Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара
Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара

Электронная книга - «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара». Краткое содержание книги:

Гэта пятая кніга рамана, у якой працягваюцца неверагодныя прыгоды герояў і адкрываюцца невядомыя старонкі беларускай гісторыі. Гады пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай. Лёднік — чалец усемагутнай Адукацыйнай камісіі, якая дзейнічае пад патранажам караля… Але гэта не выратуе ад непрыемнасцей. I вось ужо сябры зноў уцягнутыя ў інтрыгі магнатаў. Да Пранціша і Баўтрамея далучаецца падрослы сын Лёдніка Алесь, якому ад бацькі перадаліся незвычайныя здольнасці. Бандзе Чорнага Доктара неабходна разгадаць таямніцу знікнення асістэнткі доктара Лёдніка панны Праксэды. Герояў чакаюць сутарэнні Ашмянскага замка, палёт на паветраным цмоку над карнавальнай Венецыяй, снежная лавіна ў Татрах, гасцяванне ў Пацучынага Караля і жалезная клетка ў замку акрутнай Тэрэзы Радзівіл…
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 101
Перейти на страницу:

— Вы, напэўна, чулі пра мяне шмат усялякай лухты, — мімаходзь паведаміла пані, падносячы да вуснаў келіх чырвонага віна. — Быццам бы я камусь галаву адсекла ў сваіх сутарэннях.

— Ну хто ж слухае такую лухту, вашамосць, — ахвотна падхапіў Вырвіч.

— Альбо вось яшчэ чутка… Быццам бы я сваіх ворагаў саджаю ў клетку і трымаю ў сваёй спачывальні, — пані адпіла віна, на яркіх вуснах засталася бліскучая кропля.

Пранціш пачаў быў працягваць галантнае абурэнне ілжывымі плёткамі.

— А між тым гэта чысцюткая праўда, панове! — мройна ўсміхнулася пані Тэрэза. — Пра клетку. Вы наступны, хто там апынецца, пан доктар. Проста гэтай ноччу.

Пранціш заперхаўся, бо кавалак у горле перасеў. Алесь упусціў відэлец. Доктар спакойна пражаваў кавалак шчупака, запіў ліманадам.

— Гэта не самая лепшая ідэя, ваша княская мосць. Немалады мужчына. З усёй непрывабнай фізіялогіяй. У спачывальні высакароднай дамы. Не камільфо.

— Шаноўны пан Лёднік, мне такое задавальненне прыносіць увесьчаснае сузіранне маёй маленькай помсты, што я гатовая сцярпець некаторыя нязручнасці. Я разумею, што раз вы пагрэбавалі маёй кампаніяй у бальнай залі, у больш сціплых умовах вам яна яшчэ больш брыдка… — твар пані на апошніх словах зноў пачаў налівацца чырванню, і задышка з’явілася, нібыта толькі што ўзбегла па лесвіцы. — Але цяпер вы будзеце шчаслівіць мяне сваёй прысутнасцю столькі, колькі я захачу.

У голасе дачкі гетмана чуўся прысвіст, як у раззлаванай змяюкі, а зрэнкі, здавалася, мігцелі, то звужаліся, то пашыраліся. Чорны Доктар пакорліва нахіліў галаву.

— Я зразумеў сваю памылку, вашамосць — неабачліва не адгукнуўся на ваша запрашэнне ў Гародні, не ацаніў высокі гонар, які мне быў аказаны. Але мае спадарожнікі… Яны нічым не абразілі вашумосць. Магчыма, вы міласэрна дазволіце ім з’ехаць? Іх з’яўленне тут — цалкам мая віна і прымус.

Алесь ускінуў галаву відавочна ў жаданні запярэчыць. Але пані нядобра ўсміхнулася:

— У маім замку хопіць пакояў для ўсіх гасцей. А ў бліжэйшыя дні… Магчыма, месяцы… А можа, і гады — хто ведае, наколькі вы акажацеся забаўным хатнім звярком, пан чорны маг? — вы павінны клапаціцца толькі пра свой лёс. А ён будзе залежаць выключна ад майго настрою.

І ўся гэтая брыда гаварылася так спакойненька, пад смакаванне бляманжу — мігдалавага студня, пастукванне срэбных лыжачак, пад няшчырыя, але цалкам свецкія ўсмешкі.

Пані кінула на стол сурвэтку і ўзнялася. Птушачкі на яе парыку, здавалася, заклапочана шчабятнулі. Цяпер было відно, што гетманаўна даволі куртатая, доктару Лёдніку, мусіць, па грудзі. На што паквапіўся Панятоўскі? На шалёны тэмперамент, відаць — млявы Цялок усё жыццё вёўся на гарачых уладных кабетаў.

— Пан Зыгмунд, даражэнькі, вы зразумелі маю волю.

Кляты здраднік ускочыў з-за стала, за якім так і прасядзеў маўклівым слупам, раскланяўся.

— Усё будзе зроблена, вашамосць.

Лёдніка зараз жа павялі ўслед за пані. Пранціша і Алеся ўзяўся суправаджаць сам Грос. Яны пад аховай трох гайдукоў ішлі па доўгіх цёмных калідорах, і Пранціш пакутліва вычэкваў момант, калі можна будзе расправіцца са зладзеем і збегчы. Гэх, зброі ніякай. А можа, Алесь як-небудзь пакліча пацукоў гэтага замка, ды зладзіць яшчэ адно паганае чырванавокае войска? Мусяць жа тут быць пацукі.

Але Грос зноў штурхнуў гасцей на бакавую лесвіцу, што хавалася за калонай.

— Хочаце выбрацца? Маўчыце і ідзіце за мной.

Гайдукі абмяняліся з капітанам знакамі і засталіся ў калідоры. Здаецца, Грос не збіраецца весці палоннікаў у казематы? Тыцнуў Алесю запалены алейны ліхтар з жалезнымі дзверкамі, якія маглі закрываць агонь з любога боку, што зручна падчас вайны альбо шпегавання.

— Гэта што, здзяйсняецца нейкі перамудраны план, у які нас не пасвяцілі? — гнеўным шэптам азваўся Вырвіч, калі яны пачалі ўздымацца па закручанай ракавінай лесвіцы, якая вяла невядома куды.

— План быў. Але з вашым шаноўным доктарам ніякія планы не спрацоўваюць, — гэткім жа гнеўным шэптам адказаў пан Зыгмунд, прыпыніўшыся. — Я ніяк не мог прадугледзець, што ён настолькі зачапіў княгіню, што тая захоча пасадзіць яго ў клетку. Апошні раз пані скарыстала яе год таму, на пасланцы ад мужа, які ўздумаў абвінавачваць яе ў распусце. Небараку дасталі праз месяц. Калі ўжо і гаварыць не мог. Вось жа. Гэтай ноччу вас павінны былі ўсіх разам з паннай Праксэдай вызваліць, так, што ўсе сведчанні паказвалі б на ўдзел пана Богуша.

1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)