Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
– Вы і надалей намераны карыстацца паслугамі дзяржаўнай пошты для перадачы адзін аднаму свежых параўнанняў і шчырых выказванняў пачуццяў, падобных на гэтыя?
– Мы іначай не можам гаварыць. Мы далёка адзін ад аднаго.
– Нашто ты паказаў мне гэта?
– Я хацеў яшчэ раз паказаць вам, які… які ён.
– Калі ты хацеў паказаць мне, які ён разумны, то ты не мог бы дасягнуць сваёй мэты лепшым чынам. Я ў захапленні ад яго разумовага ўзроўню і… гм… асцярожнасці.
Ён працягнуў руку па цыгарку.
– Я на сёмым небе ад яго высакароднага захаплення радзімай. Mais il faut aussi quelque inteligence[71].
Дзед, ані слова больш не кажучы, пускаў пахучы дым і пісаў цыгаркаю ў паветры нейкія дымныя іерогліфы, якія расплываліся раней, чым хто-небудзь мог бы іх прачытаць. Ён рабіў гэта доўга, вельмі доўга.
Дзедавы думкі прачытаць было цяжэй, чым гэтыя шэрыя жывыя знакі ў паветры. Кандраці з’явіўся ў дзвярах нечакана.
– Што, – спытаў Вежа, – нікога больш не было?
– Я быў бліжэй за ўсіх, – сказаў Кандраці.
Алесь уцяміў, што ўвесь гэты час Вежа трымаў нагу на званку пад сталом.
– Слухай, малочны брат, – сказаў Вежа. – Я ведаю, ты сам адчуў, што нешта здарылася ў доме. Магчыма, хацеў даведацца, што прывёз Логвін.
– Вельмі трэба, – буркнуў Кандраці.
– Але ты ўсё ж не хлопчык, каб ісці на кожны званок. Ты – брат і наглядчык лясоў. Твая жонка – другая гаспадыня ў доме пасля Еўфрасінні.
– Ды ўжо, – сказаў Кандраці. – Ніхто не забароніць маёй жонцы памыць падлогу, калі яна захоча. Паня якая!
Дзед асекся.
– Што трэба пану брату Данілу?
– Тройку для паніча, – сказаў дзед. – Зараз.
Кандраці пайшоў. Некаторы час панавала маўчанне.
– Дзеду, – ціха сказаў Алесь. – Я вам гэтага ніколі не забуду.
– Не варта падзякі, – сказаў дзед. – Я эгатыст, ты ведаеш. Я хачу, каб у дзяржаўнай пошты было хаця на два пісьмовыя доказы менш. Мне не хацелася б, каб цябе з тваім Кастусём за лухту заслалі некуды на Орскую лінію.
– Я разумею…
Вежа ўздыхнуў.
– Сёння якое?
– Дзевятае.
– Адны суткі. Калі паспяшаешся, можаш сустрэць.
– Тады лепей вярхом.
Дзед памаўчаў.
– Так што хапай яго на “яме” і цягні сюды. Перадай: не прыедзе – табе будзе балюча, а я за цябе пакрыўджуся. Цікава паглядзець, што то за птушка, з якой дзяліцца даводзіцца.
…З цугляў каня падала ўжо мыла, калі Алесь, мінуўшы алею, што вяла да белых муроў і сляпучых макавак куцеянскага манастыра, вырваўся, урэшце, на край высокага плато і ўбачыў стромы спуск дарогі, сінюю істужку нешырокага тут Дняпра, а за ёй гарадок, што ўтульна прымасціўся між Дняпром і невялікай рачулкай.
Конь, асядаючы на зад, спускаўся да наплыўнога моста, які нехлямяжа ляжаў на вадзе.
Алесю не было часу разглядаць усё. На станцыі чакаў і вось-вось мог паехаць Кастусь.
Конь загрукатаў падковамі па насціле. Воз з сенам трапіўся якраз на сярэдзіне – і вада заліла бабкі каню. Конь пацягнуўся да вады, Алесь падняў цуглямі ягоную галаву.
Справа тырчалі з вады магутныя, напаўразбураныя аркі каменнага моста, калісьці, відаць, такога шырокага, то тры вазы з сенам маглі праехаць побач і яшчэ засталося б месцы двум коннікам.
Гэта былі руіны “моста на крыві”, на якім калісь вырашалі свае багаслоўскія пытанні задняпроўскія манахі з іхнімі прыхільнікамі і гараджане з католікаў, узначаленыя шкалярамі з езуіцкага калегіума.
А паколькі на доўгія дыспуты ні ў кога не хапала ні часу, ні розуму, то пераконвалі адзін аднаго ў справядлівасці “свайго” Хрыста спосабам, у якім было мала талеранцыі і яшчэ менш гуманізму. Не апошнімі довадамі ў гэтай спрэчцы было завушэнне, розных ступеняў моцы ўдары бібліяй ці каўчэжцам па галаве, выспяткі.
Да ліку неабвержных доказаў, якія даводзілі няслушнасць апанента і з якімі ўжо не было як змагацца, належалі ўдар бязменам по галаве і скіданне з вышыні ў ваду. І так цягнулася дзвесце год, невядома на чыю карысць.
Узняўшыся на другі бераг, Алесь зноў пагнаў каня. Прамільгнулі з левага боку замчышча, мікалаеўская царква і два касцёлы. Наводдаль лёгка ўзносіліся ў неба дзве званіцы Пакрова-Гумённай царквы.
Замкавай вуліцай вырваўся на Пецярбургскую, высякаючы падковамі іскры з каменных пліт.
Каля аднапавярховага каменнага будынка ямской станцыі стаяла запыленая – хоць ты пальцам на ёй пішы – паштовая карэта, і людзі стаялі на прыступках, а фурман з паштальёнам прывязвалі ўжо вяроўкамі кофры і сакваяжы.
Ён асадзіў каня і скочыў з яго, кінуўшы павады.
Нейкія не тыя людзі. Стары чыноўнік з клуначкам… Жанчына ў чапцы, відаць, ягоная жонка… Семінарыст… Два шляхцюкі з сярэдніх.
– Скажыце, дыліжанс па смаленскай лініі рушыў ужо?
У той самы момант, як спытаў гэта ў семінарыста, з радасцю ўбачыў, што не спазніўся.
Кастусь сядзей ля сцяны, на лавачцы. Сядзеў, палажыўшы падбароддзе на сугіб рукі, і глядзеў сваімі сінімі вачымі, як запрагаюць коней. Глядзеў пахмура і з відочнай нудотай.
Гэта быў той і не той Кастусь. Валасы па-ранейшаму падалі назад, паказваючы высокі і чысты лоб, але былі даўжэйшыя. Ледзь прыкметна прабіваліся вусы, і хлопцаў рот здаваўся, ад асмужанага ценю над ім, яшчэ больш уладным.
Апрануты ён быў у сурдуцік, у бэжавыя нанкавыя панталоны і запыленыя паўбоцікі. На гожай мускулістай шыі сцягваў каўнер белай кашулі шырокі чырвоны гальштук.
Каліноўскі ўзняў галаву і доўгім непаразумелым позіркам, нібы не пазнаючы, абвёў цёмнага ад загару юнака.
– Алеська…
– Кастусь!…
– Панове, – сказаў гарэлачным голасам станцыйны наглядчык. – Проша сядаць.
– Я… еду зараз, – яшчэ цішэй сказаў Кастусь. – Во і дыліжанс.
– Пайшлі яны са сваім дыліжансам! – выгукнуў Загорскі.
Кастусь збянтэжана муляўся. І тады Алесь працягнуў яму рукі.
– Кастусь!… Во дык Кастусь.
– Алеська! Братка! Алеська!
Яны кінуліся адзін да аднаго ў абдымкі.
Коннікі няспешным трухам выехалі з дрымотный засені векавой пушчы і ўбачылі пад страшным стромым урвішчам Дняпро. Ён спакойна і рэдка зіхацеў дробнымі хвалямі, як сіняе срэбра.
Яны ехалі адны, далёка наперадзе ўсіх астатніх. Логвін з падстаўнымі быў відаць ледзь не за вярсту.
… Ноч спалі ў котчым вязку, а ля Дошчыцы сустрэлі трэцюю падставу і зноў пераселі ў сёдлы, хаця з Кастуся быў і не зусім добры яздок.
Кастусь ехаў на снежным Ургу, той быў спакайнейшы. Алесь – на Тромбе, які нікога не хацеў ведаць, акрамя гаспадара.
– Дзівоснай якой прыгажосці коні, – сказаў Каліноўскі.
Алесь усміхнуўся.
– Ведаеш, я аднойчы, яшчэ дзіцем, сасніў дзівосны сон. Разумееш, была ноч і туман. І коні. Белыя, дзівоснай прыгажосці. Я ляжаў ля згаслага вогнішча, а коні схілялі галовы і дыхалі цёпла. А паміж коней стаяла мокрае жарабятка. Снежнае ўсё, а хвост смешны, тоўсты… І туман збягае, а ўсюдых белыя коні.
– Ты, Алесь, часам вершаў не пішаш?
– Спрабую, – чырванеючы, адказаў Алесь.
І тут пачуў нешта такое, чаго ніяк не чакаў ад Кастуся.
– І я часам… таксама, – натуральна і проста сказаў сябар.
– І… добрыя вершы?
– Дзе там, – уздыхнуў Кастусь. – Каб пісаць добрыя, трэба ўвась час працаваць. А я… Мне здаецца, не ў гэтым цяпер наш лёс.
Алесь здзівіўся, так пазмрачнеў раптам твар сябра. Нешта пакутлівае з’явілася ў яго вачах. Ён быў зусім непадобны на Яраша Раўбіча, ягоны сябра, але агульны выраз вачэй, вуснаў, ссунутых броваў зрабіў іх на хвіліну вельмі падобнымі.
– Цябе нешта прыгнятае? – спытаў Загорскі.
– Потым, Алесь.
– Бачу, – сказаў Алесь. – Ты не хочаш, але…
– Я не хачу, але гэта вышэй за мяне.
– І таму ты не хочаш пісаць вершы? Але ж лёс паэта – самы шчаслівы лёс.
– Хто гаспадар у сваім лёсе? Хто ведае, колькі яму дадзена жыцця і калі прыйдзе смерць?
Коні ішлі ледзь не над самай стромай. Салодкі, магутны вецер ляцеў з-за Дняпра, нёс з сабою пах стагоў, водар звялай лістоты, якой іх прыкрылі зверху, пах сырасці і балотных кветак са старыкоў.
71
Але трэба таксама мець хаця трошкі розуму (франц.).