Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 70 71 72 73 74 75 76 77 78 ... 192
Перейти на страницу:

І дадаў:

– Падбароддзе ў яго бязвольнае. А бязвольныя людзі – ох, якія яны часта бываюць упартыя ды злосныя! На кожным сваім капрызе могуць суседу вязы скруціць. Нібы даводзіць, што i ў яго цвёрдасць ёсць.

Кастусь баўтануў нагамі ў вадзе.

– Справядлівасці, відаць, i тут не будзе. У нас, наогул, справядлівасць гэтую своеасабліва разумеюць. Чорнага iмя Сямашка-біскуп сам унію кінуў i сілком пачаў паству ў праваслаўе гнаць. Тут ужо ўсё, што хочаш, бывае: i страшнае, i смешнае. Смех у нас, вядома, таксама не дай бог! У пятлю хочацца ад такога смеху. То рэжуць людзям бароды, а з тых, хто не хоча, мыт за бараду бяруць. А тут прымусілі ўніяцкіх былых папоў бароды гадаваць ды вопратку мяняць. Усе забарадзелі, як казлы. І тут Сямашку данос: поп такой i такой вёскi барады назнарок не хоча адпускаць, а значыць, i надалей перабывае ў гнюснай epaci, такі ён i гэтакі. Марыць аб аўтакефаліі беларускай царквы, спіць i бачыць, каб гасудар ухайдокаўся… Папа туды, папа сюды, папа на допыт… “Што, быдла, зламысныя ідэі ў чорным сэрцы гадуеш?! Аўтакефаліі захацеў?! А ў манастыр на хлеб i ваду?!” I, галоўнае, ён, халера, ні ў чым не прызнаецца. Некалькі месяцаў цягалі. Ледзь сапраўды за краты не трапіў. Ужо i прадпісанне было. I толькі потым выявілася, што барада ў папа ад прыроды не расце.

Яны шырока разгарнулі крыгу i падставілі яе пад куст, заліты вадою. Алесь спінаю, каб вачэй не папсаваць, палез у хмыз i пачаў боўтаць у iм нагамі. Праз хвіліну Кастусь смыкнуў за вяровачку, i крылы самкнуліся. Загорскі падскочыў да сябра i памог яму ўзняць крыгу над вадой. У ёй ляжаў, відаць самлеўшы ад жаху, даволі вялікі шчупак, а побач з iм калаціліся тры цьмяна-залатыя ліны.

Ставячы раз-пораз крыгу, яны павольна пасоўваліся да гарадзішча.

– I чаму гэта, братка, так? Звычайная рыба доўга, мужна, я б сказаў, трымаецца, а шчупак, вялікі, моцны, драпежны, як выцягнеш яго з вады, так i самлее, – сказаў Кастусь.

– Я думаю, звычайная рыба, яна – працавік. Жыве сабе, б'ецца, “штодзённы” свой цяжка зарабляе. А гэты – хапун, аспід драпежны. Злы чалавек не бывае мужны. Так i тут. Пострах ракі, а на расплату, як ва ўcix такіх, кішка тонкая.

Кастусь вырваў з вады крыгу, i ў струменях плыўкага срэбра яны ўбачылі яшчэ аднаго нерухомага шчупака i зарагаталі…

… Калі яны паселі ля падножжа вялізнага гарадзішча i расклалі сушыць вопратку, Кастусь, абводзячы шырокімі вачыма мора кветак у вадзе, сказаў:

– Ну i зямля! Бог ты мой, якая зямля! Дык, хаця б за прыгажосць, няўжо яна кропелькі шчасця не заслужыла? Скубуць i скубуць, душаць i душаць.

– Гэта праўда, – сказаў Алесь.

Каліноўскі лёг на жывот i глядзеў цяпер на гіганцкую ўсечаную піраміду гарадзішча, на сляды равоў, на закляклыя схілы, на якіх шумела трава, на самотны дубок, што неяк прымасціўся на краёчку верхняй пляцоўкі, здабываў карэннямі бедны пакорм з цвёрдай, як камень, зямлі.

– Трымаемся, як той унь дубок, – сказаў Кастусь. – На руінах.

– Слухай, – сказаў Алесь, – чаму ты апошнія два дні сумны?

– Ты не думай, братка, – пасля паўзы сказаў Каліноўскі. – Мне добра ў вас, хаця i нязвыкла, бо танцуюць вакол цябе i Логвін, i Кірдун з жонкай, i Карп з Анежкай, i Кандраці, i іншыя.

– То што?

– Скажы, табе ніколі не было дрэнна ад думкі, што на цябе працуюць многія тысячы людзей? Калі пасяліць у адно месца, атрымаўся б вялізны горад. А вас шэсць чалавек…

– Мне тут пакуль нічога не належыць… А хатнія – людзі традыцыі, хаця i разумеюць неабходнасць змен, – стрымана сказаў Алесь. – На зборні, чатыры, здаецца, гады назад, падалі галасы за скасаванне прыгону.

– Ну, а ты сам як думаеш?

– Калі буду гаспадаром – гэтыя людзі атрымаюць волю. У гэтым маё слова. Ведаю, можа, мне нават i хрыбціну зломяць. Але іначай нельга.

Над галовамі ў хлопцаў ляцелі на гарадзішча, нібы штурмуючы яго, сонечныя, сляпуча белыя аблокі.

… Уначы, калі хлопцы ўжо ляжалі ў cвaix ложках, да ix прыйшоў на хвіліну стары Вежа. Сеў на краёчак Кастусёвага ложка, уважна глядзеў на госця.

– Ну як табе тут?

– Мне тут добра.

– Слухай, Кастусь, магу табе прапанаваць сёе-тое.

– Але.

– Пачакай да універсітэта тут. Разам з Алесем налета паедзеце. А гэты час будзеш вучыць дзяцей у маёй вясковай школе. I падзаробіш за год на два гады, каб па ўроках не бегаць… Га?

Кастусь адмоўна пахітаў галавою.

– Не. Я разумею вас, пан Вежа. I я вам удзячны. Але тут справа больш складаная. Мне трэба потым цягнуць братоў. I да таго ж…

Ён замяўся.

– I да таго ж, мне трэба хутчэй вывучыцца. Я не маю права рызыкаваць яшчэ адным годам.

– Я ведаю, ты ніколі не возьмеш ад мяне грошай.

– Ніколі, – сказаў Кастусь.

– То i дурань. Падзарабіў бы. А то будзеш сядзець на каве з хлебам.

Мускулы на шчоках у Кастуся абцягнуўся скурай.

– Кaвa i хлеб, – сказаў ён. – Вада i хлеб. Кроў i хлеб.

– Ну, гэтай дарогай мала каму дадзена icцi.

Кастусь упарта паматаў галавою.

– А калі дадзена, дык нельга збочваць. Народ наш без багацця, без зямлі, без мовы… I таму варта жыць і сутыкацца з ворагам. Хутчэй.

– Што ж, – сказаў Вежа. – Бадай што, маеш рацыю…

Вежа пайшоў. Хлопцы ляжалі i моўчкі слухалі свежы шолах паркавай лістоты. Спаць не хацелася. Быў самы лепшы час для размовы.

– Кастусь, што ты такімі вачыма сёння на Галінку Кахнову глядзеў?

– Прыгожая, – пасля паўзы адказаў Каліноўскі.

– Закахаўся, бядак?

Кастусь маўчаў. Потым уздыхнуў.

– Не. Я-то ўлюбчывы. Я нават вельмі ўлюбчывы. Але я, відаць, не маю права. Жыццё не маё.

– Як гэта не тваё?

– А так. Звычайна ў людзей так. Першае – гэта я, другое – сям'я, родны дом, трэцяе – родны горад, чацвёртае – родная краіна, пятае – родная Зямля, роднае Чалавецтва. І кожны любіць сам сябе, амаль усе -

сям'ю, большасць – родны горад, частка – радзіму. I толькі адзінкі любяць чалавецтва. Па-сапраўднаму, а не на словах…

Ён сеў i абхапіў мускулістымі рукамі калені.

– Мы нават да любові да радзімы ў большасці не дараслі. I таму тут больш за ўсё патрэбны людзі, якія прайшлі ўсе ступені. Бываюць такія, багатыя любоўю i нянавісцю. У ix увесь свет узарваны i перакулены. Яны любяць чалавецтва больш, чым радзіму, радзіму больш, чым родны дом, а ўсё гэта разам – больш за caмix сябе. Яны, разумееш, свабодна аддаюць жыццё i дом i ўсё – для краіны i чалавецтва.

– I ты хочаш быць такім?

– Буду вельмі старацца… Што ж, самога сябе я аддам. А каго я маю права аддаць, акрамя сябе? Жонку? Дзяцей?

У цемры блішчалі ягоныя вочы.

– Не, калі аддаваць, то толькі сябе. Брат Віктар кажа: каханне не павіннa вісець у нас на нагах… Наш народ спявучы, таленавіты, горды. I вось яго ўвесь час дзякуюць за дабрыню, седзячы на ягонай спіне.

Стукнуў сябе кулаком у грудзі.

– Песні нашы затаўклі ў гразь, талент распялі, гордасць аплявалі. Усё забралі: зямлю, ваду, неба, свабоду, гісторыю, сілу… А я ўсё гэта люблю…

Шапацела лістота. Быццам тысячы тысяч уздыхаў ляцелі ў адчыненае акно.

– Нельга больш. Нельга больш. Нельга больш цярпець, іначай страцім апошняе: душу сваю жывую.

– Я таксама даўно пра гэта думаю, – сказаў Алесь. – Зброяй трэба нарадзіць павагу да сябе i да мужыка. I волю нарадзіць таксама – зброяй. Я гаварыў пра гэта з сябрамі.

– 3 Мсціславам?

– I з iм.

– Мсціслаў – харошы хлопец. Ён мне спадабаўся. I Майка твая мне спадабалася. Але як табе з ёю быць, калі справа дойдзе да зброі?

– Не ведаю.

– А хто яшчэ?

– У нас у гімназіі ёсць суполка. “Братэрства шыпшыны i чартапалоху”. Праўда, амаль дзіцячая яшчэ выдумка. Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Усяслаў Грыма, Мацей Біскуповіч i я.

– Знойдуцца, відаць, i іншыя, – стрымана сказаў Кастусь.

– За апошні час мы трохі сцішэлі, – Алесь таксама сеў. – Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць.

1 ... 70 71 72 73 74 75 76 77 78 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)