Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
Тут усё было праўда. Сапраўды, вакол была ноч краіны. Сапраўды, усе яны нарадзіліся занадта позна. І ўсё ж…
І гэта было цудоўна. Як цудоўныя былі радкі “Mal’aria”, што спісаў аднекуль Мсціслаў. І радкі “Апошняга кахання”. Настаўнік чытаў іх трохі нараспеў, як ніколі не чытаў Дзяржавіна. І вокладка часопіса, з якога ён чытаў, была старанна загорнута ў паперу. Бо гэта быў “Современник”, якога баяліся, як чумы, і не падпускалі да гімназічных муроў.
Алесю было смешна. Няўжо настаўнік думае, што яны – дзеці і чытаюць толькі тое, што прадугледжана праграмай. Гэты нумар часопіса члены “Братэрства шыпшыны і чартапалоху” зачыталі да дзірак два гады назад.
У тым сумным, суровым і пяшчотным настроі, які заўсёды авалодваў ім пасля добрых вершаў, ён праседзеў другі ўрок, геаграфіі. Мсціслаў збоку паглядаў на яго. І ў вачах была іскра насмешкі і іроніі.
“Павяло”, – падумаў Мсціслаў.
А Алесь не заўважаў. Як не заўважаў і таго, што Цыпрыян Дэмбавецкі, крадком жуючы нешта, раз ці два азірнуўся на яго.
Пачалася вялікая рэкрэацыя. Гімназісты, карыстаючыся трыццаццю хвілінамі перапынку, сыпанулі на сонечны двор, дзе на сугрэве, каля мура, было ўжо зусім цёпла, брук нагрэўся, а апошні чорны снег ляжаў толькі ў вечным ценю процілеглай аркады двара.
Алесь выйшаў павольна, апошні, і адразу ўбачыў, што на паваротцы да сходаў стаіць група “арыстакратаў з лёкайскай”, як аднойчы ахрысціў іх Сашка Волгін.
“Арыстакраты з лёкайскай” трымаліся заўсёды купкаю і вельмі крыва глядзелі на Алеся і Мсціслава за тое, што яны староняцца іх і водзяць сяброўства з Грымам і Ясюкевічам.
Яны стаялі купкай і цяпер. Прылізаны і карэктны Ігнацы Лізагуб. Побач з ім Альберт Фан дэр Фліт з халоднымі вачыма, якія, нягледзячы на светлы колер, былі цьмяныя, як сутонне. А за імі стаяў Дэмбавецкі.
Яшчэ адзін член іхняга гуртка, Альгерд Корвід, стаяў ля сценкі і глядзеў убок. Прыгожае, жорсткае аблічча Альгерда было абыякавае.
І, убачыўшы яго, Алесь зразумеў, што справы – дрэнь. Альгерд Корвід вызначаўся тым, што мог адным непрыкметным ударам пад дыхала або яшчэ некуды кінуць чалавека ў непрытомнасць і вывесці з бойкі на доўгі час.
Як на грэх – нікога не было вакол. Ні сяброў, ні проста прыязных людзей, якія маглі б папярэдзіць. У Алеся нарадзілася раптам брыдкае і халоднае пачуццё бездапаможнасці і агіды. Яго ніколі не білі вось так. Здараліся, вядома, сяброўскія або варожыя бойкі недзе ў прыбіральні ці на вілійскім лёдзе, але гэта былі сумленныя бойкі: адзін на адзін ці сцяна на сцяну.
Тое, што бойкі не мінуць, ён зразумеў адразу. Іначай на якога д’ябла ім быў патрэбен Корвід?
– Пачакайце, князь, – сказаў Лізагуб.
Алесь спыніўся.
Лізагуб мякка, амаль па-сяброўску, так, што смешна было вырывацца, узяў Алеся пад руку і адвёў ад сходаў.
– Мне хацелася б атрымаць ад вас некаторыя тлумачэнні наконт вашых учарашніх слоў.
– Я нікому не хачу іх даваць, сказаў Алесь. – Што сказана, тое сказана.
– Прабачце, не тлумачэнні, а працяг спрэчкі і, магчыма, некаторае неўразуменне і збянтэжанасць, што датычыцца вашых паводзін.
Лізагуб паспеў давесці яго да самага акна ў тупіку калідора, і толькі тут Алесь вызваліў локаць.
– Ваша неўразуменне мяне мала датычыць. Збянтэжанасць – таксама. Учора я сказаў тое, што хацеў.
Алесь вырашыў пайсці, а калі затрымаюць – прабіцца, адкінуўшы кагосьці з дарогі. Тут не магло быць і размовы аб тым, што ўцякаць – ганебна.
І тут адчыніліся дзверы прыбіральні, і з яе з’явіліся, нібы чэрці з табакеркі, яшчэ трое. Першыя крочылі Язэп і Гальяш Цялкоўскія. Браты. Не блізнюкі. Проста абодва мелі звычай па два гады сядзець у кожным класе. Гальяш аднойчы зрабіў подзвіг: не астаўся. І такім чынам дагнаў брата.
Яны стаялі побач. Здаравенныя, з фальварковымі атлусцелымі мордамі. Напаўідыёты.
За імі выслізнуў Воранаў, маленькі, бескаляровы, як белая мыш, сын буйнага акцызнага чыноўніка.
Убачыўшы гэтых трох, Алесь зразумеў: прарвацца не ўдасца. І адразу – ад злосці на тое, што яго так спрытна ашукалі, і ад непаразумення – страх некуды знік, а ў сэрцы нарадзіўся гнеў. Яны не мелі права нападаць на аднаго. Ну што ж, тады трэба біцца. Прайшло, відаць, хвілін дзесяць вялікай рэкрэацыі. Трэба яшчэ хаця б столькі ж заняць размовай аб усім тым, што стаіць паміж імі, а потым яшчэ десяць хвілін пратрымацца. Аднаму супраць сямёх. Не ўпасці, не даць ім рабіць з сабою ўсё, што яны захочуць.
– Калі ласка, – сказаў ён, стаўшы спіною да цёплай грубкі і адчуваючы патыліцай медны люфт. – Што вы маеце мне сказаць, граф Лізагуб?
– Я хачу спытаць, з якога такога права вы ўчора ганьбілі Польшчу, князь Загорскі? Вы ж ведаеце, гэта вельмі высакародна – лаяць тое, што ў гэты момант лае ўрад.
Нахабная хлусня абурыла Алеся. Але ён стрымаўся.
– Я не ганьбіў Польшчу, – магчыма, занадта высакамерна, каб не падумалі, што спалохаўся, сказаў ён. – Вам варта было б бліжэй трымацца да ісціны.
Алесь толькі тут успомніў, што са збораў у Кіркора Лізагуб і Ходзька пайшлі разам. Не можа быць, вядома, і размовы, каб дарослы чалавек нацкаваў юнака на юнака. Відаць, проста выказаў раздражненне, абурыўся “мужыцкім сепаратызмам здрадніка”. Гэтага і хапіла. Знайшоў сабе добраахвотнага ланцужнага сабаку. А можа, і не ў “мужыцкім сепаратызме” корань усяго, а ў ягоных неасцярожных словах аб прыгоне. Напэўна так.
– Я не кручу перад вамі хвастом, – сказаў Алесь. – Але я далёкі ад думкі агулам ганьбіць ці агулам хваліць нейкі народ. Я, калі вы хочаце тлумачэнняў, скажу, што я люблю і паважаю Польшчу, спачуваю яе няшчасцям і глыбока шаную палякаў…
– Закруціўся, як уюн на патэльні, – сказаў Дэмбавецкі.
– …Акрамя, вядома, такіх палякаў, як наш Дэмбавецкі. Што зробіш, бываюць сумныя выключэнні, -сказаў Алесь.
Корвід пасунуўся бліжэй.
– Але, – сказаў Алесь, – я не разумею, якія адносіны да Польшчы мае немец Фан дэр Фліт, рускі Воранаў, літовец Корвід, беларусы Цялкоўскія і вы, граф Лізагуб? Мне здаецца, гэта справа пана Цыпрыяна Дэмбавецкага. Я гатовы пагаманіць з ім на гэтую тэму. З ім адным.
– Я паляк, – сказаў Лізагуб.
– За колькі? – спытаў Алесь. – І з якога часу?
– З таго часу, калі мае бацькі зразумелі, што ад двараніна, які называе сябе беларусам, смярдзіць стайняй і дзярмом.
– Не здрадай, прынамсі, – сказаў Алесь. – Не сабачым хвастом.
– Гноем, – сказаў Лізагуб. – І вы, кня-азь, яшчэ асмельваецеся лаяць парадак, заведзены слаўнымі дзядамі! Крычаць нешта аб “прыгоне”.
Алесь засмяяўся.
– Вось яно што, – сказаў ён. – Я так і думаў, што не ў нацыі тут справа, што я стукнуў вас не па нацыянальным гонары, а па кішэні.
Цяпер яму ўсё было ясна. І ён, з невымоўнай пагардаю, сказаў:
– Прыгоннік.
– Чуеце? – спытаў Лізагуб.
– Чуем, – змрочна сказаў Гальяш Цялкоўскі. – Я думаў – ты хлусіў.
– Я таксама думаў аб перабольшванні, – сказаў Фан дэр Фліт. – Прабачце, граф.
– Ясна, – змрочна сказаў Корвід.
Запанавала маўчанне. Потым Лізагуб прашыпеў, увесь трасучыся ад ярасці:
– І ты яшчэ хочаш, каб я назваў сябе тваім быдлячым імем, хаме з тытулам?