Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Классическая проза » Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]
Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]

Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм [в одном томе]». Краткое содержание книги:

Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» – гэта твор пра драматычныя падзеі нашай гісторыі, перадумовы паўстання 1863-64 гг. Пісьменнік стварыў яркі вобраз эпохі, якая дала свету і нашай Айчыне сапраўдных герояў, мужных барацьбітаў за волю. Маштабнасць задумы твора бачна ўжо ў назве твора, што мае сімвалічна-алегарычны сэнс. Галоўны герой рамана Алесь Загорскі разважае: «Бедныя, бедныя людзі! Як каласы, як трава пад сярпом тваім, грубая сіла».
1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 192
Перейти на страницу:

– Ён хто?

– Я яго кепска ведаю. Ведаю, што працуе арганістам у Святаянскім касцёле. Дзіўна, чаму ён тут бывае? Але тут, наогул, даволі разнамасны хаўрус.

– I прозвішча не ведаеш?

– Яно табе нічога не скажа. Манюшка.

Алесь усміхнуўся.

– Сапраўды, смешнае прозвішча… Нібыта маленькі манюка.

I раптам усплыла ў памяці размова дзвюх жанчын, якую выпадкова пачуў на вуліцы краёчкам вуха. Жанчыны былі ў глыбокай жалобе, i гэта – а таксама іхнія заплаканыя вочы, i маладосць, i пекната – прымусіла Алеся прыслухацца i запыніць.

– Грыма, – сказаў Алесь, – я чуў аднойчы, як святаянскага арганіста назвалі богам.

– Пэўна, касцельныя дэвоткі,- буркнуў Грыма.

– Ну, не кажы. Кожны горад гэта, брат, горад казак. Iдзe артылерыйскі паручнік, а ў патэнцыі ён – Напалеон. Памipae ў багадзельні стары, выкідаюць з-пад ягонага сенніка спісаную паперу. Потым частка гэтых паперак, разам з газетамі, трапляе між дзвярыма i цыратай, якою ix абабілі. А праз сто год мяняюць цырату i выпадкова знаходзяць паперкі, i тады выяўляецца, што ў багадзельні памёр найвялікшы паэт часу. Прырода любіць хаваць брыльянты i золата ў тленны глей i смешную абалонку.

– Разышоўся, – буркнуў Грыма.

– А можа, і сапраўды ў Святога Яна грае сам бог. Трэ было б схадзіць.

– А з гімназіі паляцець хочаш? За хаджэнне на каталіцкія набажэнствы?

А гаспадар тым часам ужо каціўся да ix.

– Нелюдні! Нелюдні! Сугнеі! Не могуць caмi пайсці туды, дзе iм цікава. То хадзем.

Падвёў ix да купкі людзей.

– Знаёмцеся. Пан Грыма, князь Загорскі.

У сярэдзіне колца сядзелі на канапе два чалавекі. Адзін, мужыкаваты, дзіклівы, яшчэ малады, глядзеў на хлопцаў з некаторым выклікам, нібы менавіта ад яго залежала, прыняць навічкоў у размову ці не.

Але галоўным у размове быў, відавочна, не ён.

На краёчку канапы, у кутку, сядзеў, зручна ўціснуўшыся мяккую падушку, нібы патануўшы ў ёй круглаватай фігуркай, маленькі дабрадушны гарбун. Горб у яго быў невялічкі і нагадваў бы лёгкую сутуласць, калі б толькі правае плячо не было вышэй за левае. Гэтая акалічнасць не зрабіла, відаць, ніякага дрэннага ўплыву на псіхічны склад гарбуна. На круглым мяккім абліччы блукала ўседаравальная, расчуленая ўсмешка. Гарбуну было год сорак пяць, але праставатыя блакітныя вочы, светла-русыя валасы, у якіх цяжка было заўважыць сівізну, румяны ўсмешлівы рот надавалі ягонаму абліччу добры, наіўны, у нечым дзяціны выраз.

Зірнуўшы на яго, нельга было не сказаць: “Ах, які добры чалавек!”

– А ото нашы два Вінцукі, – знаёміў гаспадар. – Абодва паэты. Абодва добрыя грамадзяне. Абодва добрыя мужы.

– Ну, проста хоць ікону з мяне пішы, – буркнуў мужыкаваты.

– Абодва добрыя патрыёты. Любяць радзіму. Любяць. Знаёмцеся.

– Каратынскі, – зноў жа з выклікам працягнуў Алесю руку мужыкаваты.

I Алесь падумаў, што гэты падкрэслены выклік – ад неабходнасці сцвярджаць сваю годнасць. Відаць, худародны. Можа, нават з сялян.

– Дунін-Марцінкевіч, – падаючы пульхную руку, мяккім голасам сказаў гарбун. – Прашу не блытаць з Марцінкевiчамi-Асановічамі i Марцінкевічамі-Мустафамі. Я пакуль што не татарын. Хаця? – I ён засмяяўся. – Татарынам тутэйшым быць, дальбог, нядрэнна. Мова – адна. “Кітаб” нічым не горшы за блажэннага Аўгустына. І жонак можна аж сем мець.

Ягонае кругленькае цела калыхалася ад дабрадушнага смеху.

– Ды ён яшчэ i вальтэр'янец, – заўважыў з карэктным гумарам Ходзька. – Будзеце адказваць на тым свеце, пане Вінцук.

– I не буду. I зусім не буду, – калыхаўся гарбун. – У жартах граху няма. І што ж, што татарын. Усякае дыханне хваліць пана бога.

Кіркору, відаць, было замала рэкамендацый, хаця для Алеся абодва паэты, як людзі, было ўжо зразумелыя.

– Абодва на гаворцы пішуць. На літоўска-мужыцкай.

Алесь звёў бровы:

– Па-беларуску, значыць?

Ходзька нахмурыўся. А вочы Марцінкевіча раптам, на адно імгненне, перасталі быць усмешлівыя, зірнулі на хлопца добразычліва, цвёрда.

“Эге, – падумаў Алесь. – Не такі ты, відаць, прасцячок, не такая божая душа. Ты, брат, дзе трэба, i характар можаш паказаць”. I супакоіўся, што знайшоў зразумелага i блізкага чалавека.

– Бачыце, – сказаў Ходзька. – Вось ён, першы плён вашай працы. 3'явіўся ўжо беларус, ды яшчэ i князь. Глядзіце, каб хутка не з'явілася яшчэ, замест мужыцкай гаворкі, нейкая беларуская мова.

– Я не чытаў твораў пана Марцінкевіча, – сказаў Алесь. – Але існаванне беларускай мовы не залежыць ад нашых з вамі жаданняў, пане Ходзька. Як яе ні называй, яна проста – icнye.

Непачцівы Грыма, як заўсёды, рэзнуў проста ў Ходзькавы вочы:

– Разважаеце вы, шаноўны пане, з багатай магнацкай званіцы. Гэтыя словы аб “гаворцы” нам у зубах навязлі. Вы тутэйшы, але, прабачце, чым тады гэтыя вашы разважанні адрозніваюцца ад разважанняў нябожчыка імператара?

Кіркор азірнуўся. Зyciм непрыкметна для іншых. I адразу супакоіўся, заўважыўшы, што ніхто не звярнуў yвaгi, што ўсе свае, што ўсе з цікавасцю чакаюць працягу спрэчкі.

Ходзька холадна сказаў:

– Я – паляк беларускага паходжання. Памятаючы гэта, вы не можаце ўпікнуць мяне ў чужой крыві, у нелюбові да зямлі, на якой я нарадзіўся, у няведанні гаворкі, на якой гавораць яе мужыкі. Я павінен яе ведаць, бо як тады іначай весцi гаспадарку. Выйдзе нешта накшталт непрыемнасці з вaвiлонскай вежай. Але, я лічу, гэтая гаворка зжыла сябе, як зжыла сябе яшчэ некалькі стагоддзяў назад беларуская ідэя. Нічога не зрабілі, акрамя войнаў i звад…

– Толькі Біблію адны з першых надрукавалі, – сказаў Алесь. – Першыя сярод усходніх славян.

У вачах Марцінкевіча Алесь заўважыў пыльную цікавасць.

– Можа, вы не будзеце мяне перабіваць? – сказаў Ходзька.

– Калі ласка, – сказаў Алесь. – Я проста ўдакладніў некаторыя не зусім… пэўныя пастулаты пана.

– Дык вось, – сказаў Ходзька. – Ідэя скампраметавала сябе.

– Або вы яе скампраметавалі, – буркнуў Грыма.

– Ажыўляць нябожчыкаў – гэта не справа гicторый. Мы проста адгалінаванне польскага племені, слабое, чэзлае, якое ідзе дарогаю апалячвання. І хоць гэтай гаворкай гавораць пяць мільёнаў, але яна проста “рабочая мова”, каб работнікі рознага паходжання разумелі адзін аднаго.

– Пяць мільёнаў!… Цi не занадта многа для “рабочай гаворкі”? – сказаў Алесь.

– Я паважаю вашы пачуцці, – сказаў Ходзька. – Але цi не занадта вы малады, каб…

– Чакайце, – сказаў са свайго кута Сыракомля. – Гэта забаронены ўдар.

– Чаму забаронены? – умяшаўся Лізагуб. – Мы сапраўды яшчэ мала ведаем у параунанні з панам Ходзькам.

– Малады чалавек, – сказаў Сыракомля. – Веды i вера ў радзіму – розныя рэчы.

– Магчыма, пане Кандратовіч, – у голасе Лiзaгуба прарвалася непрыязная нотка. – Я проста кажу, што некарэктна перапыняць старэйшага госця.

Ходзька кінуў на яго ўхвальны позірк:

– Я ўдзячны вам. Не турбуйцеся. У мяне яшчэ няма старэчага маразму.

– Паважаю пана, – сказаў Лізагуб. – Але дадам толькі адно. Брыдка, калі адукаваны чалавек, князь, пачынае насіць лапці праз нейкія там меркаванні. Гаворка гэтая для людзей вашай культуры – тое самае, што лапці замест чаравікаў.

– Глупства, – раптам сказаў Марцінкевіч. – Выходзіць, я лапцюжны паэт? I пан Кандратовіч таксама?

– Не звяртайце ўвaгi, – нервова сказаў Сыракомля. – Я не хачу пакрыўдзіць пана Лізагуба, сказаўшы, што яго словы – праява злачыннай абыякавacці да перакананняў.

I замкнуўся, нервова перабіраючы брэлокі. Лізагуб, на знак павагі да слоў паэта, схіліў галаву.

Усім было трохі някавата. Алесь бачыў, што ўсе глядзяць на яго. Нават Манюшка кінуў сваю каву i ўглядаўся, мружачы добрыя вочы.

– Я адкажу спачатку пану Марцінкевічу, – сказаў Ходзька. – Не, я не кажу, што ваша паэзія лапцюжная. Я з прыемнасцю слухаю вашы ідыліі. Ваша “Сялянка” – гэта добра.

– Калі-небудзь я напішу такую ідылію, што вы не будзеце ведаць, куды схавацца ад людскога смеху, – буркнуў гарбун.

1 ... 72 73 74 75 76 77 78 79 80 ... 192
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)