіх улад ад інвеставання ў заходнюю частку рэспублікі была выклікана, здаецца, бояззю, што ў выпадку новага канфлікту гэтыя землі, так як у 1941 г., на нейкі час могуць быць заваяваны патэнцыяльным праціўнікам. Большасць інвестыцый 1951–1955 гадоў, напрыклад магістраль Мінск-Брэст, праводзілася з улікам ваенных інтарэсаў СССР.
Калектывізацыя заходняй Беларусі
Самай вялікай праблемай беларускай сельскай гаспадаркі пасляваеннага перыяду быў дэфіцыт цяглавай сілы. І хаця ў 1945 г. з Расіі ў Беларусь было дастаўлена 1542 трактары і 70 тыс. коней, аднак гэтая дапамога толькі ў невялікай ступені змякчыла патрэбы ў гэтай галіне. Кожны з ліку 4 тыс. калгасаў распараджаўся 2–10 коньмі. У некаторых калгасах коні адсутнічалі. У Віцебскай вобласці ў якасці цягла выкарыстоўвалі кароў. Здаралася, што плуг прыводзіўся ў рух пры дапамозе людской сілы. Сітуацыю ўскладняла яшчэ і тое, што большасць сельскіх мужчын папоўніла рады Чырвонай Арміі або была накіравана на работы пры адбудове дарог, мастоў, чыгункі. Менавіта таму, нягледзячы на незвычайныя намаганні застаўшыхся на вёсцы жанчын, значная частка зямлі вясною 1945 г. засталася неабсеянай. Паправілася сітуацыя толькі ў 1947 г., калі частка сялян была дэмабілізавана і калі павялічылася колькасць прывезеных з Расіі трактароў. Паводле савецкіх крыніц, даваенны ўзровень сельскагаспадарчай вытворчасці быў дасягнуты ўжо ў 1950 г.