Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Жанр: Классическая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:
– Не, яна не лапцюжная. Яна недарэчная. Пішучы на беларускай гаворцы, вы насаджаеце сярод мясцовага люду, сярод мужыкоў i нават сярод некаторых дваран, як мы бачым, правінцыялізм.
Дунін-Марцінкевіч засмуціўся. Развёў рукамі.
– Я не хачу звадаў, – глуха сказаў ён. – Я хачу i намагаюся пераканаць у патрэбнасці гэтага ўcix… Я хачу, каб yciм было добра, каб на зямлі панавалі гармонія і радасць. Досыць ужо вытрымаў агню гэты няшчасны край. I што ж, мяне кусаюць адусюль. Няма такога сабакі, які не палічыў бы cвaiм абавязкам ухапіць мяне за нагу. А я не хачу даваць кухталі людзям. Нават дрэнныя, яны – людзі.
– Гуманізм, які б'юць і справа і злева, – буркнуў Грыма. – Зноў тое самае.
Але гарбун, відаць, не заўсёды трымаўся таго правіла, што людзям трэба дараваць, нават калі яны кусаюць за ногі. На ягоныя вусны ўспаўзла павольная разумная ўсмешка.
– Самае дзіўнае, што ніхто не выступіў супраць маёй паэзіі ў каралеўстве, у Польшчы. Лаюцца толькі тыя, каму гэтая справа павінна была б стаць блізкай, нашы паны. Больш ваююць за Польшчу, чым самі палякі. Відаць, таму, што ніколі iм не быць ні беларусамі, ні палякамі, ні немцамі, хоць яны схільны быць і тым, і другім, і трэцім.
– Зразумейце, пане Марцінкевіч, – сказаў Ходзька. – Я не супраць гэтага як рэдкасці, як своеасаблівага рарытэту. Але ж гэта наследаванне нязграбных тутэйшых песняў… Ці варта паўтараць тое, што памрэ.
І тут Алесь убачыў, як гаротна затрэсліся вусны інтэлігентнага каротказорага чалавека, які дарма намагаўся схаваць за кавай сваю разгубленасць і ніякаватасць.
– Я таксама gente albarutenus natione polonus[74], – сказаў Манюшка. – Мяркую, нядрэнны паляк. Мне добра быць палякам. Але я ніколі не дайду да думкі, што быць палякам – азначае душыць астатніх. Быць палякам – гэта, хутчэй, змагацца за шчасце астатніх. I вы дрэнна цяміце ў музыцы, пан Ходзька, калі ганіце тутэйшыя песні… Гэта ўжо я магу вам заявіць.
На твары чалавечка на хвіліну з'явіліся рысы вышэйшай адухоўленай прыгажосці.
“А мо сапраўды бог?” – падумаў Алесь.
– Яны, песні, не хочуць быць рарытэтамі. Яны звіняць, смяюцца, плачуць. Нават уначы, у сне, я чую іхнія галасы. Я ад Польшчы, я і ад іх.
І нібыта звяў. Зноўку сеў, не ведаючы, куды падзець рукі. Манюшка i Дунін-Марцінкевіч пераглянуліся. Гарбун усміхнуўся, схіляючы галаву.
– Што ж, – спытаў Ходзька, – замест Чымарозы смярдзючы мужык?
– Я з мужыкоў, – сказаў Каратынскі, – будзеце злоўжываць гэтым – скончыцца дрэнна.
– Што ж, – сказаў Ходзька. – Шлях натуральны. Замест культурнага, памяркоўнага гаспадара – п'яны кат з бузуном.
– Мы не хочам ні ката, ні гаспадара, – сказаў Грыма. – Мы хочам волі.
– А атрымаеце бізун… Вам далі магчымасць часова развіваць сваю гаворку. Бо вы – наш фарпост. Але тое, што робіцца тут, – гэта ўжо занадта. Пісаць на ёй? Называць сябе быдлячым iмeм? Калі мы дазволім такое – вас самнуць.
Алесь адчуў, што ў яго звініць у галаве ад гневу.
– Мы, здаецца, пачыналі спрэчку з вамі?
Ходзька з цікавасцю глядзеў на шэравокага маладога чалавека.
– Кажыце далей, – памяркоўна дазволіў ён.
– Нам не трэба нічыйго дазволу на тое, каб дыхаць, – перахопленым горлам сказаў Алесь. – А пісаць і гаварыць на сваёй мове гэтак натуральна, як дыхаць. – Ён павысіў голас. – Мы не хочам быць нічыім фарпостам. Чым слова “магнат” лепшае за слова “барын”? Досыць, панюхалі.
І тут Ходзька ўсміхнуўся, нібы намацаў у абароне хлопца трэшчыну.
Алесь бачыў вочы гарбуна, арганіста, Сыракомлі. Ва ўcix гэтых вачах жыла трывога. А Ходзька падаўся галавой наперад i цixa працадзiў:
Хіба не стала нашаму мужыку горш жыць пасля прыяднання да Расіі? Адразу салдатчына, павышэнне падаткаў…
Сыракомля нецярпліва перапыніў яго:
– Ходзька, гэта жорстка!… У маладога чалавека не столькі ведаў… I ягоныя перакананні…
Алесь узняў руку.
– Не трэба, пане Кандратовіч, – ён усміхнуўся. – Тое, што мне трэба, я ведаю добра. I перакананні ў мяне цвёрдыя i… аб-грун-таваныя, у адрозненне ад пана Ходзькі.
– То стала горш? – настойваў магнат.
Стала горш, – спакойна сказаў Алесь. – Акрамя старых паноў, нас з вaмi, з'явіліся новыя. Прычына гэтай галечы тое, што на ўсе старыя ланцугі павесілі яшчэ адзін, новы – грошы. А грошай у мужыка пры цяперашнім стане быць не можа. У яго адбірае ix тое, што страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце.
Чырвоныя плямы папаўзлі на шчоках у Ходзькі.
Што ж гэта такое, страшнейшае за ўсё? – цixa спытаў ён.
Алесь пабялеў ад хвалявання. А потым у цішу ўпала адно толькі слова:
– Прыгон!
Вочы ў Лізагуба звузіліся.
Стаяла цішыня. Алесь спяшаўся дагаварыць.
– Мы ніколі… – голас ягоны зазвінеў. – Чуеце? Мы ніко-лі не паддамося нi вам, нi немцам, нікому. І не таму, што мы не любім вас, а таму, што кожны чалавек мае права на роўнае шчасце з другім, а шчасце – толькі ў cвaiм доме.
– Панове, – перабіў Кіркор, – панове, уладаю гаспадара забараняю вам гэтую спрэчку.
Гарбун паклаў руку на плячо Алесю, паціснуў.
– У мяне ёсць дачка, Каміла, – сказаў ён. – Бог ты мой, якія вы падобныя!
У доўгай паўзе прагучаў самотны голас Сыракомлі:
– Якая ж гэта нязведаная парасць расце!
… Ён i Манюшка ішлі ў адну дарогу з Алесем i Усяславам, Лізагуб i Ходзька пайшлі асобна, хоць пэўны час ім было і па дарозе.
На рагу Святаянскай i Універсітэцкай Манюшка прытрымаў Алеся i паказаў яму налева, на касцельны гмах.
– Музыку любіш?
– Але.
– То прыходзь сюды. Я ведаю, табе нельга. Але унь там дзверы на хоры. Прыходзь падчас імшы i проста так. Я там часта. Музыка, князь, не ведае розніцы вераванняў.
Сыракомля маўчаў усю дарогу. Ягонае, маладое яшчэ, тонкае аблічча выглядала на хворае. Ён моўчкі хутаўся ў футра i нагадваў худую зябкую птушку.
I толькі на скрыжаванні, дзе абодвум старэйшым трэба было павярнуць налева, паэт паклаў руку на плячо Алесю:
– Я, пэўна, не дажыву. Але вам… Дай вам бог удачы…
ХХХ
Ужо самай раніцай наступнага дня, падымаючыся па сходах на другі паверх, Алесь адчуў штосьці нядобрае.
Можа, гэта было ў тым, што здаровая доўбня, Цыпрыян Дэмбавецкі, аднакласнік Алесеў, насуперак звычаю, адарваўся ад ежы і, калі Алесь праходзіў паўз яго, акінуў каламутным, нібы нежывым, позіркам. Гэта было дзіўна, бо Алесь, колькі быў у гімназіі, заўсёды помніў Цыпрыяна з бутэрбродам у руцэ.
А можа, няладнае было ў тым, што другі аднакласнік, Альберт Фан дэр Фліт, ледзь адказаў на паклон.
Усё гэта была лухта. І Цыпрыяну не вечна ж чамкаць, і Фан дэр Фліт, чалавек халодны і паглыблены ў свае думкі, заўсёды глядзіць нібы праз субяседніка. І, аднак, нешта нібы вісела ў паветры.
Але першым урокам была якраз літаратура. Выкладчык прыгожага пісьменства, перад тым як скончыць гімназічны курс, рабіў агляд сучаснай літаратуры, той, што не ўваходзіла ў праграму. І гэта было добра. Бо ён гаварыў, між іншым, і аб улюбёным Цютчаве. Пушкін – гэта, вядома, Элада паэзіі. Нібы ўся гармонія будучых стагоддзяў увасобілася ў адным. І ён любіў яго. Але трэба мець і нешта патаемнае, што любіш ты адзін. І ён любіў Цютчава.
І гэтыя, такія розныя, імёны сучаснікаў, і такое разнастайнае гучанне іхніх радкоў, падобнае то на мёд, то на ярасную пену прыбою, то на атруту, прымусіла Алеся забыцца на тое, падсвядомае, што папярэджвала.
Ён трымаў для сябе імя Цютчава доўга. У старых дзедавых часопісах адшукаў калісьці і адзначыў у памяці гэтыя незвычайныя радкі.
І “Вясеннюю навальніцу” ў “Галацеі”, і “Цэцэрона” з “Апошнім катаклізмам” у альманаху “Дзянніца”… Часам ён пазнаваў аблічча паэта і ў вершах, змешчанных пад ініцыяламі, і гэта было – нібы пазнаць блізкага сябра пад маскай.
Дзіўна было, што Алесь яшчэ не нарадзіўся, а паэт ужо адказаў на тыя пытанні, што пачынаюць мучыць яго, Загорскага, толькі цяпер.
74
Паходжання беларускага, нацыі польскай (лат.).