Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 192
Перейти на страницу:

На сківіцах у Кастуся хадзілі ўпартыя жаўлакі. Гарэлі на шчоках дзве чырвоныя плямы.

– Нішто, брат, – сказаў Вежа. – Вывучышся вось, галава ў цябе добрая, дойдзеш да вялікіх начальнікаў – толькі перайка з “меншых” ды з “малодшых” братоў паляціць.

– А што, – усміхнуўся Кастусь. – I тарыф над галавою павешу, як зэльвенскі пісар: за подпіс тры рублі ды пірог з вязігай, за пацвярджэнне дваранскай годнасці – тысячу рублёў ды жонцы сем аршынаў аксаміту. А я сам – у сенаце шышка дужа вялікая. Заходзіць гасудар імператар выпадкова: “Гнаць, – кажа, – яго за такую таксу”.

– Правільна, – буркнуў Вежа. – “Бо ён нам усім цану збівае, – скажа імператар. – Мне унь за канцэсію на пабудову чыгункі колькі плацяць, ды і то мала. А тут… пі-рог з вязігай. У дурня і песня дурная”[72].

Лілося праз вокны ў пакой святло месяца i змешвалася з ружовым святлом свечак.

– Ты што, Кастусь, – спытаў Вежа, – ты, значыцца, паляк?

– Не, я тутэйшы, – асцярожна сказаў Каліноўскі.

– Ён беларус, дзеду, – сказаў Алесь.

– А гэта што такое? – непаразумела спытаў дзед.

І тoлькі тут упершыню заўважыў, як малады чалавек напружыўся, нібы яго ўдарылі, зірнуў на Вежу змрочнымі вачыма.

– Ён жа вам казаў, пан Вежа, – сказаў Каліноўскі.

– Я казаў табе, – сказаў Алесь.

– А, – нібыта ўспомніў Вежа, – прыпамінаю. I вы верыце ў гэтыя жарты?

Тут успыхнуў i Алесь. I Вежа зразумеў, што зайшоў далекавата. Але бес усё яшчэ сядзеў у iм.

– Як жа не паляк, – сказаў ён. – Хрысцілі цябе ў касцёле. Веравызнання ты – рымскага.

– Ну i што, – цяжка рухаючы сківіцамі, сказаў Кастусь. – Прашу прабачэння, заўтра я ахрышчу вас у касцёле – i вы не станеце з гэтай прычыны палякам. А я перайду ў магаметанства i не стану туркам. Будзе беларус магаметанскага веравызнання і беларус веравызнання каталіцкага.

– Нядрэнна для пачатку, – сказаў дзед.

– I для канца нядрэнна. Тым больш што ваш малодшы ўнук – каталік. Па вашаму загаду.

Вежа ажно вохнуў. Чарцяня біла проста пад дыхала.

– Але ж мясцовасць, адкуль ты родам, гэта Польшча?

– Магчыма, – сказаў Кастусь. – Але цяпер гэта Гродзенская губерня.

А заўтра наш… гм… Аўгуст… далучыць да Гродзенскай губерні Варшаву.

– А жыхары, якія называюць сябе ліцвінамі, а свой край Літвою?

Размова i падабалася i не падабалася Вежы. Падабалася, бо чарцяня ведала, чаго хоча. Не падабася, бо гэтыя веды пагражалі і ўнуку i самому чарцяняці небяспекай.

– А ты ўмееш гаварыць па-літоўску? – з усмешкай спытаў ён. – Гэта ж, здаецца, не славянска мова?

– Я маю на ўвазе не Літву-жмудзь, – упарта, кусаючы вусны, сказаў юнак. – Я маю на ўвазе Літву-Беларусь… I потым, вы ж добра ведаеце, адкуль вырасла тая памылка.

– Я-то ведаю, а вось адкуль ведаеш ты?

– У мяне брат гісторык. I потым – я не глухі. Семнаццаць год я чую слова “Літва”. А да мяне яго ўжывалі яшчэ трыста год.

I тут Вежа зрабіў апошнюю спробу павярнуць варацідла, на якім ткалля-парка ткала лёс гэтых юнакоў. Нанёс апошні i па-сапраўднаму страшны ўдар.

Вонкава гэта выглядала як мілы жарт. Дзед наліў сабе яшчэ кубак кавы.

– I ўсё ж ніякі ты, хлопча, не беларус. Ты – паляк. Праўдзівей кажучы, мазур.

Каліноўскі ўстрывожыўся.

– Бо твой Амброзі Самойлаў сын Каліноўскі быў з Візенскай зямлі… “Мечнік Візскай зямлі. Сын мечніка Візскай зямлі. Унук мечніка Візскай зямлі…” А Візская зямля – гэта Мазовія.

– То вы ўсё ведалі caмi, – разгублена сказаў Кастусь. – Нашто ж тады…

– Ты паляк, хлопча, – сказаў Вежа. – Я ведаю, табе цяжка развітацца з рашэннем, якое зрабіў ты сам. Але гэта вялікі народ, які значна больш ведае аб сабе, чым мы ўсе. Гэтым трэба ганарыцца, а іншых “тутэйшых” кінуць іхняму лёсу, калі ўжо яны нічога не хочуць… Галоўнае – быць чалавекам, сынок.

I раптам цішыню парушыў дзіўны прыглушаны гук.

Кастусь смяяўся. Смяяўся горка, трохі з'едліва i глуха:

– Так, Амброзі быў мечнік Візскай зямлі. Але там жывуць і жмудзіны, і немцы, і палякі, і беларусы. Вы ўзялі няпэўны довад, князь… Але няхай, няхай нават i так… Пасля яго мае продкі сто семдзесят год жылі на гэтай зямлі, елі яе хлеб, гаварылі яе гаворкай, умываліся яе вадою, спявалі яе песні… Ды i хіба не ўсё адно, калі я сам лічу сябе “ліцвінам”, беларусам, тутэйшым – назавіце гэта, як хочаце. Xiба не ўсё адно калі дома ў мяне гавораць мужыцкай гаворкай, калі толькі адзін бацька – “для дзяцей” – ведае тое, што ў нас называюць “польскай” i якой не разумеюць палякі, бо гэта перакручаныя нашы словы.

Вочы ў Кастуся блішчалі.

– I хіба не ўсё адно, калі нябожчыца маці не ведала іншай мовы, i браты мае, i я сам не ведаў да прагімназіі іншай… Вы чулі, якая тая адзіная песня, што я помню ад маці?

Плакаў бы я, плакаў, Белыя бярозы Ды не маю слёз. Пабяліў мароз.

Вежа маўчаў.

– Беларус, – з глухой іроніяй сказаў Вежа. – Сябра трызненняў майго ўнука. Што ж… Бог з табою, сыне. Хай табе доля дае шчасце.

I дадаў:

– Псіхапаты… Неразумныя… Мамчыны сынкі, што пахнуць малаком… Што ж гэта з вамі будзе, ra?[73]

… У той год зноў спасцігла Прыдняпроўе страшная летняя повень. Як насланнё нейкае: вада стаяла на узроўні сярэдняй вясенняй паводкі. Дняпро заліў паплавы, яругі, вымачыны. Старарэчышчы ператварыліся ў пратокі, у дoўгiя азёры.

Вада ападала патроху, i відаць было, што Дняпро ўвойдзе ў трубу толькі на пачатку верасня. На ствалах дрэў, якія вызваліліся з-пад вады, быў тонкі пушок карэньчыкаў, так доўга стаяла повень. На ўзгорках карычневая скарынка высахлай твані ляжала як лямец, i ногі чалавека ламалі яе, пакідаючы дзіркі, у якіх была відаць чэзлая, жаўтавата-зялёная, бы у склепе, трава. Стала ясна: сенажаці па нізкіх месцах прапалі.

Кастусь з Алесем, трымаючы ў руках крыгу, ішлі поплавам. I крыга, разгорнутая падвойная рама, абцягнутая мярэжай, нагадвала вялізнага, большага за хлопцаў, празрыстага матыля.

Icці было цяжка. Ішлі па калена ў вадзе. Даводзілася грудзьмі пракладаць сабе дарогу ў траве. Малінавы скрыпень казытаў разгарачаны твар, павой чапляўся за ногі. Усё вакол чырванела, бялела, жаўцела.

Здавалася, зацвіло бязмежнае плыткае мора. Бо травы стаялі ў вадзе, засыпанай каляровым кветкавым пылком.

Спыніліся на краёчку яругі, доўгай неглыбокай катлавіны. Кветкі нібы спыняліся на яе берагах, адкрываючы люстэрка чыстай бліскучай вады.

Кастусь адным вокам глянуў у мяшок, пачэплены вяроўкай за шыю. У ім пераліваліся цьмяна-залатыя ліны, халодныя гусцёркі i блакітна-залёныя малыя шчупачкі.

– А нядрэнна мы ўхапілі, – сказаў Кастусь.

– Гэта яшчэ мала, – Алесь быў чырвоны i трохі спацелы. – Вада высокая шкодзіць. Звычайна па старыках разы за чатыры столькі натрасеш, а тут палову дня ходзім.

– Усё адно цікава. Нават лепей, што шмат ходзім.

– Нішто, – сказаў Алесь. – Зараз дойдзем да гарадзішча – адпачнем на сухім. А то тут i сесці няма куды.

– Як гэта няма куды? – спытаў Кастусь.

I сеў аж па самыя грудзі ў ваду. Сядзеў i смяяўся. Торба з рыбай усплыла i начала барболіцца больш рухава.

– Зручна, – сказаў Кастусь. – Нібы ў цёплай ванне сядзіш. Толькі каб гэта рак за якое месца не хапануў.

– Тут ix няма, – сказаў Алесь. – Яны пад карчамі ды пад берагам. I потым, мала стала ракаў. Гады тры назад пошасць нейкая на ix прайшла. Бepaгi аж кіпелі крумкачамі ды варонамі.

– Гэта яны, мусіць, з гора падохлі. Знайшоўся на ix нейкі свой Аляксашка, – выскаліў Кастусь белыя прыгожыя зубы.

– А што табе гэты Аляксашка?

– А чорт яго ведае. Абяцае зашмат. А ў самога калі што i добрае, дык гэта шавялюра i бакі, ды яшчэ вусы. Як пікі. Але гэта ўжо ад цырульніка хутчэй залежыць.

вернуться

72

Прадажнасць вышэйшых колаў дасягнула небывалых памераў. Нягледзячы на частыя працэсы, кралі ўсе, і вінаватых не было. Канцэсія на пабудову чыгуначнай лініі каштавала таго, што каштуе, плюс мільён-паўтара рублёў хабару. Калі пасля забойства Аляксандра ІІ ацэньвалі ягоную маёмасць, дык толькі “добранабытая” ім самім сума дасягала амаль шасцідзесяці мільёнаў. 

вернуться

73

Блытаніна з паходжаннем Кастуся Каліноўскага, здаецца мне, ўяўная. Пачнем спачатку. У Мастаўлянах, дзе нарадзіўся Кастусь, не было іншай царквы, чым уніяцкая. Уніяцтва сярод карэннага польскага насельніцтва не было. Уніятамі ў гэтай мясцовасці маглі быць толькі беларусы. Каліноўскія хадзілі ў касцёл. Яны маглі быць або спрадвеку католікамі, або перавернутымі ў каталіцтва уніятамі. Гледзячы на тое, што нават Гейштар, які ўваходзіў разам з Кастусём (да разгрому белага ўрада) у “Камітэт кіраўніцтва”, называе Кастуся “Litwin – separatysta”, мы маем права верыць i таму і другому. Гейштар, праўда, кажа пра “старпольскае сэрца” нашага героя, але ці можна верыць ворагу Каліноўскага, шавіністу, прыхільніку белага жонда ў Варшаве.

І, у процівагу яго словам, аб такіх, як ён, Каліноўскі кажа: “Такой дурной мазгаўні, як Варшава, нельга даручаць лёс Літвы”.

Дзіўна было б, каб Гейштар і іншыя “гісторыкі” яго напрамку казалі, што ён – беларус. Краіна ж героя была напаўмёртвая пасля разгрому і не магла бараніць імя сына. Кнігі беларускія канфіскоўвалі і палілі, друкаванне іх, нават ужыванне слова “Беларусь” было забаронена пад страхам кары… Між тым, паролем Кастуся і яго сяброў былі словы: “Каго любіш? – Люблю Беларусь! – То ўзаемна”.

Але нават каб не было гэтага, заставаўся б яшчэ адзін, непарушаны нічым, факт: мова чалавека. На ёй напісаны перадсмяротныя вершы Каліноўскага.

“Мужыцкую праўду” Кастусь выдаваў таксама па-беларуску. 

1 ... 69 70 71 72 73 74 75 76 77 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)