Замежная фантастыка
- Автор: Буль Пьер, Альдани Лино
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00278-0
- Переводчик: Алесь Асташонак
- Жанр: Научная фантастика
Электронная книга - «Замежная фантастыка». Краткое содержание книги:
— Вы хочаце сказаць, што я ўвесь час буду знаходзіцца пад наглядам? — абурана ўсклікнула міс Фэлоўз, раптам успомніўшы, як яна сама разглядала з балкона ўнутраную частку памяшкання.
— Ды не, — сур'ёзна запэўніў яе Хоскінс, — мы гарантуем, што ніводзін старонні назіральнік не будзе сведкам вашага прыватнага жыцця. Усе аб'екты ў выглядзе электронных сімвалаў перадаюцца вылічальнай машыне, і толькі яна будзе мець з імі кантакт. Вам давядзецца правесці з ім гэтую ноч, міс Фэлоўз, а таксама ўсе наступныя, да асобага распараджэння. Мы дамо вам некалькі вольных гадзін днём і нават мажлівасць самой зрабіць іх расклад паводле вашых асабістых патрэб.
Міс Фэлоўз здзіўлена абвяла позіркам лялечны домік.
— А навошта ўсё гэта, доктар Хоскінс? Хіба хлопчык небяспечны?
— Ведаеце, міс Фэлоўз, справа ўся тут у энергіі. Ён ніколі не павінен пакідаць гэтага памяшкання. Ніколі. Ні на секунду. Ні з якой нагоды, нават калі ад гэтага будзе залежаць яго жыццё. Нават дзеля таго, каб уратаваць ваша жыццё, міс Фэлоўз. Вы зразумелі мяне?
Міс Фэлоўз горда ўскінула галаву.
— Я ведаю, што такое загад, доктар Хоскінс. Медыцынская сястра прывыкла да таго, каб у імя абавязку ахвяраваць сваёй бяспекаю.
— Выдатна. Вы заўсёды зможаце прасігналізаваць, калі вам што-небудзь спатрэбіцца. І мужчыны пакінулі Стасіс.
Азірнуўшыся, міс Фэлоўз убачыла, што хлопчык, не дакранаючыся да малака, па-ранейшаму не спускае з яе насцярожанага позірку. Яна паспрабавала жэстамі паказаць яму, як падняць сподак да рота. Ён не пераняў яе прыкладу, аднак на гэты раз, калі яна дакранулася да яго, ён ужо не закрычаў.
Яго перапуджаныя вочы ні на секунду не пераставалі сачыць за ёй, ловячы кожны яе рух. Яна раптам заўважыла, што інстынктыўна спрабуе супакоіць яго, паволі набліжаючы руку да яго валасоў, аднак каб рука яе была ўвесь час у полі зроку. Тым самым яна давала яму зразумець, што ў гэтым жэсце не крыецца ніякая небяспека.
І ёй удалося пагладзіць яго па галаве.
— Я хачу паказаць табе, як карыстацца прыбіральняй, — сказала яна. — Як ты лічыш, ты зможаш гэтаму навучыцца?
Гаварыла яна вельмі мякка і асцярожна, вельмі добра ўсведамляючы, што ён не зразумее ніводнага слова, аднак спадзеючыся на тое, што сам гук яе голасу супакоіць яго.
Хлопчык зноў зацмокаў языком.
— Можна ўзяць цябе за руку? — спыталася яна.
Яна працягнула яму абедзве рукі і замерла ў чаканні. Рука дзіцяці паволі пасунулася насустрач яе руцэ.
— Правільна, — крыкнула яна.
Калі рука хлопчыка была ўжо за нейкі дзюйм ад яе рук, смеласць пакінула яго, і ён адхапіў сваю руку назад.
— Ну што ж, — спакойна сказала міс Фэлоўз, — пазней мы паспрабуем яшчэ раз. Табе не хочацца пасядзець? — яна паляпала рукою па ложку.
Марудна цягнуўся час, яшчэ больш марудна рухалася выхаванне дзіцяці. Ёй не ўдалося прывучыць яго ні да прыбіральні, ні да ложка. Калі хлопчыку відавочна захацелася спаць, ён апусціўся на голую падлогу і хуценька шмыгануў пад ложак. Яна нагнулася, каб зірнуць на яго, і з цемры на яе ўтаропіліся два агністыя вокі, і яна пачула знаёмае прыцмокванне.
— Ну, добра, — сказала яна, — калі ты адчуваеш сябе там у большай бяспецы, можаш спаць пад ложкам.
Яна прыкрыла дзверы спальні і падалася ў сама вялікі з трох пакояў, дзе ёй быў падрыхтаваны ложак, над якім па яе просьбе нацягнулі часовы тэнт.
«Калі гэтыя дурні хочуць, каб я тут і начавала, — падумала яна, — яны павінны павесіць люстэрка, памяняць шафу на больш ёмістую і абсталяваць асобны туалет».
Яна ніяк не магла заснуць, міжволі напружвала слых, каб толькі не прапусціць ніводнага гуку з суседняга пакоя. Яна пераконвала сябе, што дзіця не можа само выбрацца з дому, але, нягледзячы на гэта, яе грызла сумненне. Абсалютна гладкія сцены былі, безумоўна, вельмі высокія, але раптам хлопчык лазіць, як малпа. Зрэшты, Хоскінс запэўніў яе, што за ўсім тым, што адбываецца ўнізе, назіраюць спецыяльныя прыборы.
Нечакана ёй прыйшла ў галаву новая думка: а што, калі хлопчык усё-такі небяспечны? Небяспечны ў сама літаральным сэнсе гэтага слова. Не, Хоскінс не стаіў бы гэтага ад яе, не пакінуў бы яе тут адну, калі б…