Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 66 67 68 69 70 71 72 73 74 ... 192
Перейти на страницу:

– Дзякуй, Пятрок, – на гэты раз шэптам сказаў Грыма. – Танна вылез.

Сашка Волгін, Алесеў цёзка, падміргнуў Грыму:

– Нішто. Выручым.

Сашка вызначаўся з усіх фенаменальнай здольнасцю падрабляць руку кожнага чалавека так, што той і сам не адрозніў бы.

– Гімназісты славутай нашай гімназіі, – ціхім і прачулым голасам, які аж дрыжаў ад хвалявання, пачаў Гедымін. – Вялікае гора напаткала нашу краіну. У бозе пачыў наш імператар, наш палкаводзец, гаспадар рускай зямлі, Мікалай Паўлавіч, чалавек вялікай духоўнай моцы, дабрадзей усяго нашага народа, зіждзіцель светлага храма нашай будучыні і, пакуль што, самая светлая асоба нашай гісторыі пасля Пятра Вялікага.

– “Пакуль што”, – буркнуў Грыма.

– Ліс, – з нянавісцю гледзячы на Гедыміна светлымі вачыма, сказаў Сашка. – Пры кожным выпадку такое кажы – не памылішся.

Голас у Гедыміна сарваўся:

– Рускі народ у журбе і тузе.

– Сашка, – шапянуў Алесь, – ты ў журбе ці, можа, у тузе, га?!

– У вялікай, – усхліпнуў Сашка. – Проста рыдаю. Харошы быў чалавек. Хрысціянін. Даўгі за Пушкіна паабяцаў заплаціць, калі той на ложы смерці выспавядаецца і святыя дары прыме… Заплаціў…

Гедымін глядзеў некуды ўгору вычыма, у якіх аж трапяталі сардэчнае замілаванне і скруха.

– Ён тужыць бязмерна… наш… рускі… народ…

– А каб ты спрах! – ціха сказаў Сашка.

Грыма штурхнуў яго пад рабрыну:

– Цс-с, пасадзяць у карцэр – хто тады паможа?

Алесь ціха смяяўся. Ён ведаў, што гэта Волгін быў завадатарам гісторыі з Гедымінавай радаслоўнай. Сабралося некалькі хлопцаў і склалі жартоўнае “дрэва годнасці” настаўніка, дзе сама менш сем продкаў былі ўсе хто хочаш, толькі не рускія, а бацька – паляк. Потым Сашка напісаў ліст почыркам Гедыміна. А ў лісце было пакаянне ў тым, што вось да гэтага часу ён, Гедымін, толькі вонкава трымаўся праваслаўнага абраду, а сам лічыў яго за ерась і схізму і не хоча больш губіць сваю неўміручую душу. Тым больш што ягоны, Гедымінаў, бацька быў паляк і ўсё жыццё змагаўся з няправеднай справай мітрапаліта літоўскага Ёсіпа Сямашкі, які злашкодна і падступна вынішчаў унію. І што ён, Гедымін, у гэтым дастойны сын свайго бацькі і просіць лічыць яго надалей католікам, тым больш што ў яго, Гедымінавым, дваранскім гербе ёсць крыж. А, усім вядома, калі ў гербе ёсць крыж – гэта азначае, што продак быў выхрыстам.

Ліст з радаслоўнай накіравалі віленскаму папячыцелю і сталі чакаць, што з гэтага будзе.

Папячыцель паверыў. Яму здалося, што Гедымін з’ехаў з глузду. Ён выклікаў “рымскага каталіка і нашчадка выхрыстаў” да сябе, і там, за шчыльна зачыненымі дзвярыма, адбылася бурная размова з высвятленнем адносін і тлумачэннямі, спачатку толькі Гедымінавымі, а потым узаемнымі. Гедыміна ледзь не хапіў удар.

Завадатараў свавольства шукалі, але не знайшлі.

…Настаўнік тым часам дабраўся да апошніх хвілін “хрысціяніна”. Голас дрыжаў, рукі, ускінутыя на ўзровень твару, далонямі да яго, калаціліся, нібы вось-вось маглі ўпасці на вочы, каб ніхто не ўбачыў слёз, ды толькі жахлівае намаганне волі трымала іх.

– Ён кіраваў, як сапраўдны ўладар, ён жыў, як чалавек, ён любіў супругу, як хрысціянін… А адыходзіў да продкаў, – Гедымін зрабіў разгублены жэст рукамі, – як нібыта сумясціўшы ў сваім апошнім слове ўсе свае якасці. Я не пабаюся нават сказаць іпастасі. Слухайце гэтыя словы… На ложы смерці ён сказаў сыну і спадкаемцу свайму… “Служы Расіі, сын мой! Я хацеў узяць на свае плечы ўсе цяжкасці, каб пакінуць табе вялікую дзяржаву, спакойную, упарадкаваную, шчаслівую. Але вышэйшая воля меркавала іначай”.

Гедымін паклаў руку на горла.

– Ён ляжаў на сваім простым ложы, накрыты салдацкім плашчом… Вы ведаеце, ён заўсёды спаў, як просты воін. Ён усё жыццё не накрываўся нічым іншым. І гэты плашч увойдзе ў гісторыю нароўні – не, вышэй! – з трывуголкай Напалеона, з ягоным шэрым паходным сурдутам, з простым кіем вялікага Пятра, з сядлом пад галавою Святаслава… Плашч… простага… салдата!

Рыданне раздзерла горла настаўніка.

– І ён сказаў сыну свае апошнія словы… “Вучыся паміраць…” – Гедымін зрабіў доўгую паўзу. – Вы чуеце гэтыя словы?! Гісторыя запіша іх на свае скрыжалі!… “Вы-чы-ся па-мі-раць!”, “Вучыцеся паміраць” – вось які апошні запавет ён пакінуў нам, панове.

Слёзы тачыліся праз карцінна прыціснутыя да аблічча рукі настаўніка…

Тры месяцы прайшло з таго часу. Далёка ад паўночнай магілы “чалавека і хрысціяніна”, не даходзячы да яе нават водгуллем, густа-густа падалі бомбы на бухту, магілу флоту, і горад, магілу велічы.

І яшчэ на шматлікія магілы людзей.

Бо нехта вучыў паміраць, а не жыць.

Аддалі Малахаў курган. Пайшлі з Севастопаля.

Расплаціліся за ўсе дзесяцігоддзі, у якія распіналі ўсё як ёсць маладое, смелае, годнае.

А, між тым, апошніх слоў імператара, за якія так распіналіся тысячы гедымінаў, зусім не было. Іх прыдумалі потым, каб людзі вучыліся гінуць, не наракаючы.

XXVIII

У жніўні тысяча восемсот пяцьдзесят пятага года да Алеся, які ў гэты час жыў у Вежы, прыскакаў з Загоршчыны Логвін, прывёз ліст у грубым пакеце з шэрай паперы.

“Дружа, – пісаў Каліноўскі. – Я скончыў сваю мачыху-прагімназію. Еду паступаць у альма матэр. У Маскву. Хацелася б убачыцца з табою, ды толькі ведаю: немагчыма. Трохі-трохі падзарабіў, атрымаў у начальніка губерні пашпарт і падарожную за нумарам пяцьдзесят шостым. А ў ёй – усё. Двухгаловая курыца, рубель срэбрам гербавых зносаў, прыкметы (аблічча – авальнае, цяжкае, год – семнаццаць, рост – сярэдні, валасы – цёмна-русыя, бровы – чорныя, вочы – сінія, нос і рот – памяркоўныя, трохі велікаватыя, падбародак – звычайны, – распісалі, хоць ты на Ветку, да раскольнікаў, уцячы, і то знойдуць). Такая лухта! Пачынаецца падарожная, як выявілася, словамі: “Па ўказу яго Вялікасці гасудара імператара Аляксандра Мікалаевіча…” Аж во як! Нібыта кожнага з падарожных ляпае па плячы: “Едзь, братка, шчаслівай табе падарожы”.

Вось я і еду. У Мінску зрабіў прыпынак на чатыры дні і адсюль пішу. Горад вялікі і даволі-такі гразны. Толькі вельмі ўпадабаў Залатую Горку з капліцай старога Роха. Дрэвы вакол, і так прыгожа блішчыць наводдаль Свіслач, і дамы за ёй і цэрквы. Добра сядзець і марыць.

Падарожжа, пакуль тое, падабаецца. Едзеш сабе, ні аб чым не думаеш, званок не звініць, наперадзе – воля, бачыш людзей і іншыя мясціны.

Дзесятага траплю, калі верыць падарожнай, у Воршу. Буду там гадзіны чатыры і зусім блізка ад цябе, нейкіх сотню з лішнім – дакладна не лічыў – вёрст. Але гэта таксама далёка, так што не ўбачымся і на гэты раз. І дорага. Мне прагонных за два кані з правадніком выпала нешта каля сямі рублёў, табе будзе – у два канцы – рублі два з паловаю. Чаго ўжо тут. Дык ты ў гэты час проста падумай, што я блізка, і я абавязкова адчую.

А калі скончыш на будучы год гімназію – што мяркуеш рабіць? Сядзець мядзведзем у сваім берлагу ці ехаць вучыцца далей? Калі другое – едзь туды, дзе я. Пагаворым аб усім-усім. Ёсць шмат цікавых навін”.

Алесь пайшоў да старога Вежы. Той сядзеў на сваёй улюбёнай тэрасе.

Унук спыніўся, не хочучы яго турбаваць.

– Я чуў цябе яшчэ за пяць пакояў, – не ўздымаючы павек, сказаў дзед. – Што ў цябе там?

Алесь падаў яму ліст.

Стары пан расплюшчыў вочы.

– Твой Кастусь, – сказаў ён. – Ты даеш мне, каб я прачытаў?

– Так.

Пан Даніла далёка адставіў руку з лістом і стаў чытаць.

– У яго добры, роўны почырк, – сказаў ён. – Ён часам не з “памяркоўных і акуратных”?

Вочы ягоныя, відаць, убачылі словы “двухгаловая курыца”, і ён усміхнуўся.

– Прабач, сам бачу, што гэта не зусім тое. Ну, а што, калі недзе ў Бабруйску сядзіць поштмайстра Шпекін?

Чырвоны Алесь паціснуў плячыма.

– Пячаць, – сказаў ён.

– Пячаць, – перадражніў дзед. – Пячаць можна зняць гарачай брытвай, а потым пасадзіць на месца.

Дачытаў да канца.

– З небагатых, – сказаў ён.

– Я казаў вам гэта, дзядуля.

1 ... 66 67 68 69 70 71 72 73 74 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)